Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе 100 мільёнаў грамадзянаў цалкам вакцынаваныя


Урсуля фон дэр Ляен

Дзяржавы Эўразьвязу цалкам вакцынавалі ад каранавірусу каля 100 мільёнаў сваіх грамадзян. Пра гэта паведаміла кіраўніца Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен на прэс-канфэрэнцыі напярэдадні саміту «Вялікай сямёркі».

«У мяне добрыя навіны. На сёньня ў Эўропе больш за 50% дарослага насельніцтва атрымалі як мінімум адну дозу [вакцыны ад COVID-19], а што яшчэ лепш — на сёньняшні дзень 100 мільёнаў эўрапейцаў цалкам вакцынаваныя», — цытуе яе РБК.

Паводле яе слоў, на прадпрыемствах у Эўразьвязе з пачатку году было выраблена каля 700 мільёнаў дозаў вакцыны, 350 мільёнаў зь якіх экспартаваныя ў 90 краінаў.

Масавая вакцынацыя на тэрыторыі ЭЗ стартавала ў канцы сьнежня мінулага году. Фон дэр Ляен казала, што вакцынацыю ў ЭЗ неабходна праводзіць скаардынавана, а для перамогі над каранавірусам трэба прышчапіць 70% насельніцтва Эўропы. «Агулам мы закупілі больш чым дастаткова дозаў вакцыны, каб вакцынаваць кожнага ў Эўропе, і мы зможам аказаць падтрымку нашым суседзям і партнэрам па ўсім сьвеце», — заявіла яна.

Каб супрацьдзейнічаць пандэміі, Эўракамісія ад імя 27 краінаў ЭЗ заключыла кантракты з шасьцю вытворцамі вакцын ад COVID-19: BioNTech-Pfizer (ЗША — Нямеччына), AstraZeneca (Швэцыя — Вялікая Брытанія), Sanofi-GSK (Францыя — Вялікая Брытанія), Johnson & Johnson (ЗША), CureVac (Нямеччына), Moderna (ЗША).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG