Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Француз, які даў аплявуху Макрону, атрымаў 4 месяцы турмы


Грамадзянін Францыі Даміян Тарэл, які 8 чэрвеня даў аплявуху прэзыдэнту краіны Эмануэлю Макрону, асуджаны да 18 месяцаў турэмнага зьняволеньня. За кратамі ён правядзе толькі 4 месяцы — да іншых 14 месяцаў ён асуджаны ўмоўна.

Артыкул, паводле якога судзілі Тарэла, прадугледжвае пакараньне да 3 гадоў пазбаўленьня волі і штраф.

Інцыдэнт з аплявухай адбыўся ў сераду на паўднёвым усходзе Францыі. Макрон выйшаў пагутарыць з прыхільнікамі. У гэты момант яго ўдарыў 28-гадовы Тарэл. На відэа відаць, што ён пракрычаў у гэты момант «Далоў макранізм!» і баявы лёзунг францускай арміі каралеўскіх часоў «Манжуа Сэн-Дэні!».

У сваім учынку ён на судзе не раскаяўся, заявіўшы, што Макрон, на яго думку, увасабляе «заняпад краіны». Ён таксама выказаў сымпатыі ў дачыненьні да антыўрадавага руху «жоўтых камізэлек». Вядома, што ён займаецца рэканструкцыяй сярэднявечнай гісторыі.

Сам Макрон не надаў інцыдэнту вялікага значэньня, сказаўшы, што працягне сустракацца з выбарнікамі. Пры гэтым ён паскардзіўся на атмасфэру нянавісьці ў сацыяльных сетках і назваў фізычны гвалт непрымальным. Многія палітыкі, у тым ліку апанэнты Макрона, асудзілі нападніка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG