Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самаму малодшаму 4 гады. Хто яны — шматдзетныя маці, якіх перасьледуюць у Беларусі «за палітыку»?


Ня менш як на чатырох шматдзетных маці ў Беларусі завялі крымінальныя справы з палітычных прычын. Трое зь іх за кратамі. Расказваем пра гэтых жанчын.

Вольга Залатар

Вольгу затрымалі, калі яна везла 10-гадовую дачку ў музычную школу. Дома зрабілі ператрус. У міліцыі заявілі, што жанчыну затрымалі «за актыўную пратэставую дзейнасьць», бо яна нібыта была адміністратаркай мясцовага дваровага чата і арганізоўвала несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы: чаяваньні, прагулкі, канцэрты. Ёй прад’явілі абвінавачаньне паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэксу.

Праз 2 тыдні пасьля затрыманьня адвакаты выявілі ў Вольгі сінякі на руках, шыі, ягадзіцах. Яна заявіла пра катаваньні падчас допытаў. У ГУБАЗіК у яе патрабавалі разблякаваць прылады і перадаць усе датычныя да яе зьвесткі. Яна вырашыла скарыстацца правам ня сьведчыць супраць сябе. Пасьля гэтага, па словах Залатар, яе білі па патыліцы і ягадзіцах, выломвалі рукі, прыціскалі галаву да зямлі.

Тацяна Канеўская

Тацяну разам з паплечнікамі абвінавацілі ў тым, што яны «плянавалі масавыя беспарадкі і захоп будынкаў», а таксама «стварылі тэлеграм-канал і Youtube-канал „Страна для жизни“». Віны яны не прызналі.

Канеўская стала актывісткай праз сына, якога пасадзілі па «наркатычным артыкуле». Разам з ініцыятывай «Маці-328» пасьля гадоў змаганьня і галадовак яны дамагліся, каб ніжнія парогі пакараньня па артыкуле 328 КК зьнізілі.

Некалькіх сыноў Канеўскай затрымлівалі на адміністрацыйныя суткі. Сярэдняга сына Дзьмітрыя цяпер судзяць за «распальваньне варажнечы» за выказваньне ў дачыненьні да сілавікоў. Яму пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

Алена Маўшук

Алену затрымалі пасьля пратэстаў у Пінску ноччу 10 жніўня. Па словах сукамэрніцы, яе пасадзілі «голую, босую, зьбітую», на целе ў Маўшук былі сінякі. Яе паставілі на ўлік як «схільную да захопу адміністрацыі і праяваў агрэсіі». Мужа Алены Сяргея таксама асудзілі на 6,5 года зьняволеньня. Пасьля прысуду яго ўзялі пад варту, дагэтуль ён заставаўся на волі.

10-гадовую дачку Алены спачатку забралі ў прытулак, бо муж Алены ёй айчым, а ня бацька. Потым дзяўчынку аддалі з прытулку пад апеку хроснай. Малодшую 5-гадовую дачку Маўшукоў рыхтуюцца ўзяць пад апеку сваякі. Пакуль яна жыве са сваёй старэйшай сястрой.

Калі Алена пачула, што пракурор просіць для яе 6 гадоў калёніі, напісала ў сшытку «Я павешуся» і паказала ў залю.

Тацяна Гацура-Яворская

Тацяну затрымалі разам зь іншымі арганізатаркамі выставы «Машына дыхае, а я — не» аб працы мэдыкаў у пандэмію каранавірусу. Санстанцыя і МНС знайшлі на выставе парушэньні і прымусілі закрыць яе дачасна. Гацуру-Яворскую прызналі палітзьняволенай, калі яна сядзела на «Валадарцы».

Мужа Тацяны Ўладзімера Яворскага, які мае ўкраінскае грамадзянства, прымусілі зьехаць з краіны пад пагрозай дэпартацыі. Ён вывез ва Ўкраіну іхняга малодшага сына, бо Тацяна на той момант яшчэ ня выйшла зь СІЗА, дзіця маглі забраць у прытулак. Па словах Уладзімера, да яго сілавікі падчас размовы стасавалі гвалт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG