Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя дасьледаваньні: імунітэт да каранавірусу можа захоўвацца гадамі


Атрыманыя навукоўцамі дадзеныя абвяргаюць засьцярогі аб тым, што абарона ад вірусу недаўгавечная.

Паводле двух новых дасьледаваньняў, імунітэт да каранавірусу захоўваецца ня менш за год, а, магчыма, і пажыцьцёва. Больш за тое, зь цягам часу ён умацоўваецца, асабліва пасьля вакцынацыі, піша амэрыканская The New York Times.

Падчас абодвух дасьледаваньняў вывучалі людзей, якія заразіліся каранавірусам каля году таму. Паводле аднаго з дасьледаваньняў, апублікаваным у часопісе Nature, клеткі, што захоўваюць памяць пра вірус, застаюцца ў касьцявым мозгу і могуць прадукаваць антыцелы, калі ў іх узьнікае патрэба.

Іншае дасьледаваньне, вынікі якога апублікаваныя на партале BioRxiv (сайт біялягічных дасьледаваньняў), паказала, што гэтыя так званыя B-клеткі памяці працягваюць высьпяваць і ўмацоўвацца на працягу як мінімум 12 месяцаў пасьля першапачатковага заражэньня.

Абодва дасьледаваньні паказалі, што большасьці людзей, якія перахварэлі на COVID-19 і пасьля былі вакцынаваныя, не спатрэбіцца паўторная імунізацыя. Аднак прышчэпленыя людзі, якія раней не хварэлі, хутчэй за ўсё, будуць мець патрэбу ў дадатковых прышчэпках. Тое самае тычыцца і невялікай колькасьці людзей, якія хварэлі на COVID-19, але ў іх не сфармаваўся ўстойлівы імунны адказ.

«Гэтыя вынікі адпавядаюць растучаму аб’ёму іншых мэдычных публікацый, аўтары якіх мяркуюць, што імунітэт, выкліканы інфэкцыяй і вакцынацыяй супраць SARS-CoV-2, зьяўляецца доўгачасовым», — сказаў The New York Times імуноляг з Пэнсыльванскага ўнівэрсытэту Скот Хэнслі.

Новыя вынікі навукоўцаў могуць разьвеяць асьцярогі, што імунітэт да SARS-CoV-2 хутка зьнікае, як у выпадку са звычайнымі «прастуднымі» каранавірусамі. Але тыя вірусы, кажа доктар Хэнсьлі, істотна зьмяняюцца кожныя некалькі гадоў.

«Прычына, па якой мы на працягу ўсяго жыцьця часта заражаемся звычайнымі каранавірусамі, можа быць больш зьвязаная з варыяцыямі гэтых вірусаў, а не з імунітэтам», — мяркуе Хэнсьлі.

Паводле імуноляга з Унівэрсытэту Ракфэлера ў Нью-Ёрку Мішэля Нусэнцвэйга (узначальваў дасьледаваньне высьпяваньня клетак памяці), В-клеткі, што зьяўляюцца ў адказ на заражэньне SARS-CoV-2 і ўзмацняюцца вакцынацыяй, настолькі магутныя, што перашкаджаюць нават варыянтам каранавірусу. Гэта выключае неабходнасьць у дадатковых прышчэпках.

«У людзей, што перанесьлі інфэкцыю, а пасьля прышчапіліся, выпрацоўваецца сапраўды магутны адказ, магутны набор антыцелаў, колькасьць якіх пасьля павялічваецца. Я чакаю, што яны захаваюцца надоўга... А людзям, якія не хварэлі на COVID-19 і былі прышчэпленыя, у канчатковым выніку можа спатрэбіцца рэвакцынацыя», — лічыць доктар Нусэнцвэйг.

Пры першай сустрэчы зь вірусам В-клеткі хутка размнажаюцца і выпрацоўваюць антыцелы ў вялікіх колькасьцях. Як толькі вострая інфэкцыя праходзіць, невялікая колькасьць клетак асядае ў касьцявым мозгу, пастаянна прадукуючы невялікія ўзроўні антыцелаў.

Каб вывучыць В-клеткі памяці, дасьледчыкі пад кіраўніцтвам Алі Элэбэды з Вашынгтонскага ўнівэрсытэтау ў Сэнт-Луісе прааналізавалі кроў 77 чалавек з трохмесячны інтэрваламі, пачынаючы прыкладна празь месяц пасьля іх заражэньня каранавірусам. Толькі 6 з 77 былі шпіталізаваны ў сувязі з COVID-19; у астатніх былі памяркоўныя сымптомы. Узроўні антыцелаў у гэтых людзей упалі праз чатыры месяцы пасьля заражэньня і працягвалі павольна зьніжацца на працягу некалькіх месяцаў пасьля гэтага. Такія вынікі адпавядаюць вынікам іншых дасьледаваньняў у сьвеце.

Некаторыя навукоўцы спрабавалі інтэрпрэтаваць гэта як прыкмету аслабленьня імунітэту, але, на думку іншых, гэта менавіта тое, што і трэба было чакаць. Калі б кроў ўтрымлівала ў сабе вялікую колькасьць антыцелаў да ўсіх патагенаў, зь якімі сутыкаўся арганізм, яна б хутка ператварылася ў жэле.

Замест гэтага ўзровень антыцелаў у крыві рэзка падае пасьля вострай інфэкцыі, у той час як В-клеткі памяці захоўваюцца ў касьцявым мозгу і гатовыя да дзеяньня ў любую хвіліну, калі гэта спатрэбіцца.

Высьветлілася таксама, што па меры таго, як В-клеткі памяці разьвіваюцца, антыцелы, што яны прадукуюць у невялікіх колькасьцях увесь час пакуль чалавек здаровы, разьвіваюць у сабе здольнасьць нэўтралізаваць больш шырокую групу варыянтаў каранавірусу. Гэта і ёсьць абарона арганізму ад мутацый каранавірусу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG