Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыпляматы заходніх краін і Японіі спыталі ў Макея, калі ўлады адгукнуцца на патрабаваньні беларускага народу


Уладзімер Макей. Архіўнае фота.

8 чэрвеня міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сустрэўся з кіраўнікамі дыпляматычных прадстаўніцтваў краін Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, ЗША, Швайцарыі і Японіі.

Сустрэча не ананасавалася, але яе факт журналістам пацьвердзілі некалькі крыніц у дыпляматычных колах. Пры гэтым нагода для запрашэньня амбасадарам загадзя не паведамлялася.

«Мы праінфармавалі міністра пра патэнцыял пазытыўнага разьвіцьця адпаведных двухбаковых стасункаў у тым выпадку, калі ўлады Беларусі зробяць адчувальныя крокі дзеля забесьпячэньня і захаваньня дэмакратычных нормаў у краіне», — гаворыцца ў сумеснай заяве на старонцы Facebook ад імя прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі.

У заяве дыпляматаў зазначаецца, што яны заклікалі беларускія ўлады адгукнуцца на патрабаваньні беларускага народу:

  • неадкладна спыніць перасьлед усіх асобаў, якія ўдзельнічаюць у дэмакратычным руху, а таксама незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасьці;
  • прадэманстраваць павагу да свабоды перакананьняў, выказваньняў і сходаў;
  • спыніць адвольныя затрыманьні, катаваньні і бесчалавечнае абыходжаньне ў дачыненьні да мірных пратэстоўцаў і палітычных зьняволеных;
  • неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязьняў і несправядліва затрыманых;
  • расьсьледаваць парушэньні правоў чалавека і прыцягнуць да суду тых, хто санкцыянаваў і чыніў акты гвалту, катаваньняў, бесчалавечнага абыходжаньня і незаконныя дзеяньні, якія прывялі да цялесных пашкоджаньняў, траўмаў, гібелі людзей, а таксама агульнай атмасфэры беззаконьня ў краіне;
  • пачаць годны даверу інклюзіўны палітычны працэс, які вядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам БДІПЧ АБСЭ.

Па выніках гутаркі амбасадар Італіі ў Беларусі Марыё Джорджа Стэфана Бальдзі расказаў @euroradio, што размова дыпляматаў з Уладзімерам Макеем прайшла ў «шчырай атмасфэры». Паводле яго, міністар расказваў пра палітычную сытуацыю ў Беларусі, а дыпляматы мелі магчымасьць задаць пытаньні. Увогуле абмяркоўвалася будучыня адносінаў афіцыйнага Менску з Эўразьвязам.

Ад леташніх прэзыдэнцкіх выбараў і наступнай хвалі рэпрэсій кантакты афіцыйнага Менску з заходнім сьветам фактычна паралізаваныя — бальшыня эўрапейскіх лідэраў не прызналі Лукашэнку легітымным кіраўніком.

Шэраг амасадараў адкліканыя зь Беларусі і працуюць дыстанцыйна, а новапрызначаныя кіраўнікі дыпмісій краін Захаду не уручылі даверчыя лісты Лукашэнку, якога Эўразьвяз і ЗША ня лічаць легімтымна абраным прэзыдэнтам.

Нядаўнія канфлікты беларускага ўраду з урадамі Польшчы, Латвіі, Літвы скончыліся ўзаемным высыланьнем шэрагу супрацоўнікаў дыппрадстаўніцтваў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG