Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хочуць зламаць яе волю і дамагчыся поўнага падпарадкаваньня». Натальлю Хершэ трымаюць у карцары


Натальля Хершэ

Упраўленьне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Гомельскай вобласьці паведаміла, што грамадзянку Швайцарыі, палітзьняволеную Натальлю Хершэ, зьмясьцілі ў карцар.

Пра гэта гаворыцца ў лісьце, які атрымаў брат палітзьняволенай Генадзь Касьян. Генадзь зьвярнуўся да начальніка ўпраўленьня падчас «прамой» тэлефоннай лініі.

Натальля Хершэ, паводле начальніка ўпраўленьня Палякова, «дапускае парушэньні вызначанага парадку адбыцьця пакараньня» і за гэта прыцягваецца да дысцыплінарнай адказнасьці, сярод іншага «ў выглядзе зьмяшчэньня ў штрафны ізалятар». Натальлю Хершэ зьмяшчалі ў штрафны ізалятар з 6 па 23 траўня.

«Апроч таго, з 24 траўня яна зноў зьмешчаная ў штрафны ізалятар, у сувязі з чым ня мае магчымасьці накіроўваць лісты і ажыцьцяўляць тэлефонныя размовы», — гаворыцца ў лісьце.

У Натальлі канфіскавалі газэту «Новы час» і зьнішчылі частку лістоў

Асуджаным, якіх зьмясьцілі ў штрафны ізалятар, забараняюцца

  • доўгія і кароткатэрміновыя спатканьні,
  • тэлефонныя размовы,
  • набыцьцё харчоў і прадметаў першай неабходнасьці,
  • атрыманьне пасылак, перадач, бандэроляў і дробных пакетаў,
  • адпраўленьне і атрыманьне лістоў.

Паводле начальніка ўпраўленьня, вязьням дазваляецца «без абмежаваньняў» падпісвацца на газэты і часопісы за кошт уласных сродкаў звыш сум, якія вызначаны для выдаткоўваньня на харчы і прадметы першай неабходнасьці. Індывідуальная падпіска арганізуецца адміністрацыяй установы.

Паводле начальніка ўпраўленьня, Натальля Хершэ не афармляла падпіскі ў папраўчай калёніі № 4.

13 і 28 красавіка ў Натальлі Хершэ забралі тры нумары (№ 13, 14 і 16) газэты «Новы час», паводле начальніка ўпраўленьня, «у сувязі з наяўнасьцю ў апошніх інфармацыі па тэксьце, якая прапагандуе распальваньне нацыянальнай варожасьці, гвалту і жорсткасьці».

Забраныя газэты ня зьнішчылі, а перадалі на склад доўгага захоўваньня асабістых рэчаў, якія Натальлі Хершэ выдадуць пры вызваленьні.

Натальля Хершэ, паводле начальніка ўпраўленьня, падчас знаходжаньня ў калёніі № 4 атрымлівала простыя і заказаныя лісты, зь якіх «малая частка зьнішчаная». Лісты, якія «маюць цынічны характар», на падставе правілаў унутранага распарадку не выдаюць вязьням, пра што ім паведамляецца.

«Такая карэспандэнцыя зьнішчалася паводле актаў, зь якімі асуджаная Натальля Хершэ азнаёмілася і была згодная», — гаворыцца ў лісьце.

«На Натальлю чыніцца псыхалягічны і фізычны ціск»

Брат Натальлі Хершэ Генадзь Касьян мае намер зьвяртацца ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў і пракуратуру, бо лічыць, што правы Натальлі Хершэ ў зьняволеньні парушаюцца.

«Відавочна, што на Натальлю чыніцца псыхалягічны і фізычны ціск, каб зламаць яе волю і дамагчыся поўнага падпарадкаваньня, — кажа Генадзь. — Максымальна ў карцары вязень можа знаходзіцца толькі 10 дзён. Чаму яна спачатку адсядзела там 17 сутак, а потым зноў атрымала новыя і знаходзіцца там да гэтага часу? Гэта парушэньне».

Натальля адмовілася шыць форму для сілавікоў

Натальлю Хершэ 7 сьнежня пакаралі двума з паловай гадамі зьняволеньня за супраціў супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу). 19 верасьня падчас жаночага маршу каля Камароўскага рынку 51-гадовая Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага амапаўца. Паводле прысуду, яна мусіць выплаціць пацярпеламу тысячу рублёў. Сваёй віны Хершэ не прызнала. Яна адбывае пакараньне ў жаночай калёніі № 4 Гомля.

У красавіку стала вядома, што палітзьняволеная Натальля Хершэ зьвярнулася да прадпрыемстваў, каб яны заказалі шыць цывільнае адзеньне ў гомельскай калёніі № 4, дзе яна адбывае пакараньне. Натальля заявіла, што адмаўляецца шыць форму для сілавікоў на вытворчасьці ў калёніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG