Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяткуючы 17 верасьня, перш за ўсё ўлада хоча паказаць дулю суседзям, палякам, — Пашкевіч


Гісторык Аляксандар Пашкевіч адказвае на пытаньне, навошта афіцыйнаму Менску спатрэбілася прызначаць «народнае адзінства» на 17 верасьня, расказвае, чаму гэтая дата вельмі неадназначная для беларусаў, і чарговы раз зьвяртае ўвагу на савецкі сьветапогляд Аляксандра Лукашэнкі.

Сьцісла:

  • Дата 17 верасьня добра ўкладаецца ў цяперашні кантэкст супрацьстаяньня афіцыйнага Менску з заходнім сьветам і з Польшчай як ягоным авангардам.
  • Заходняя Беларусь, перастаўшы быць часткай Польшчы, ня стала часткай незалежнай Беларусі — яна ўвайшла ў склад сталінскага СССР, дзе панавалі масавыя рэпрэсіі і жудасныя ўмовы жыцьця.
  • Рабіць з гэтай даты сьвята, паказваць гэта як нешта выключна пазытыўнае, варушыць нацыянальныя раны, — гэтага ня трэба.
  • Лукашэнка — чалавек савецкай сьвядомасьці і сьветапогляду

— Лукашэнка падпісаў указ пра «Дзень народнага адзінства» — 17 верасьня. Нагадаем, 17 верасьня 1939 году — пачатак паходу савецкай арміі на ўсходнія ваяводзтвы Польшчы, дзе жылі беларуская і ўкраінская нацыянальныя меншасьці. Перад гэтым 1 верасьня на Польшчу напала нацыстоўская Нямеччына. Паміж СССР і Нямеччынай у жніўні 1939 году была падпісаная дамова аб новых межах і сфэрах уплыву ва Ўсходняй Эўропе («пакт Молатава-Рыбэнтропа»). Пасьля таго як Нямеччына і СССР разграмілі Польшчу, Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР.

Што можа азначаць прызначэньне гэтай даты «Днём народнага адзінства» для беларуска-польскіх адносінаў?

— Ня думаю, што гэтае рашэньне афіцыйнага Менску неяк істотна зьменіць беларуска-польскія адносіны, бо яны і так вельмі сапсаваныя і кепскія. Маем рэпрэсіі супраць Саюзу палякаў, заявы пра генацыд беларускага народу з боку Арміі Краёвай, іншыя канфлікты беларускіх уладаў з польскімі. Так што прызначэньне гэтай даты ўжо кардынальна адносін не пагоршыць, але, вядома, і не палепшыць.

Алесь Пашкевіч
Алесь Пашкевіч

— Шмат у якіх заходнебеларускіх гарадах з савецкіх часоў ёсьць вуліцы 17 верасьня. Ці зьявілася што-небудзь новае ў гэтай сытуацыі? Што хоча падкрэсьліць улада, вызначаючы гэты дзень як сьвяточны?

— Перш за ўсё ўлада хоча паказаць дулю суседзям, палякам, якія вельмі крытычна ставяцца да ўсіх тых падзеяў, што адбываюцца ў Беларусі апошні год. Паўтаруся, ня думаю, што гэта кардынальна нешта зьменіць. Будуць больш актыўна адзначаць гэты дзень, Лукашэнка будзе казаць нейкую прамову, магчыма, ваяўнічую да Польшчы. Большае значэньне цяпер маюць не сымбалічныя, а рэальныя крокі, калі ў Беларусі саджаюць людзей, пазбаўляюць працы, выціскаюць з краіны.

— Тым ня менш менавіта вакол сымболікі ідзе магутнае змаганьне апошнія месяцы, калі ўлады затрымліваюць і саджаюць за бел-чырвона-белае адзеньне. З гэтага гледзішча — што ўлада хоча падкрэсьліць на сымбалічным узроўні, узвышаючы 17 верасьня?

— 2021 год быў абвешчаны ў Беларусі «годам адзінства», потым улады сталі думаць, як гэта далей аформіць. І вырашылі ўзяць першае, што было на паверхні, — 17 верасьня. Тым больш што гэта добра ўкладаецца ў цяперашні кантэкст супрацьстаяньня афіцыйнага Менску з заходнім сьветам. І з Польшчай як ягоным авангардам.

Уся апошняя рыторыка прапаганды і самога афіцыйнага лідэра палягае ў тым, што Захад нас хоча паставіць на калені, пазбавіць незалежнасьці, падзяліць, а палякі хочуць захапіць заходнія рэгіёны. У гэтым кантэксьце дата 17 верасьня мае пэўны сымбалізм — вось, маўляў, тады мы аб’ядналі гэтыя землі, і цяпер таксама іх не аддамо.

— Дыскусія пра 17 верасьня ідзе ў Беларусі даўно. Гэта трагічная і драматычная дата, дзякуючы якой, тым ня менш, у БССР тады вярнуліся беларускія землі. Але ўлада прызнае толькі адзін, бравурны, аспэкт гэтай падзеі, не заўважаючы яе трагічнасьць для многіх палякаў і беларусаў.

— Натуральна, падзея гэтая вельмі неадназначная. У нашым выпадку аб’яднаньне каштавала вельмі шмат. Мы ня можам казаць, што гэта адназначна нэгатыўная дата для нашай гісторыі, — менавіта дзеля чыньніка аб’яднаньня. Але мы ведаем, што Заходняя Беларусь, перастаўшы быць часткай Польшчы, ня стала часткай незалежнай Беларусі — яна ўвайшла ў склад сталінскага СССР, дзе панавалі масавыя рэпрэсіі і жудасныя ўмовы жыцьця.

Непасрэдныя продкі сёньняшніх беларусаў, нашы дзяды і прадзеды, фактычна апынуліся ў савецкім рабстве, страціўшы маёмасьць, прайшлі праз многія выпрабаваньні. Таму ў іхным асабістым лёсе гэтыя зьмены былі пераважна нэгатыўныя. З аўтарытарнай недэмакратычнай тагачаснай Польшчы яны трапілі ў таталітарны нялюдзкі савецкі рэжым.

Таму ў гэтай даце ёсьць гістарычнае значэньне і асабістае значэньне для многіх людзей, для якіх пачаліся страты і пакуты. Таму я мяркую, што гэтая дата павінна адзначацца гісторыкамі. Хай зьяўляюцца артыкулы, ладзяцца канфэрэнцыі, вядуцца дыскусіі. Але рабіць з гэтага сьвята, паказваць гэта як нешта выключна пазытыўнае, варушыць нацыянальныя раны, — гэтага ня трэба. Я супраць таго, каб гэтая дата, 17 верасьня, была сьвяточная. Памятная — так, але не сьвяточная.

— 1 верасьня 1939 году на Польшчу напала нацысцкая Нямеччына, пачаўшы Другую сусьветную вайну. А 17 верасьня з другога боку на аслабленую Польшчу нападае СССР, дзейнічаючы разам зь Нямеччынай супраць агульнага ворага. І гэта тое, чым цяперашняя беларуская ўлада ганарыцца...

— Гісторыю пішуць пераможцы. Карыстаючыся сваёй манаполіяй, улады дзясяткі гадоў навязвалі грамадзтву савецкія гістарычныя канцэпцыі, — а значная частка грамадзтва іх засвоіла. А паводле гэтай канцэпцыі, нічога кепскага СССР 17 верасьня не зрабіў, «працягнуў руку братняй дапамогі» беларусам і ўкраінцам. Доўгі час у Савецкім Саюзе хавалі факт існаваньня сакрэтных пратаколаў да пакту Молатава-Рыбэнтропа. І ў сучаснай Беларусі падзеі 17 верасьня застаюцца ў афіцыйным дыскурсе як справядлівая справа, якую варта сьвяткаваць, а калі нешта нэгатыўнае і было, дык — «лес сякуць, трэскі ляцяць».

— Можна заўважыць, што Аляксандар Лукашэнка любіць рабіць галоўнымі сьвяточнымі датамі ў краіне тыя, калі беларусаў вызвалялі з Усходу. 3 ліпеня, 17 верасьня. Гэта жаданьне прагнуцца перад Масквой, паказаць сваю ідэалягічную ляяльнасьць?

— Гэта адзін з чыньнікаў — жаданьне спадабацца Маскве. Другі — гэта тое, што Лукашэнка — чалавек савецкай сьвядомасьці, ягоны сьветапогляд сфармаваўся ў часы Савецкага Саюзу. Так ён разумее гісторыю, так ён яе засвоіў. Ягонае атачэньне, мяркую, таксама тут ад яго ня надта адрозьніваецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG