Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разбор палётаў: Лукашэнка не выглядаў пераможцам


Аляксандар Лукашэнка

Нявырашанасьць унутрыбеларускага канфлікту вядзе да таго, што ён трансфармуецца ў крызіс рэгіянальнай бясьпекі, вядзе да росту міжнароднай напружанасьці.

Сьцісла:

  • Усё сьведчыць пра надзвычайнасьць сытуацыі, у якой апынулася краіна.
  • Мяркую, Лукашэнка плянаваў выйсьці да публікі ў вобразе пераможцы, які правёў такую крутую апэрацыю. Але нешта пайшло ня так.
  • Падаецца, што галоўны сэнс ягонага выступу палягаў у тым, каб апраўдацца.
  • Не было ніякіх заўважных намёкаў на магчымасьць кампрамісу, дыялёгу, разрадкі напружанасьці ў адносінах з Захадам.

Лукашэнка ня часта прыходзіць у парлямэнт. Сёлета не было ягонага традыцыйнага пасланьня Нацыянальнаму сходу і народу. А такая форма звароту да грамадзтва з трыбуны парлямэнту ў зьвязку зь нейкімі незвычайнымі падзеямі, здаецца, увогуле ўжываецца ўпершыню.

Таксама варта зьвярнуць увагу, што ні БТ, ні дзяржаўнае радыё не трансьлявалі выступ у жывым эфіры. І ўсьлед за Лукашэнкам выступілі прэм’ер-міністар, міністар замежных спраў, старшыня КДБ. Усё гэта сьведчыць пра надзвычайнасьць сытуацыі, у якой апынулася краіна.

Цяпер што да зьместу выступу. Мяркую, Лукашэнка плянаваў выйсьці да публікі ў вобразе пераможцы, які правёў такую крутую апэрацыю. Але нешта пайшло ня так. Відаць, на такую жорсткую рэакцыю міжнароднай супольнасьці ў зьвязку з пасаджаным у Менску самалётам беларускае кіраўніцтва не разьлічвала.

Таму пераможцам Лукашэнка не выглядаў. Падаецца, што галоўны сэнс ягонага выступу палягаў у тым, каб апраўдацца. Ён апраўдваўся. Але ў сваім звыклым стылі. Гэта было апраўданьне ў выглядзе агрэсіўнай атакі супраць Захаду. Тут быў выкарыстаны ўвесь ідэалягічны арсэнал, які беларускія ўлады ўзялі на ўзбраеньне з 9 жніўня мінулага году: маўляў, Беларусь стала для Захаду нязручным прыкладам барацьбы з ковідам; «беларуская дзяржава ў зародку задушыла хвалю нэанацызму»; Беларусь — толькі кароткае зьвяно ў барацьбе Захаду з Расеяй; ціск Захаду можа прывесьці да вайны. І далей у такім жа рэчышчы. А ўвогуле, «уся эскаляцыя з боку Захаду — гэта іх зайздрасьць, бясьсільле і злосьць».

Не было ніякіх заўважных намёкаў на магчымасьць кампрамісу, дыялёгу, разрадкі напружанасьці ў адносінах з Захадам. Такое ўражаньне, што курс на эскаляцыю канфлікту — гэта адзіны шлях, які сёньня бачыць афіцыйны Менск.

Прагучаў і трохі незвычайны тэзіс: «У гэтай вайне Беларусь не разьлічвае на перамогу». Гэта трохі нечаканае прызнаньне. Тут выяўляецца пэўная безнадзейнасьць, наканаванасьць лёсу, адсутнасьць наперадзе добрых пэрспэктываў.

Што тычыцца самой гісторыі з самалётам, то тут не прагучала нечага прынцыпова новага. Хіба што зацікавіла вось такая фраза: «У самалёце знаходзіўся тэрарыст, і пра гэта ведалі далёка за межамі Беларусі». Значыць, і ў Беларусі ведалі, што Пратасевіч знаходзіцца на борце? А паводле афіцыйнай вэрсіі, вылучанай у дзень здарэньня, беларускія ўлады выпадкова высьветлілі, што гэты чалавек аказаўся сярод пасажыраў.

Галоўная ж выснова з усёй гэтай гісторыі такая: нявырашанасьць унутрыбеларускага крызісу вядзе да таго, што ён трансфармуецца ў крызіс рэгіянальнай бясьпекі, вядзе да росту міжнароднай напружанасьці. І без вырашэньня канфлікту ўнутры краіны немагчыма спыніць эскаляцыю ў рэгіёне.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG