Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвяры сілавікоў: іх нашмат больш, чым мы думаем


Фрагмэнт перадсьмяротнай запіскі, якую напісаў грамадзянін Расеі, жыхар Лоева (Гомельская вобласьць) Сяргей Барысаў. У сьнежні 2018 году з прычыны высылкі зь Беларусі ён ўчыніў самагубства

Калі «за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» затрымалі адну маю знаёмую, да яе дамоў прыйшлі з ператрусам. Дома ж была толькі вельмі немаладая маці, і пасьля такога сюрпрызу ад уладаў у яе рэзка пагоршылася здароўе, і яна зусім перастала хадзіць.

17-гадовага Цімура сілавікі пабілі так моцна, што мэдыкам давялося ўвесьці хлопца ў штучную кому. Юнак выжыў, і празь некалькі тыдняў яго выклікалі ў Сьледчы камітэт, адкуль ён зноў трапіў у рэанімацыю. Яшчэ празь некалькі тыдняў ягоная маці памерла.

Колькасьць пацярпелых і ахвяраў падаўленьня пратэстаў у Беларусі — нашмат большая, чым прынята лічыць. Мы ж звычайна як падлічваем? Бяром тыя сьмерці, інфармацыя пра якія трапіла ў СМІ і пра якія мы больш-менш дакладна ведаем, што яны зьвязаныя зь дзеяньнямі сілавікоў. Але ж так шмат застаецца за кадрам!

Колькі інфарктаў і інсультаў за гэтыя месяцы былі выкліканыя дзяржаўным гвалтам і тэрорам? Колькі сваячак і сваякоў палітвязьняў памерлі, бо ня вытрымалі ціску і не маглі далей жыць у сьвеце, дзе іх родных катуюць? Якой колькасьці людзей давялося ўпершыню зьвярнуцца да псыхатэрапэўта ці псыхіятра праз сымптомы посттраўматычнага разладу? Наколькі пагоршылася сытуацыя з хатнім гвалтам, бо злосьць, выкліканую беззаконьнем, некаторыя выліваюць на сваіх родных?

Наўрад ці можна нават прыблізна палічыць колькасьць людзей, так ці інакш пацярпелых ад здушэньня пратэстаў. І колькі чалавек заўчасна памерла, бо іх арганізмы не маглі больш трываць гэты стрэс, мы таксама ня можам ведаць. Але дакладна вядома, што Людміла Хлусевіч цяпер на мяжы самагубства і што ў сваёй будучай сьмерці яна вінаваціць дзяржаву.

Людміле 65 гадоў, яна змагаецца з анкалягічнай хваробай. За апошнія паўгода яна прайшла празь ператрус, прыблізна 10 допытаў, праверку ў адной крымінальнай справе і стала абвінавачанай у іншай справе. Яна займела штодзённыя панічныя атакі, праблемы са сном, трывожнасьць, гіпэртанічныя крызы і страціла 9 кіляграмаў. І ўвесь ціск і перасьлед дзяржава лічыць адэкватнай рэакцыяй на тое, што жанчына меркавана пакінула абразьлівы камэнтар у адной сацыяльнай сетцы на адрас міліцыянта.

Цяпер, у чаканьні суду, яна напісала перадсьмяротны ліст: «Вінаватай у маёй сьмерці прашу лічыць дзяржаву. Так больш жыць не магу. Маё здароўе і жыцьцё давялі да сьмерці. Я была хворая, яны пагоршылі мой стан. Дажыла да пэнсіі, такіх зьдзекаў і катаваньняў ня вытрымала. Жыла сумленна, ня крала, не забівала. Мяне забілі, давялі да сьмерці. Хай усе даведаюцца: мае блізкія, знаёмыя, родныя і сябры».

Я вельмі спадзяюся, што Людміла ўсё ж будзе жыць яшчэ доўга і ў добрых умовах, але ў цэлым баюся, што ў найбліжэйшы час нам варта чакаць хвалі самагубстваў, і што гісторыя Дзьмітрыя Стахоўскага, які скокнуў з вакна, — гэта толькі пачатак. Пра сувязь шмат якіх будучых самагубстваў з падаўленьнем пратэстаў мы і ведаць ня будзем — нехта не пакіне перадсьмяротнага ліста, пра кагосьці СМІ і тэлеграм-каналы вырашаць не расказваць, каб не выклікаць эфэкт Вэртэра — хвалю перайманьняў вядомага самагубства.

Якімі б жахлівымі ні выглядалі цяперашні сьпіс палітвязьняў, статыстыка па адміністрацыйных справах паводле палітычных артыкулаў і сьпіс людзей, чые сьмерці зьвязваюць з падаўленьнем пратэсту, гэта ўсё хіба малая частка агульнай карціны, якую мы цалкам ніколі і ня ўбачым. А калі б убачылі, дык ня факт, што здолелі б далей з гэтым жыць.

А жыць трэба.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG