Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія новыя факты зьявіліся ў справе зьбітага ў 2014 годзе ў Данбасе самалёта MH17?


Прарасейскія баевікі на месцы зьбітага ракетай пасажырскага самалёта ў 2014 годзе

У Нідэрляндах Акруговы суд Гаагі пачаў разглядаць па сутнасьці справу аб крушэньні «Боінга» малайзійскіх авіяліній пад Данецкам, у выніку якога 17 ліпеня 2014 загінулі 283 пасажыры і 15 чальцоў экіпажу.

Суд прадстаўляе матэрыялы, сабраныя сьледзтвам — у тым ліку новыя «праслушкі» тэлефонных размоў прарасейскіх сэпаратыстаў і іх расейскіх камандзіраў. У іх прамым тэкстам згадваецца ўстаноўка «Бук», зь якой, па вэрсіі абвінавачаньня, зьбілі самалёт.

Абвінавачаных у справе чацьвёра. Трое зь іх — грамадзяне Расеі: палкоўнік запасу ФСБ Ігар Гіркін (Стралкоў); старшы афіцэр ГРУ у адстаўцы Сяргей Дубінскі; падпалкоўнік запасу ПДВ Алег Пулатаў. Чацьвёрты абвінавачаны — грамадзянін Украіны, камандзір выведнага падразьдзяленьня самаабвешчанай «ДНР» Леанід Харчанка. Ніводзін зь іх у суд не зьявіўся, толькі Пулатаў прадстаўлены адвакатамі галяндзкай адвакацкай фірмы, якая адмаўляецца раскрываць крыніцу аплаты паслуг.

Як лічыць Сумесная сьледчая група, якая некалькі гадоў вывучала доказы і паказаньні сьведак, «Боінг», які рухаўся MH17 з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур, быў зьбіты з ракетна-зэнітнага комплексу «Бук» 53-й зэнітна-ракетнай брыгады СПА пад Курскам. Да такой жа высновы прыйшлі аўтары незалежных расьсьледаваньняў трагедыі, заснаваных на адкрытых крыніцах — знойдзеных у інтэрнэце фатаздымках і відэа «Бука», паведамленьнях у сацыяльных сетках і агучаных Службай бясьпекі Ўкраіны перамовах прарасейскіх сэпаратыстаў.

Расейскія ўлады адмаўляюць дачыненьне да крушэньня самалёта. З моманту трагедыі расейскім бокам выстаўлялася мноства вэрсій трагедыі, ніводная зь якіх не знайшла дакумэнтальных пацьверджаньняў. Напрыклад, аналіз спадарожнікавых здымкаў, прадстаўленых Расеяй, сьвечыў пра тое, што яны датаваныя няправільна: Інстытут крыміналістыкі Нідэрляндаў і Мэтэаралягічны інстытут Нідэрляндаў устанавілі час стварэньня фатаграфій па ценях.

Суд у чэрвені падрабязна спыніўся на аналізе пашкоджаньняў «Боінгу» і на фрагмэнтах ракеты 9М38М1 комплексу «Бук», якія знайшлі побач з абломкамі і якія захраснулі ў абломках самалёта.

Асноўныя тры пытаньні суду:

  • ці быў «Боінг» зьбіты менавіта «Букам»;
  • ці сапраўды ракету запусьцілі зь сельскагаспадарчага поля ў сяле Першамайскім, якое знаходзілася пад кантролем так званай «ДНР»;
  • ці маюць да гэтага дачыненьне абвінавачаныя.

Мноства сьведак запуску ракеты ананімныя, але іх сапраўдныя асобы вядомыя сьледзтву і суду. Многія зь іх сэпаратысты, а паказаньні давалі ананімна, паколькі іхныя сваякі знаходзяцца на акупаванай Расеяй тэрыторыі Ўкраіны.

Дасьледчык групы Conflict Intelligence Team Кірыл Міхайлаў, які сочыць за ўсімі пасяджэньнямі суду, кажа, што расейскі бок знарок зацягвае разгляд, напрыклад запатрабаваў зачытаць усе рэлевантныя матэрыялы справы. Аднак тэхнічна зрабіць гэта немагчыма — у справе ўжо 65 тысяч старонак.

«Зараз суд павінен скончыць прэзэнтацыю матэрыялаў справы, пасьля чаго будуць выступленьні абвінавачаньня і абароны, падчас якіх яны змогуць зьвярнуць увагу на тыя ці іншыя матэрыялы. Потым будуць спрэчкі бакоў, дэманстрацыя дадатковых матэрыялаў. На верасень заплянавалі выступы сваякоў, якія будуць гаварыць пра тое, як яны перажывалі гібель блізкіх. Апошняе пасяджэньне адбудзецца ў лістападзе, і калі ня будзе новых прычын, зь якіх суд зацягнецца, да канца году можна будзе чакаць вэрдыкту», — сказаў Міхайлаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG