Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызісны псыхоляг тлумачыць, што варта разумець пра «відэапрызнаньні» зьняволеных


Раман Пратасевіч падчас размовы

Відэа са зьняволеным Раманам Пратасевічам камэнтуе Алеся, псыхоляг, выкладчыца псыхалёгіі, спэцыялізацыя: псыхалёгія стрэсу і крызісу. Экспэртка пажадала захаваць ананімнасьць, яе імя вядома рэдакцыі.

У сетцы хваля абмеркаваньняў здымак затрыманага Рамана Пратасевіча, яго слоў, якія пярэчаць вядомай раней пазыцыі. Многія шкадуюць Рамана і ў жаху ад таго, што зь ім можа адбывацца. А шмат хто — у непаразуменьні, расчараваньні і злосьці, бо ягоная інтанацыя выглядае бадзёрай і пазытыўнай.

Ва ўмовах моцнага стрэсу і пагрозы жыцьцю нашым мозгам кіруюць падкоркавыя структуры, галоўная задача якіх — наша выжываньне любым спосабам. Асноўныя шляхі, якія нам дала прырода, — гэта барацьба з пагрозай, уцёкі ад яе пры няроўных сілах, а таксама рэакцыя заміраньня, застываньня: зрабіць выгляд, што я ўжо памёр і нецікавы для ворага, каб ад мяне адсталі. Гэта значыць, што псыхіка можа перакручваць нашы рэакцыі так, каб траўма прыносіла як найменш болю, каб адваяваць хоць кавалачак бясьпекі.

Ва ўмовах безвыходнасьці на моцным страху чалавек можа дэманстраваць і пазытыўнае стаўленьне да гвалтаўніка, і напускаць радасьць, і выказваць як быццам шчырую любоў да агрэсара. Як, вы думаеце, ахвяры хатняга гвалту «любяць» сваіх тыранаў? З усіх сіл. Ад гэтага залежыць іх жыцьцё і здароўе.

Мы ўсе ведаем гэты мэханізм па тым, як у дзяцінстве напускалі на сябе браваду — маўляў, а мне ня страшна, — або па тым, як пачыналі залагоджваць праціўніка, які загнаў нас у кут.

Гэта несьвядомы мэханізм псыхалягічнай абароны — ён называецца «ўтварэньне зваротнай рэакцыі» (рэактыўнае ўтварэньне). Чалавек праяўляе рэакцыю, процілеглую натуральнай для нейкіх умоваў, каб выстаяць. Замест гневу — паслухмянасьць, замест радасьці — гора (як пры сьмерці паўночнакарэйскага дыктатара). Псыхіка спрабуе нас ратаваць любымі шляхамі.

  • А як далёка гэта можа зайсьці? Ці можна самому паверыць у свае рэакцыі, стаць такім, як паказваеш? Шанцы тым вышэйшыя, чым мацнейшыя два фактары: 1) працягласьць ціску, 2) сіла пагрозы (сьмерць або зьдзекі). Але ў большасьці выпадкаў людзі вяртаюцца да сваіх сапраўдных перакананьняў, калі пагроза мінае. І вось праз паўгода мы ўжо чытаем Віталя Шклярава з рэканструяванымі поглядамі.


Таму найбольш разумная рэакцыя на «прызнаньні» Пратасевіча — у тых, хто не паверыў яго «пазытыўнаму» выгляду, хто глядзіць скрозь карцінку ўглыб і здае сабе справу, у якіх умовах ён так сябе паводзіць.

Мэта прапаганды — расчараваньне ў гледача. Прапаганда абапіраецца на тую заканамернасьць нашага ўспрыманьня, дзе мы праглынаем бачную карцінку і ня згадваем пра невізуалізаваныя ўмовы «бадзёрага дыялёгу». Вонкавы аптымізм, бачнасьць натуральнай размовы адсоўваюць на другі плян той факт, што госьць праграмы — захоплены закладнік. І калі вы паверылі — ну, вы трапілі ў мэтавую аўдыторыю.

Выдатна, напэўна, было б, калі б Раман паказаў нам нейкі подзьвіг — але ніхто з нас ня мае маральнага права чакаць гэтага ад іншага чалавека. Таму асабліва каштоўныя і прабіраюць да мурашак рэакцыі супраціву Калесьнікавай, Лосіка, Латыпава і іншых беларускіх герояў.

  • Шмат хто адмаўляецца глядзець відэа з Раманам — і гэта таксама псыхалягічна разумная рэакцыя, якая дазваляе не ствараць сабе кагнітыўны дысананс і не карміць цябе таксінамі. Цалкам дастаткова таго, што перакажуць як важнае журналісты, якія прагледзяць, скажам так, дзеля службовага абавязку.

Тое, што мы ўбачылі ад Рамана Пратасевіча, правільна ўспрымаць як нармальную рэакцыю ў ненармальных умовах. Варта скрозь бачную карцінку ўбачыць і незаўважную воку цану яго слоў. Беларусы паказалі ўжо такую рэакцыю — яшчэ калі пайшлі першыя «відэапрызнаньні» затрыманых, камэнтатары пісалі: «Мы разумеем, што цябе прымусілі. Трымайся».

Мы можам праяўляць спагаду да тых, хто пад ціскам, разумець іх, ганарыцца тымі, хто яго трывае, і падтрымліваць усіх, хто імкнецца да таго, каб дабра ў сьвеце станавілася больш.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG