Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Доказаў маёй віны няма». Як праходзіў закрыты суд над удзельнікам выбараў Уладзімерам Няпомняшчых


Уладзімер Няпомняшчых. Гомель, 24 кастрычніка 2017 году.

Пра абставіны суду Ўладзімер Няпомняшчых распавёў у лісьце сваёй прыяцельцы, жыхарцы Гомля.

7 красавіка суд у закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА пакараў пэнсіянэра МУС, актывіста АГП Уладзімера Няпомняшчых пазбаўленьнем волі на два з паловай гады. Нібыта за абразу і пагрозы памочніку пракурора Алесі Жураўлёвай.

Што піша палітвязень пра свой закрыты суд

У першых радках Уладзімер зазначае, што атрымаў вельмі шмат лістоў падтрымкі «са ўсёй нашай шматпакутнай Беларусі і ня толькі». Ёсьць лісты з Кіпру, ЗША і Фінляндыі. «У Фінляндыю нават у госьці запрасілі. Ва ўсім кепскім ёсьць нешта і добрае. Вось колькі ў нас выдатных, неабыякавых людзей!», — піша палітвязень.

Уладзімер Няпомняшчых зазначае, што ў матэрыялах крымінальнай справы адсутнічаюць хоць якія доказы ягонай віны.

«Толькі словы дзьвюх сябровак-рагатушак (памочніцы пракурора і яе калегі. — РС). Нават на гуказапісе (аднаго з гомельскіх журналістаў. — РС) нічога няма. Хоць ён знаходзіўся на судзе побач са мной. Запіс яго быў безь перапынку і мантажу. То бок поўны нуль! Таму гэта ня суд, а звычайнае судзілішча. Суд, як ты ведаеш, быў закрыты і ў будынку СІЗА. Нікога са сьведак з майго боку не было. Толькі судзьдзя, пракурор, адвакат і так званая пацярпелая і ейная калега», — напісаў Уладзімер Няпомняшчых.

Ён дадае, што «раней жыў насупраць СІЗА, цяпер — насупраць свайго дома. Вось як склалася» (кватэра Ўладзімера якраз насупраць турмы. — РС).

Як каралі былога міліцыянэра і ўдзельніка выбараў 2020 году

68-гадовага жыхара Гомля абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 Крымінальнага кодэксу) і пагрозе гвалту ў адрас службовай асобы (артыкул 366). Апроч турэмнага тэрміну, на карысьць пакрыўджанай пракуроркі Алесі Жураўлёвай суд пастанавіў спагнаць з асуджанага 1000 рублёў.

Улетку Ўладзімер Няпомняшчых зьбіраў подпісы ў сваю падтрымку як магчымага кандыдата на прэзыдэнта. Кампанію збору подпісаў ён выкарыстоўваў для правядзеньня легальных пікетаў. Подпісаў не здаваў.

Увосень актывіст АГП некалькі разоў трапляў на «суткі». Першы раз за тое, што ў складзе групы асобаў насіў калектыўны зварот у міліцыю і СК з патрабаваньнем разабрацца зь міліцэйскім гвалтам. Міліцыя трактавала такі паход як «несанкцыянаванае мерапрыемства» і пакарала пэнсіянэра МУС «суткамі».

Другі раз Уладзімер Няпомняшчых трапіў на «суткі», калі вывесіў на сваім акне плякат «М...ра хуже г...на». Гэта таксама было трактавана як пікет, і актывіст АГП зноў атрымаў арышт. Пасьля адбыцьця пакараньня Няпомняшчых павесіў на акне новы плякат, са словамі: «М...ра лучше г...на, но не намного».

У лістападзе 2020 году Няпомняшчых прысутнічаў на судзе над Георгіем Васіленкам, які замяніў на плошчы Леніна чырвона-зялёны сьцяг на бел-чырвона-белы. Пасьля прысуду, па інфармацыі абвінавачаньня, Уладзімер нібыта выказаў пагрозы ў бок пракуроркі.

«Сам Уладзімер Міхайлавіч кажа, што ня памятае таго моманту і ня памятае, каб выказваў пагрозы. Адзінае, што ён сказаў, гэта агульную фразу кшталту „Арганізаваная злачынная групоўка“ ці „Вы за ўсё адкажаце“, і то ня адрасна ў бок пракурора», — удакладняў раней адвакат.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG