Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка бачыць у Мазепіну ворага». Чаму расейскага мільярдэра спрабуюць зьвязаць зь фінансаваньнем апазыцыі Беларусі


Дзьмітрый Мазепін (другі зьлева) і Ўладзімер Пуцін

Доктар эканамічных навук і кіраўнік Цэнтру дасьледаваньняў постындустрыяльнага грамадзтва Ўладзіслаў Іназемцаў расказаў тэлеканалу «Настоящее время» пра Дзьмітрыя Мазепіна і ягоны бізнэс.

Расейскі бізнэсовец беларускага паходжаньня Дзьмітры Мазепін заявіў, што ніколі не фінансаваў телеграм-канала Nexta. Раней былы галоўны рэдактар канала Раман Пратасевіч у так званым «інтэрвію» АНТ сказаў, што буйныя ахвяраваньні паступалі ад расейскага мільярдэра, зьвязанага з Уралам і горнай здабычай.

І гэты алігарх нібыта — прамы канкурэнт іншага расейскага бізнэсоўца Міхаіла Гуцырыева. З 23 траўня Пратасевіч знаходзіцца пад арыштам, сваякі журналіста ўпэўнены, што таго катавалі.

Імя расейскага спонсара Пратасевіч не назваў, але пад апісаньне ідэальна падыходзіць Дзьмітры Мазепін — расейскі бізнэсовец беларускага паходжаньня, кіраўнік «Уралхима» і «Уралкалия». Пасьля выхаду размовы з Пратасевічам Мазепін не прыйшоў на сэсію Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму, дзе быў заяўлены ў якасьці сьпікера. І некаторыя СМІ зьвязалі гэта са словамі Пратасевіча. Мазепін асабіста зьняпраўдзіў сваё дачыненьне да тэлеграм-каналу NEXTA.

Хто такі Мазепін:

Доктар эканамічных навук і кіраўнік Цэнтру дасьледаваньняў постындустрыяльнага грамадзтва Уладзіслаў Іназемцаў расказаў тэлеканалу «Настоящее время» пра Дзьмітрыя Мазепіна і яго бізнэс.

— Скажыце, калі ласка, калі Раман Пратасевіч гаворыць пра алігарха з Урала — гэта Дзьмітры Мазепін, як вам здаецца?

— Слухайце, вельмі складана сказаць, я думаю, што вы зусім правільна сказалі ў рэпартажы, што Пратасевіч даваў інтэрвію або запіс гэты рабіўся пры такіх абставінах, калі цалкам немагчыма гарантаваць, што ён гаварыў тое, што хацеў сказаць. І ў гэтым выпадку цалкам магчыма, што Лукашэнка і сілавыя структуры Беларусі выкарыстоўвалі гэтае інтэрвію ў нейкіх сваіх мэтах.

Але з таго, што было сказана, сапраўды падобна на тое, што гэта можа быць Дзьмітры Мазепін, хоць я моцна сумняваюся ў тым, што ён сапраўды фінансаваў канал Nexta, таму што на самой справе да моманту прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі я не назіраў нейкіх сур’ёзных супярэчнасьцяў паміж ім і беларускім кіраўніцтвам. Толькі тады, калі рэжым пачаў хістацца, зьявіліся пэўныя заявы Мазепіна, але, зноў-такі, яны не былі жорстка праапазыцыйнымі. Нават яго думка пра Камітэт нацыянальнага выратаваньня, якая была сказана, па-мойму, у канцы жніўня мінулага году, агулам таксама была хутчэй прымірэнчай, чым катэгарычна антылукашэнкаўскай.

— Уладзіслаў, вы маглі б растлумачыць нам, як уладкаваны гэты калійны рынак, якія інтарэсы ў Мазепіна? То бок ён асноўны ўладальнік «Уралкалия». Пры чым тут Беларусь і чаго ён можа хацець?

— Глядзіце, я пра гэта некалькі разоў выказваўся. Я бачу сытуацыю такім чынам, што бізнэс Мазепіна на працягу многіх гадоў, як таксама было сказана ў рэпартажы вашым, засноўваўся на пашырэньні сваёй імпэрыі — у асноўным за кошт даўгоў і куплі актываў. Гэта значыць, у моманты, калі рынак прападаў і ўзьнікалі пэўныя складанасьці ў яго ўдзельнікаў, ці калі Мазепін мог выкарыстаць свае адміністрацыйныя рэсурсы, ён павялічваў сваю бізнэс-імпэрыю.

У прыватнасьці, мы выдатна памятаем яго канфлікт з «Васкрасенскімі мінэральнымі ўгнаеньнямі», з так званай сямʼёй Махлай, калі фактычна дагэтуль супраць Мазепіна ідуць пазовы, арыштоўваюцца рахункі, выносяцца рашэньні і ў Злучаных Штатах, і ў Ірляндыі, таму што захоп гэтага прадпрыемства лічыцца незаконным і быў забясьпечаны вельмі сумнеўнымі судовымі рашэньнямі ў Расеі. Адпаведна, па меры разрастаньня імпэрыі пазыкі растуць, даходнасьць актываў, якія ён кантралюе, ня надта вялікая на сёньняшні дзень.

То бок на самай справе даўгі ў некалькі разоў перавышаюць гадавую выручку гэтых прадпрыемстваў. Таму я бачыў сытуацыю такім чынам, што Мазепін і «Уралкалий» у цэлым, вядома, вельмі хочуць завалодаць актывамі «Беларуськалію» — практычна манапалізаваць здабычу калійных угнаеньняў на прасторы ўсяго СНД.

У гэтых адносінах, вядома, калі б удалося стварыць нейкі пераходны ўрад у Беларусі, нейкія няўстойлівыя структуры ўлады, якія прынялі б рашэньне прыватызаваць «Беларуськалій», які на самай справе ня варты тых 30 мільярдаў даляраў, пра якія казаў Лукашэнка некалькі разоў, то галоўным пакупніком мог бы стаць Мазепін. Зноў-такі, «Сбербанк» мог бы прафінансаваць, калі гэтая купля была б занадта дарагой, і яна магла б быць ажыцьцёўлена за кошт расейскага доўгу, там розныя існуюць схемы.

Але, так ці інакш, абʼяднаньне «Уралкалия» і «Беларуськалія» магло б выратаваць бізнэс Мазепіна, у выніку чаго яго можна было б з выгадай прадаць таму ж «Сбербанку» альбо саступіць за даўгі, якія тады б зраўняліся з коштам актываў.

— Гэта інтарэс Мазепіна такі можа быць тэарэтычна. А як вам здаецца, які інтарэс можа быць у Лукашэнкі, напрыклад, у тым, што прозьвішча Мазепін цяпер гучыць як магчымага «кашалька» беларускіх пратэстаў і телеграм-канала Nexta?

— Не, я думаю, што тут інтарэс відавочны. З боку Мазепіна гэта ня толькі яго інтарэс, гэта інтарэс і Германа Грэфа ў тым ліку, можа быць, нават яшчэ ў большай ступені, таму што «Сбербанк» сурʼёзна пракрэдытаваў як Мазепіна, так і Гуцырыева — двух галоўных інтарасантаў, магчымых атрымальнікаў выгады ад падзелу беларускіх актываў.

Што да Лукашэнкі, то цалкам зразумела, што ён бачыць у Мазепіне цяпер ворага, гэта значыць чалавека, эканамічныя інтарэсы якога проста разыходзяцца з інтарэсамі беларускай сувэрэннай эканомікі, якую ён пабудаваў. Таму што фактычна Беларусь сёньня — гэта вотчына дзяржаўных прадпрыемстваў. І «Беларуськалій» разам з Мазырскім НПЗ зьяўляюцца, бадай, галоўнай пэрлінай беларускай эканомікі.

Таму, відаць, Лукашэнка адчувае ціск з боку расейскіх партнэраў адносна неабходнасьці нейкіх умоў перадачы беларускіх прадпрыемстваў Расеі, можа быць, за кошт нейкіх крэдытных адносін, можа быць, за кошт інвэстыцыйных пагадненьняў, я ня ведаю. Але, так ці інакш, Лукашэнка бʼе па Мазепіну ў першую чаргу таму, што ён адчувае пагрозу паглынаньня беларускіх актываў расейскімі алігархамі.

— Уладзіслаў, на ўсялякі выпадак агаворымся, што мы, вядома ж, ня ведаем напэўна ролю Дзьмітрыя Мазепіна ў беларускіх пратэстах, але чыста тэарэтычна, калі разважаць, наколькі гэтая гісторыя можа пагражаць яму ўнутры Расеі? То бок, ці можа буйны бізнэсовец бяз згоды Крамля весьці нейкія палітычныя гульні?

— Думаю, не. Я падазраю, што ён гэтага не рабіў, таму што ў гэтым выпадку ўся палітыка на беларускім кірунку жорстка кантралюецца Крамлём. І, зноў-такі, гэта, з аднаго боку, прадмет дамоўленасьці Пуціна і Лукашэнкі, з другога боку, гэта безумоўна стратэгія Пуціна і найбліжэйшых яго паплечнікаў. Таму я перакананы ў тым, што тут нейкіх самастойных дзеяньняў быць у прынцыпе ня можа.

Таму я скептычна стаўлюся да таго, што Мазепін фінансаваў беларускую апазыцыю. Ён шукаў спробаў, скажам так, палавіць рыбку ў каламутнай вадзе нестабільнасьці ў Беларусі, але наўрад ці ён ствараў гэтую нестабільнасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG