Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новы фашызм на нашых вачах падняў галаву». За што пэнсіянэрку чацьвёрты раз са жніўня пакаралі «суткамі»


Галіна Лагацкая, архіўнае фота

Менскі гарадзкі суд пацьвердзіў законнасьць нядаўняга арышту пэнсіянэркі Галіны Лагацкай на 20 дзён за непадпарадкаваньне і дробнае хуліганства. Нібыта «чаплялася да мінакоў і брыдкасловіла».

Затрымалі Галіну Лагацкую 9 траўня на плошчы Перамогі ў момант, калі яна несла ў руках партрэт бацькі-вэтэрана. Галіна Лагацкая 20 дзён сядзела на Акрэсьціна і ў СІЗА ў Баранавічах. Цяпер спрабуе даказаць, што была невінаватая, ды піша скаргі на турэмнікаў. Найбольш у яе прэтэнзіяў да міліцыянтаў з Акрэсьціна. Сваю адседку там з 9 па 20 траўня жанчына лічыць самым цяжкім выпрабаваньнем, якое зазнала ў жыцьці. Са жніўня мінулага году Галіна была 4 разы на «сутках», агулам адседзела ў ізалятарах 59 дзён. Але, кажа, «такога жаху ніколі не было».

«Несла ліст Лукашэнку»

У размове з карэспандэнтам Галіна зьняпраўдзіла першую вэрсію свайго затрыманьня, паводле якой 9 траўня каля плошчы Перамогі, дзе толькі што ўскладаў кветкі Аляксандар Лукашэнка, яна сама загаварыла зь міліцыянтамі і гэтак спарадзіла канфлікт, які прывёў да яе затрыманьня.

«Было ня так. Мяне даўно „пасьвілі“, прыходзілі дамоў, грукалі ў дзьверы, але я не адчыняла, рабіла выгляд, што мяне няма. Таму ўжо і дома не начавала. А 9 траўня пайшла на плошчу найперш, каб перадаць Лукашэнку ліст.

Той самы ліст Галіны Лагацкай да Аляксандра Лукашэнкі, які яна спрабавала перадаць адрасату 9 траўня на плошчы Перамогі
Той самы ліст Галіны Лагацкай да Аляксандра Лукашэнкі, які яна спрабавала перадаць адрасату 9 траўня на плошчы Перамогі

Хацела перадаць яму той ліст, але апынулася ў кутузцы на 20 дзён. Ды яшчэ перажыла такія жахі, што нікому не жадаю, нават тым міліцыянтам, якія мяне затрымлівалі і хлусілі пра мяне ў судзе», — кажа Галіна Лагацкая.

«Мацюкалася часам»

Галіна сьцьвярджае, што не дайшла да плошчы ўсяго некалькі мэтраў, бо міліцыянты спынілі яе ў падземным пераходзе ды пацягнулі наверх, да буса, які ўжо чакаў каля дарогі, «на размову», а самі адвезьлі ў РУУС. У пратаколе потым зьявіліся запісы, што яна нібыта «крычала, размахвала рукамі, чаплялася да мінакоў і мацюкалася». На судзе, які праходзіў праз скайп, Галіна гэта абвяргала і прапаноўвала, каб судзьдзя паглядзеў відэа зь яе тэлефона — яна пасьпела запісаць момант затрыманьня. Але судзьдзя адмовіўся і ў пастанове спаслаўся на сьведку-міліцыянта. Галіна згадвае, як сьведка на судзе, пачуўшы яе абурэньне пратаколам, зрабіў «маленькую праўку»: замест «лаялася матам» засьведчыў, што яна " мацюкалася часам«. «Яны ж добра ведаюць, што не пераношу любыя мацюкі, хто б так ні гаварыў, усім раблю заўвагі за гэта. Вось ён і скарэктаваў свае паказаньні: „Часам“!», — абураецца Галіна.

Адразу пасьля суду пэнсіянэрку зьмясьцілі ў камэру, якую яна называе карцарам.

«Сьцены без вакон, замест ложка бэтонны выступ. Як убачыла, куды мяне цягнуць, учыніла ім гістэрыку. Крычала, упіралася, патрабавала, каб далі паперу і асадку напісаць скаргу. Але паклікалі на дапамогу трэцяга ахоўніка і зацягнулі ўсярэдзіну таго сутарэньня. Жах для мяне пачаўся», — згадвае Галіна.

«Вошы былі бядой, але не галоўнай»

У той камэры, дзе яна аказалася, сярод сядзельцаў была жанчына бяз сталага месца жыхарства, якая злоўжывае алькаголем. Да такіх суседак, кажа Галіна, за час сваіх арыштаў яна прызвычаілася, але тут было горш: у жанчыны былі вошы, прычым ня толькі валасяныя, але і адзежныя. Натуральна, што ўсе сукамэрніцы, у тым ліку Галіна, праз колькі дзён ужо пакутавалі і ад вошай. Ім ня выдалі матрацаў і пасьцельнай бялізны, не выводзілі на прагулкі і пад душ памыцца. Празь некалькі дзён Галіну перавялі ў іншую камэру, двухмесную, у якую часам «утрамбоўвалі» ад 10 да 16 чалавек.

«Ратавала маё паліто і спадніца!»

«Спалі хто дзе: на стале, пад сталом, у праходах, „валетам“ на ложках. Лепш бы спаць на падлозе, яна хоць роўная, чым на жалезных кратах ложкаў, але тады ўсім не хапіла б месца, таму клаліся ўмітусь. Ратавала маё паліто, было замест падсьцілкі. Мне не ўпершыню, але вельмі шкада дзяўчат, якія ўсё ж мусілі класьціся на падлогу: ім яшчэ нараджаць, а тут ляжы на халодным. Двойчы за ноч яшчэ і падымаюць дзеля праверкі. Мне, праўда, гэта ўжо і не перашкаджала — прызвычаілася спаць зь перапынкамі», — згадала Галіна.

Таксама жанчына згадала, якім чынам у камэры прыдалася яе спадніца ў клетку.

«Калі няма кніг, газэт, няма ніякай інфармацыі звонку — сядзець, ды яшчэ нерухома, вялікая пакута. Прыдумалі зьляпіць зь мякішу хлеба шашкі, але ж паперы, каб намаляваць дошку, няма. Дык прыдалася мая спадніца ў клетку. Неяк бавілі час гульнёй у тыя шашкі», — сьмяецца Галіна.

Далей яна расказала пра галадоўку пратэсту, якую зладзіла яе камэра.

«Усё побытавае можна вытрываць, але вельмі цяжка, калі цябе яшчэ і прыніжаюць. Патрабуем паперу і асадку — нельга. Каб аддалі нашы перадачы — нельга. Гэтак і кажуць: няма ў вас правоў! А мы ж у камэры амаль усе палітычныя, добра разумеем, чаму нельга. Нарэшце прыносяць некаму перадачу, але кажуць, каб усе харчы адразу зьелі, і потым падчас праверкі ўсё, што не пасьпелі зьесьці, на нашых вачах выкідаюць у сьметніцу. Тут мы гэтак абурыліся, што абвясьцілі галадоўку з пэўнымі патрабаваньнямі. І што? Замест таго каб палепшыць умовы, нас амаль адразу раскідалі па розных камэрах, а мяне дык увогуле адправілі даседжваць у Баранавічы. Там таксама было цяжка, але хоць матрацы выдалі. І ахоўнікі там крыху іншыя. Трапляюць звычайныя міліцыянты з райаддзелаў, якіх перавялі на замену, дык зь некаторымі і пагаварыць нармальна можна. А я ж такая, пагаварыць люблю», — прызнаецца са сьмехам Галіна.

Галіна зь цеплынёй згадвае ўсіх жанчын, зь якімі давялося сядзець на Акрэсьціна і ў Баранавічах. Ня мае прэтэнзій нават да «алькагалічак».

«У Ліды парасон бел-чырвоны быў на бальконе, дык участковы ўгледзеў і данёс. Упершыню сядзела, была проста ў жаху ад усяго, што бачыла. Ані далі 15 сутак за адну ружу, якую не данесла да месца, дзе забілі Бандарэнку. Натальлю з мужам таксама забралі, калі тыя несьлі дзьве кветкі: адна чырвоная, другая жоўтая. Праўда, была стужачка. Па 15 сутак. Расказвалі, як іх холадам выпрабоўвалі ў РАУСе — адмыслова ўключылі вэнтыляцыю, каб было халадней у камэры. Усе прайшлі празь нейкія пакуты. Я іх для сябе нічым не магу патлумачыць, акрамя як новым фашызмам. Мой тата ваяваў, каб перамагчы фашызм, а тут новы фашызм на нашых вачах падняў галаву», — кажа з сумам Галіна Лагацкая.

Ліст Лукашэнку міліцыянтаў не зацікавіў

Пакуль Галіна Лагацкая адбывала арышт, яе абаронца абскардзіў пастанову суду і дамогся разгляду скаргі. Але Менскі гарадзкі суд пакінуў пастанову аб арышце пэнсіянэркі на 20 сутак у законнай сіле. 8 чэрвеня Галіна аднесла на гэтае рашэньне наглядную скаргу, бо «здавацца не зьбіраецца». Кажа, што яшчэ не да канца зьняверылася ў беларускіх судах. Аказваецца, з чатырох яе ранейшых адседак адзін раз прысуд ёй быў адменены і справу накіравалі на перагляд. Праўда, у выніку нічога не зьмянілася, пастанову ўсё роўна пакінулі ў сіле. Але Галіна спадзяецца, што нешта ўсё ж можа атрымацца і цяпер.

Што да ліста да Аляксандра Лукашэнкі, дык ён захаваўся і хутка будзе адпраўлены адрасату поштай.

«Міліцыянтаў ліст Лукашэнку не зацікавіў, гэтак і праляжаў у маёй торбе падчас арышту. Яны нават вопісу рэчаў не рабілі. Цяпер адпраўлю ліст поштай у адміністрацыю, а копіі ў „Саўбелку“ ды на БТ. Паглядзім, што адкажуць», — не саступае Галіна Лагацкая.

А вось зь міліцыяй пэнсіянэрка кантактаваць больш не жадае. «Тэлефон мой не вярнулі, дык нават баюся ісьці туды і прасіць. Раптам зноў пацягнуць „нібыта на размову“ ў той карцар? Жах!» — кажа Галіна Лагацкая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG