Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьцяпана Латыпава накіравалі на судова-псыхіятрычную экспэртызу. Працэс адновіцца пасьля яе вынікаў


Новы будунак суду Савецкага раёну Менску, у якім праходзіць пасяджэньне па спарву Сьцяпана Латыпава.

1 чэрвеня палітвязень Сьцяпан Латыпаў спрабаваў забіць сябе асадкай пасьля заявы пра катаваньні і пагрозы з боку сілавікоў. На пасяджэньні 10 чэрвеня забаранілі здымкі.

10 чэрвеня аднавіўся суд у крымінальнай справе супраць Сьцяпана Латыпава. Пасяджэньне адбываецца ў судзе Савецкага раёну Менску. Судзьдзя Аляксандар Воўк, дзяржаўны абвінаваўца — Уладзімер Рабаў. Абараняюць Латыпава адвакаты Кацярына Жаўтанога і Ільля Пярхальскі, яны пад падпіскай аб невыдаваньні.

У будынку суду забаранілі фота- і відэаздымкі. Наведнікаў працэсу не пускаюць у залю з прычыны «запоўненасьці».

Палітвязьня затрымалі 15 верасьня 2020 году ва ўласным двары — ён абараняў мурал з выявай «дыджэяў перамен» на скрыжаваньні вуліцы Чарвякова і Сморгаўскага тракту. Неўзабаве яму выставілі абвінавачаньні паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • частак 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і непадпарадкаваньне патрабаваньням прадстаўнікоў улады);
  • часткі 2 арт. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў)
  • часткі 4 арт. 209 (махлярства ў асабліва буйным памеры). Нібыта «ў пэрыяд з красавіка 2019 году па верасень 2020 году абвінавачаны шляхам падману і ўвядзеньня ў зман завалодаў грашовымі сродкамі 16 юрыдычных асобаў на агульную суму больш як 123 тысячы рублёў».

Паводле ўдзельнікаў працэсу, нягледзячы на тое, што ў новым будынку аб’яднаных судоў Савецкага і Першамайскага раёнаў ёсьць вялікая заля на 200 месцаў, паседжаньне прызначылі ў значна меншай памерам. З улікам ковіднай рассадкі трапілі ўсяго 16 чалавек, дзясяткі не пусьцілі.

10 чэрвеня на працэс трапілі сваякі, абмежаваная колькасьць журналістаў і некалькі прадстаўнікоў амбасадаў. У прыватнасьці, тут намесьніца кіраўніка прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Эвеліна Шульц са значкам «Свабоду палітвязьням» і першы сакратар амбасады Швэцыі Конрад Рыкардсан.

Абвінавачаны знаходзіцца ў клетцы з празрыстага матэрыялу. Пасьля інцыдэнту са спробай парэзаць сабе горла Сьцяпана Латыпава прыкавалі кайданкамі да міліцыянтаў, каб больш нічога з сабой не зрабіў.

У мужчыны на шыі выразна бачны шнар даўжынёй каля дзесяці сантымэтраў.

Свайму адвакату Сьцяпан Латыпаў распавёў, што ў яго канфіскавалі ўсе матэрыялы справы. Асадку яму таксама не далі, прапанавалі толькі стрыжань.

Суд вырашае пытаньне аб прызначэньні судова-псыхіятрычнай экспэртызы. Дзяржабвінаваўца прапанову падтрымаў, фігурант справы — не. Адвакат таксама лічыць гэта нямэтазгодным, бо летась увосень падобная экспэртыза ўжо праводзілася цягам месяца ў РНПЦ псыхічнага здароўя ў Навінках.

Аднак судзьдзя Аляксандар Воўк у выніку прыняў рашэньне накіраваць Сьцяпана Латыпа на судова-псыхіятрычную экспэртызу. Працэс працягнецца пасьля яе правядзеньня. Экспэртыза можа доўжыцца да двух месяцаў.

Спроба самагубства

1 чэрвеня Латыпаў зрабіў спробу суіцыду проста падчас судовага паседжаньня. Заявіўшы з клеткі, што яго гвалтам прымушаюць зрабіць хлусьлівае прызнаньне, а іначай рэпрэсіі перакінуцца на сваякоў і суседзяў, ён уваткнуў сабе ў горла тонкі прадмет і потым пачаў рэзаць рукі.

Латыпава забрала «хуткая», яму зрабілі апэрацыю. На наступны дзень стала вядома, што яго забралі з шпіталя ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Пасьля інцыдэнту 1 чэрвеня і апэрацыі Сьцяпан Латыпаў цягам тыдня знаходзіўся ў мэдсанчастцы СІЗА №1. Два дні таму яго перавялі ў камэру, але ня ў тую, дзе ён сядзеў раней з крымінальнікамі і псыхічна неўраважаным чалавекам, а ў іншую, паведаміў журналістам ягоны бацька Сяргей Латыпаў.

Хто такі Сьцяпан Латыпаў?

Сьцяпану Латыпаву 40 гадоў. Родам ён зь Берасьцейскай вобласьці, вучыўся ў беларускай школе. Бацькі — біёлягі. Па прафэсіі Сьцяпан арбарыст, а таксама прамысловы альпініст 5 разраду.

Арбарыст — вельмі рэдкая для Беларусі прафэсія, такіх адмыслоўцаў у краіне каля 50 чалавек. У Эўропе арбарыстаў называюць яшчэ «дрэўнымі хірургамі». Іх задача не сьпілаваць дрэва, а выратаваць яго. Веды пра дрэвы далі Сьцяпану бацькі-біёлягі і падручнікі.

Сьцяпан прайшоў прафэсійную падрыхтоўку і сэртыфікацыю ў Вялікай Брытаніі, мае сэртыфікат IRATA (для тых, хто выконвае работы на вышыні). Сьцяпан Латыпаў мае сваё ІП, ён дырэктар «Беларба». Ён прыводзіў у парадак, «лячыў» дрэвы ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта, у VIP-кліентаў, супрацоўнічаў з «Дыпсэрвісам».

Чытаў лекцыі ў Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG