Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады пагражаюць праблемамі замежным кампаніям. Колькі іх працуе ў Беларусі і што яны робяць


Яшчэ са студзеня ўлады пачалі пагражаць замежным кампаніям, якія працуюць у Беларусі. Гэта такі своеасаблівы адказ на санкцыі Захаду. Глядзім, што гэтыя кампаніі робяць і колькі там працуе людзей.

Яшчэ 12 студзеня Аляксандар Лукашэнка пагражаў замежным кампаніям, якія працуюць у Беларусі, праблемамі ў адказ на санкцыі.

На 2020 год у Беларусі працавалі 6503 кампаніі з замежным капіталам у статутным фондзе (цалкам замежныя ці са зьмяшанай уласнасьцю). 3644 зь іх — гэта арганізацыі з цалкам замежным капіталам, паводле Белстату.

418,3 тысячы працоўных месцаў

У арганізацыях з замежным капіталам на мінулы год працавалі 418,3 тысячы чалавек. У кампаніях з сумесным капіталам — 236,8 тысячы чалавек, у кампаніях з цалкам замежным капіталам — 181,2 тысячы чалавек.

Выручка ад рэалізацыі тавараў і паслуг, атрыманая кампаніямі як цалкам замежнымі, так і сумеснымі, склала за мінулы год 96,9 мільярда рублёў. Выручка ад розьнічнага таваразвароту арганізацый гандлю склала 16,9 мільярда рублёў. Арганізацыі, якія займаюцца грамадзкім харчаваньнем, зарабілі 533,6 мільёна рублёў. Выручка арганізацый аптовага гандлю — 15,1 мільярда рублёў. Арганізацыі, якія займаюцца экспартам тавараў, зарабілі 7,5 мільярда даляраў, а арганізацыі, якія займаюцца імпартам, — 13,5 мільярда даляраў.

Галоўныя інвэстары — Расея, Літва, Кіпр

Найбольш у Беларусі працуе кампаній з расейскім капіталам — 2315. На другім месцы Літва — 545 кампаній, на трэцім Кіпр — 438 кампаній. Далей ідуць Польшча (322), Нямеччына (318), Украіна (314), Латвія (309), ЗША (190), Вялікая Брытанія (189), Кітай (157).

Найбольш замежных кампаній займаюцца аптовым і розьнічным гандлем

Аптовым і розьнічным гандлем у Беларусі займаецца 2009 кампаній з замежным капіталам, або траціна ад усіх замежных кампаній. На другім месцы па колькасьці — кампаніі з замежным капіталам, якія займаюцца апрацоўчай прамысловасьцю; іх 1245, або 19%. Большасьць кампаній з замежным капіталам працуюць у Менску (55%).

Што экспартуюць арганізацыі з замежным капіталам

Кампаніі з замежным капіталам экспартуюць ялавічыну (71 мільён даляраў за мінулы год), мяса птушкі (87,1 мільёна даляраў), рыбу (76 мільёнаў даляраў), малако (84 мільёны даляраў), масьлёнку, ёгурт і кефір (152 мільёны даляраў), масла (181 мільён даляраў), сыры і тварог (паўмільярда даляраў).

Таксама кампаніі з замежным капіталам экспартуюць нафтапрадукты (310 мільёнаў даляраў за год), драўляныя пліты (119 мільёнаў даляраў за год), мэталаканструкцыі (105 мільёнаў даляраў за год) і іншую прадукцыю.

А што імпартуюць?

Імпартуюць кампаніі з замежным капіталам нафту, газ, рыбу, вакцыны, лекі, аўтамабільныя шыны, алюміній, вылічальныя прыборы ды шмат чаго іншага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG