Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 14 чэрвеня можна падаць заяўку на журналісцкую стыпэндыю імя Вацлава Гаўла

абноўлена

Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода абвясьціла аб пачатку прыёму заявак на журналісцкую стыпэндыю імя Вацлава Гаўла на 2021–2022 акадэмічны год.

ПАДАЦЬ ЗАЯЎКУ

Заяўкі будуць прымаць да 14 чэрвеня 2021 году праз пададзены вышэй лінк. Заяўка складаецца са зьвестак аб удзельніку, матывацыйнага ліста, трох узораў работ, двух рэкамэндацыйных лістоў, рэзюмэ і «Ліста да Вацлава Гавэла». У свой час Вацлаў Гавэл, знаходзячыся ў зьняволеньні, пісаў сваёй жонцы лісты. Пазьней яны былі выдадзеныя як кніга «Лісты да Вольгі».

Узяць удзел у праграме могуць журналісты зь Беларусі, Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Малдовы, Расеі і Ўкраіны. Стыпэндыяты, якія пройдуць адбор, атрымаюць магчымасьць стажавацца ў рэдакцыях галоўнага офісу РСЭ/РС у Празе, супрацоўнічаючы з дасьведчанымі журналістамі. Стажаваньне будзе доўжыцца ад 3 студзеня да 31 ліпеня 2022 году.

Мэта стыпэндыі імя Вацлава Гаўла — падтрымка пэрспэктыўных журналістаў з краінаў, дзе ёсьць праблемы з вольнымі і незалежнымі сродкамі інфармацыі. «Стымулам да стварэньня праграмы стала вера былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла ў ролю журналістыкі як трансфарматара рэпрэсіўных рэжымаў», — адзначаюць ініцыятары прэміі.

  • У 2011–2012 гадах стыпэндыятам прэміі імя Вацлава Гаўла ад Беларусі быў Франак Вячорка.
  • У 2014–2015 гадах стыпэндыятам стала Ганна Любакова, якая працавала на тэлеканале «Белсат».
  • У 2015–2016 гадах стыпэндыю атрымаў блогер, экспэрт у сацыяльных мэдыя Ігар Лосік.
  • У 2017–2018 гадах стыпэндыю атрымаў журналіст і блогер Раман Пратасевіч.
  • У 2019-2020 гадах стыпэндыяткай была журналістка Наста Бойка, якая працавала на «Эўрарадыё».
  • У 2020–2021 гадах стыпэндыю атрымаў журналіст тэлеканалу «Белсат» Вітаўт Сіўчык.

Больш падрабязная інфармацыя пра заяўку на стыпэндыю імя Вацлава Гаўла ТУТ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG