Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саліста філярмоніі Ігара Кліменку абвінавацілі ў сьпевах на Камароўцы. Ён на Акрэсьціна


Менск, філярмонія, акцыя салідарнасьці, 20 жніўня 2020 году.

За кратамі сьпявак прабудзе да 22 чэрвеня. Па словах жонкі, яму пагражае звальненьне з працы.

Як стала вядома Свабодзе, 4 чэрвеня ў Менску затрымалі саліста Белдзяржфілярмоніі, артыста хору вышэйшай катэгорыі Ігара Кліменку. Пра абставіны здарэньня пакуль невядома. Цяпер сьпявак на Акрэсьціна, яго асудзілі ўжо двойчы. За дзень да таго невядомыя спрабавалі трапіць да Ігара ў кватэру, дзе ён жыве разам з жонкай Ганнай.

Ігар Кліменка.
Ігар Кліменка.


Выступ на Камароўцы:


«Ігар расказаў, што сядзеў дома, раптам пачалі званіць, стукаць у дзьверы вельмі актыўна, — расказала Ганна Кліменка. — Ён адразу ўсё паадключаў, падышоў да дзьвярэй паглядзець у вочка. Тыя, хто быў за дзьвярыма, разышліся ўбакі. У тамбуры сьвятло аўтаматычна запальваецца, рэагуе на рухі. І калі яно выключалася, то людзі не сыходзілі ўсё адно. Хацелі яго выкурыць у калідор такім чынам. Ігар так шмат часу правёў дома, а потым яны сышлі. Калі я вярнулася дадому з працы, усё ўжо было нармальна».

Ігар Кліменка
Ігар Кліменка


Апісаныя Ганнай падзеі адбываліся каля 17 гадзіны 4 чэрвеня. Наступнай раніцай яна паехала на працу. Муж у філярмонію павінен быў прыехаць бліжэй да вечара, у 17.30.

«Ігару ў пятніцу трэба было афармляць дакумэнты для камандзіроўкі ў Аўстрыю, — расказвае Ганна. — Знаёмая, ведаючы пра здарэньне ў чацьвер, прапанавала паехаць некуды на выходныя за горад. Я пагадзілася, пачалі званіць, а ён не здымае трубкі. Тэлефон быў адключаны. Да ягонай працы заставалася гадзіна, я зразумела, што ўжо трэба ехаць па РУУСах».

Па словах Ганны Кліменкі, яна дагэтуль ня ведае, як быў затрыманы муж. Яны жывуць у Цэнтральным раёне Менску, але побач Савецкі РУУС, таму паехала і туды. Паўсюль спачатку адказвалі, што Ігара Кліменкі ў іх няма.

«Ужо пазьней падчас суду я пачула па гучнай сувязі ад яго, што першую ноч Ігар правёў у Савецкім РУУС, — расказвае Ганна. — Да суду мы нічога ня ведалі зусім, нават у чым яго вінавацяць. Потым аказалася, што гэта несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, сьпевы на Камароўцы 30 траўня. Ігар у гэты дзень дакладна быў у бацькоў. Ёсьць нашая перапіска зь ім, мы з адвакатам таксама падалі хадайніцтва на судзе, каб былі разгледжаныя дадзеныя білінгу тэлефона мужа. Сьведкі ў нас былі».

Суд па справе Ігара Кліменкі павінен быў адбыцца 7 чэрвеня, у той жа дзень сканчаліся 72 гадзіны пасьля затрыманьня. Аднак паседжаньне ў выніку перанесьлі на аўторак, а на сьпевака склалі яшчэ адзін пратакол. Гэтым разам за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

«На паседжаньні ў аўторак білінг паказаў, што Ігар у дзень выступу на Камароўцы аддаляўся ад яе, — расказвае Ганна Кліменка. — Мы там даволі блізка жывем, на Веры Харужай. І дадзеныя яго тэлефона паказалі, што ён ад дому рухаўся ў бок Ратамкі, дзе жывуць бацькі. Паводле білінгу, Ігар у 13.40 быў у Ратамцы, а на Камароўцы людзі ў той дзень сьпявалі ў 13.30. Ён ніяк ня мог туды пасьпець. Але далі 15 сутак».

9 чэрвеня Ігара Кліменку судзілі зноў. Гэтым разам за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Яго жонка мяркуе, што пратакол за гэта праваахоўнікі склалі, каб не вызваляць яго пасьля 72 гадзін утрыманьня пад вартай, якія скончыліся ў панядзелак.

«Абвінавацілі ў тым, што ў Савецкім РУУС ён адмовіўся выходзіць зь міліцэйскага аўтамабіля, — кажа Ганна. — Упіраўся нагамі і рукамі. Мы папрасілі паказаць запісы зь відэакамэр. Нам адказалі, што яны не працуюць. Цікава, што суд ішоў вельмі доўга. Судзьдзя Воўк шмат разоў выходзіў некуды. А першы працэс судзьдзя Жуковіч вёў».

Па словах Ганны, яе муж павінен выйсьці на свабоду 22 чэрвеня, два тэрміны па 15 сутак наклаліся адзін на адзін, і ў суме Ігар Кліменка прабудзе за кратамі 19 дзён. Пра паездку ў Аўстрыю на гастролі можна забыць.

«Яны павінны былі ехаць туды альбо ў сераду 9-га, альбо 11-га, — кажа Ганна. — Зараз, вядома, ніякай паездкі ўжо ня будзе ў яго. Больш за тое, думаю, што Ігара звольняць зь філярмоніі. Мне ўжо дырэктар пра гэта паведаміў. Тры дні адсутнасьці без паважлівай прычыны. Дзяніса Іванова (яшчэ адзін артыст Белдзяржфілярмоніі, якога таксама асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. — РС) пакуль не звальняюць, але ён ужо настолькі падрыхтаваны, што загадзя пісаў заявы на адпачынак за свой кошт. Праблема крыху іншая, яму могуць не працягнуць кантракт».

Затрыманьне і суды для Ігара Кліменкі сталі першымі такімі падзеямі — ні летам, ні восеньню 2020 году ён да адміністрацыйнай адказнасьці не прыцягваўся. Неўзабаве пасьля падзей 9 жніўня разам зь іншымі артыстамі Ігар Кліменка выходзіў на ганак філярмоніі, каб выканаць некалькі песень. Чаму сілавікі прыйшлі па яго цяпер, Ганна дакладна ня ведае.

Ігар Кліменка
Ігар Кліменка


«Магу толькі меркаваць, чаму так адбылося, — кажа Ганна. — Ігар не саромеецца гаварыць пра свае погляды і меркаваньні».

10 чэрвеня Ганна Кліменка паспрабуе аднесьці мужу перадачу на Акрэсьціна. Пакуль невядома, дзе ён будзе адбываць пакараньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG