Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскую актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк засудзілі на 2 гады калёніі. Яе прызналі палітзьняволенай


Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота

9 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця агучылі вырак актывістцы, маці 2 малалетніх сыноў Паліне Шарэндзе-Панасюк.

За гвалт і абразу міліцыянтаў, абразу Лукашэнкі і іншых службоўцаў судзьдзя Яўген Брэган пакараў Паліну Шарэнда-Панасюк 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Яна таксама мусіць выплаціць 4500 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды тром міліцыянтам.

Усяго пацярпелымі прызналі 7 міліцыянтаў.

Паліна Шарэнда-Панасюк назвала суд палітычна матываваным. На пасяджэньні 7 чэрвеня яна адмаўлялася ўставаць на загад судзьдзі, называла суд злачынствам і палітычна матываваным перасьледам.

У апошнім слове 8 чэрвеня яна сказала, што ўсе прысуды ўжо «загадзя прапісаныя».

Пасьля абвяшчэньня прысуду яна паказала аркуш паперы з надпісам «Самозванец, убывай».

За што затрымалі актывістку?

Паводле абвінавачаньня, 29 сьнежня Паліна Шарэнда-Панасюк апублікавала ў тэлеграм-канале «Брест: Слухи и факты» відэаролік, дзе абразіла міліцыянтаў. Відэа яна зьняла падчас затрыманьня мужа Андрэя.

3 студзеня, калі муж быў у ізалятары, да Паліны прыйшлі, каб правесьці ператрус. Яна была дома з малодшым сынам і адмовілася адчыніць дзверы. Тады іх выбілі. Паўліну затрымалі.

Пазьней у справе напішуць, што актывістка перашкаджала міліцыянтам і спрабавала сарваць маску. Гэта расцэняць як крымінальнае злачынства.

Як выглядаў перасьлед Паліны Шарэнда-Панасюк

23 лютага Паліну яе адправілі на псыхіятрычную экспэртызу ў менскія Навінкі.

4 траўня ёй выставілі абвінавачаньне адразу паводле трох крымінальных артыкулаў:

  • абраза прэзыдэнта (368),
  • абраза прадстаўніка ўлады (369),
  • гвалт або пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі (364).

Паліну Шарэнду-Панасюк тры разы за паўтара месяца зьмяшчалі ў карцэр.

Праз адваката яна перадала, што ў СІЗА на яе псыхалягічна і фізычна ціснулі. У лютым яна паведаміла ў лісьце пра катаваньні. Андрэй Шарэнда казаў, што яе паставілі пад «прэвэнтыўны нагляд» і нейкі час не давалі лекаў і вітамінаў..

«Існуе рэальная пагроза яе здароўю і нават жыцьцю», — казаў на пачатку траўня Свабодзе Андрэй Шарэнда.

Перасьледуюць і мужа Паліны

17 красавіка ў Андрэя Шарэнды правялі ператрус і забралі ўсю тэхніку. Нагодай стала інтэрвію Андрэя ад 29 сакавіка, у якім міліцыя ўгледзела абразу Лукашэнкі і заклікі да «дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы» (арт. 368 і 361 КК).

Андрэй Шарэнда ў судзе 7 чэрвеня
Андрэй Шарэнда ў судзе 7 чэрвеня

31 траўня Андрэя зноў затрымалі, дапыталі і зьмясьцілі пад хатні арышт.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў актывіста і ягоную жонку палітзьняволенымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG