Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн і Джонсан падпісалі «новую Атлянтычную хартыю»


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн (зьлева) і прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан на сустрэчы ў брытанскім Корнуале падпісалі дакумэнт аб умацаваньні супрацоўніцтва дзьвюх краін, які яны назвалі «новай Атлянтычнай хартыяй».

Гэта адсылка да Атлянтычнай хартыі, падпісанай 80 гадоў таму, падчас Другой сусьветнай вайны, брытанскім прэмʼерам Уінстанам Чэрчылем і прэзыдэнтам ЗША Франклінам Рузвэльтам. Гэты дакумэнт, да якога пасьля далучыліся іншыя краіны — праціўнікі гітлераўскай Нямеччыны, у тым ліку СССР, быў пакліканы вызначыць галоўныя прынцыпы міжнароднай палітыкі пасьля перамогі ў вайне.

У «новай Атлянтычнай хартыі» падкрэсьліваецца прыхільнасьць ЗША і Брытаніі ідэям дэмакратыі, адкрытага грамадзтва, правоў чалавека. У дакумэнце гаворыцца таксама аб неабходнасьці ўмацаваньня міжнароднага парадку, заснаванага на правілах, і аб захаваньні прынцыпаў сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаў.

ЗША і Вялікая Брытанія выступілі за мірнае вырашэньне канфліктаў і пры гэтым падкрэсьлілі, што будуць падтрымліваць сваіх саюзьнікаў па NATO і што, пакуль ядзерная зброя існуе, NATO застанецца саюзам, якія валодае ядзерным арсэналам. У дакумэнце таксама гаворыцца пра неабходнасьць барацьбы са зьменамі клімату.

Байдэн і Джонсан сустрэліся ўпершыню пасьля ўступленьня прэзыдэнта ЗША на пасаду. Брытанскі прэмʼер, які ў мінулым станоўча выказваўся пра ранейшага прэзыдэнта ЗША і суперніка Байдэна Дональда Трампа — назваў сустрэчу з Байдэнам «глытком сьвежага паветра». Па словах прэзыдэнта ЗША, сярод тэмаў, якія яны абмяркоўвалі з брытанскім прэмʼерам, была барацьба з пандэміяй, аднаўленьне глябальнай эканомікі, клімат.

Байдэн прыбыў у Вялікую Брытанію напярэдадні. Гэта яго першая замежная паездка пасьля ўступленьня на пасаду. Выступаючы перад амэрыканскімі вайсковымі лётчыкамі, якія служаць на авіябазе Каралеўскіх вайскова-паветраных сілаў Вялікай Брытаніі ў Мілдэнголе, кіраўнік Белага дому пракамэнтаваў і будучую сустрэчу з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.

«Мы не імкнёмся да канфлікту з Расеяй, — сказаў прэзыдэнт ЗША. — Мы хочам стабільных і прадказальных адносінаў... Але я ясна даў зразумець, што калі расейскі ўрад будзе займацца шкоднай дзейнасьцю, адказ Злучаных Штатаў будзе жорсткім і мэтанакіраваным».

11 чэрвеня ў Брытаніі пачнецца саміт «Вялікай сямёркі». Потым Байдэн возьме ўдзел у самітах NATO і ЭЗ, а 16 чэрвеня сустрэнецца з Пуціным у Жэнэве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG