Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: гадавіна выданьня «Новай зямлі»


Якуб Колас, партрэт У. Сулкоўскага

Падзеі 11 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

11 чэрвеня 1923 году выйшла ў сьвет паэма Якуба Коласа «Новая зямля» — прызнаны нацыянальны эпас беларусаў. Паэма пачынаецца вядомымі кожнаму радкамі «Мой родны кут, як ты мне мілы» і распавядае пра пошукі сялянамі сваёй долі, што ўвасобілася ва ўласнай зямлі.

Таксама ў гэты дзень

1863 — падчас паўстаньня 1863-1864 гадоў аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы выдаў «Прыказ ад ронду польскага над цэлым краем літоўскім і беларускім да народу зямлі літоўскай і беларускай».

У гэты дзень нарадзіліся

1811Вісарыён Бялінскі, расейскі пісьменьнік, крытык і публіцыст.

1864Рыхард Штраўс, нямецкі кампазытар.

1899Ясунары Кавабата, японскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1968 году.

1910 — нарадзіўся Жак Іў Кусто, францускі акіянограф, вынаходнік аквалянга, бацька якога Даніла Куст паходзіў зь Беларусі.

1954 — нарадзілася Людміла Русава, мастачка.

Цяжка не пагадзіцца з Адамам Глобусам: Людміла была найбольш падобная да артысткі эпохі вялікага нямога кіно. Адамавы «Словы пра авангардыстку Люду Русаву» — сярод лепшых эсэ ягонай кнігі «Рысы. Нарысы пра творцаў».

Ад самага пачатку прыходу ў мастацтва на мяжы 70-х — 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя яна (як потым напішуць, лідэрка беларускага авангарду і «хросная маці айчыннага акцыянізму») нязьменна зьдзіўляла.

Зьдзіўляла жанравай і тэматычнай шырынёю канцэптуальнага творчага абсягу: жывапіс, графіка, тэкстыль, інсталяцыі, відэапраекты, фотакаляжы...

І — вершы (пад псэўданімам Вераніка Архангельская), а таксама тэарэтычнае асэнсаваньне мастацкіх пошукаў.

Людміла Русава стала ў Беларусі аўтаркаю першай арт-кнігі і ці ня першага пэрформансу.

Разам з мастаком Ігарам Кашкурэвічам яна зладзіла незабыўны выступ, прысьвечаны Казімеру Малевічу: аўтар «Чорнага квадрату» быў пахаваны ў супрэматычнай труне і ўрачыста ўнесены ў Палац мастацтва. Але Малевіч — разам з сэрбкай Марынай Абрамавіч, расейцам Андрэем Таркоўскім, французам Івам Кляйнам — і надалей патрэбны быў Русавай як віртуальны апанэнт, а таму адбыліся менскае «Ажыўленьне Казімера» і ягонае маскоўскае «Супрэматычнае ўваскрашэньне».

З аднолькавым посьпехам Людміла рэпрэзэнтавала сваю творчасьць і наша мастацтва ў Менску і Полацку, Віцебску і Маскве, Таліне і Стакгольме. Яе працы набывалі Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі і мэрыя Бону, Музэй Зымэрлі ў амэрыканскім штаце Нью-Джэрзі і калекцыянэры з усёй Эўропы.

Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што Русава стварала на скрыжаваньні трансцэндэнтальных абсалютаў і постмадэрнісцкай гульні, на сутыкненьні веры ў «аўру» тэарэтыка культуры Вальтэра Бэньяміна і немагчымасьці яе ўвасабленьня.

Аднойчы Людміла абвясьціла сябрам: ёй надакучыла служыць д’яблу і яна будзе служыць Богу, зрабіўшы асноўным колерам палітры блакітны.

Потым надышоў момант, калі яе палотны пацямнелі. Гэта не азначала, што яна адвярнулася ад Бога. У Русавай дыягнаставалі невылечную ваўчанку. «Жыць засталося мала, — казала яна, — але я цяпер цалкам свабодная. Я адчуваю лёгкасьць, бо нікому нічога не вінаватая. Хвароба сьпісала ўсе мае пазыкі. У мяне засталіся лёгкасьць, свабода і блакітны колер».

Людміла захаплялася Ігнатам Грынявіцкім, наагул нарадавольцамі і мела пісталет, што нарадзіла думку пра яе магчымае самагубства. Аднак яна, неверагодна пакутуючы, ня стрэліла і сышла, глянуўшы ў вочы сьмерці з стаічнай мужнасьцю.


Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, С. 596-597

У памяці

1937 — у «справе Тухачэўскага» былі расстраляныя савецкія ваеначальнікі Тухачэўскі, Якір, Убарэвіч, Корк і іншыя.

1993 — памёр Віталь Цвірка, беларускі жывапісец.

1997 — памёр Юры Карачун, мастак і мастацтвазнаўца, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х

Ужо даўно я жыву недалёка ад Нацыянальнага мастацкага музэю, дзе ён дваццаць гадоў працаваў дырэктарам. Безьліч разоў мы сустракаліся на вуліцы ці ў музэйных залях, віталіся й казалі адзін адному колькі ветлівых словаў.

Я дзякаваў за запрашэньне на чарговы вэрнісаж, ён чытаў нешта маё. За ягонай магутнай постацьцю адчувалася найперш не фізычная дужасьць, а духоўная глыбіня, што натхняла на больш блізкія стасункі.
Ды, як гэта, на жаль, нярэдка бывае, калі я нарэшце вырашыў зьдзейсьніць даўні намер, падпісаў Юрыю Карачуну кнігу і сабраўся зайсьці да яго, ён зірнуў на мяне з газэтнай калёнкі ў жалобнай рамцы.

З таго дня прамінула цэлая чвэрць стагодзьдзя, што толькі дапамагло ацаніць значнасьць постаці Карачуна.

Ён, бясспрэчна, быў чалавекам дзяржаўнага мысьленьня, у якім талент мастака шчасьліва спалучаўся з бліскучымі арганізацыйнымі здольнасьцямі. Досыць сказаць, што найперш дзякуючы ягонай настойлівасьці пачалася рэальная рэстаўрацыя Мірскага замку, які ўрэшце быў улучаны ў Усясьветны сьпіс спадчыны ЮНЭСКО. Філіялы музэю зьявіліся ў Раўбічах, Гальшанах, Магілеве, Менску (Дом Ваньковічаў, сядзіба ў Лошыцы).

За часамі дырэктарства Карачуна ў музэі, апрача безьлічы іншых, адбыліся выставы мастакоў нашага замежжа — Міколы Пашкевіча, Галіны Дакальскай, Галіны Русак.

У прадмове да каталёгу спадарыні Галіны Русак Юры Аляксандравіч пісаў: «Надзвычай цікавым і каштоўным уяўляецца тое, што разьвіцьцё творчасьці нашых землякоў за мяжою ішло натуральна, яны ня зьведалі ўціску таталітарных умоваў і традыцыяў».

Такіх поглядаў, як і шмат чаго іншага, Карачуну не даравалі — і сёй-той з калегаў, і неадукаванага чынавенства ад культуры, што пачало правіць баль пасьля 1994-га.

У апошнія гады яму зь ягонай беларусацэнтрычнасьцю жыць было няпроста. Спадар Юры ратаваўся ўласнай творчасьцю, працуючы ў кніжнай графіцы, ствараючы сонечныя акварэльныя краявіды, у якія хочацца хоць на колькі хвілінаў заляцець птушкай ці матыльком, каб пазбыцца шэрага цяжару будзённасьці.

Карачуна няма, але ягоныя ідэі працягваюць урэчаісьнівацца.

Пры канцы 2006-га прыняў наведнікаў новы будынак Мастацкага музэю з творамі беларускіх мастакоў.

Але наўрад ці Юры Карачун, ініцыятар будаўніцтва гэтак званай «другой чаргі», пагадзіўся б з тым, што ў старых «намоленых» сьценах, куды адразу трапляе наведнік, чамусьці выставілі творы расейскага мастацтва.

Цяжка дапусьціць і тое, каб ён ухваліў новую экспазыцыю, дзе няма твораў вядомых сучасных мастакоў, што «правінаваціліся» перад уладамі, для якой творчая асоба апрыёры на падазрэньні.


Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, С. 440-441

2011 — ад анкалягічнай хваробы памёр Віталь Сіліцкі, беларускі палітоляг, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS).

Віталь Сіліцкі
Віталь Сіліцкі

Палітолягу, бліскучаму аналітыку Віталю Сіліцкаму заўсёды будзе трыццаць восем.

Адказваючы за некалькі гадоў да свайго такога раньняга сыходу на пытаньне анкеты: «Што значыць быць беларусам?» — ён напісаў: жыць у Беларусі, размаўляць па-беларуску, любіць Беларусь, дбаць пра Беларусь. Любіць для яго й азначала — дбаць.

У васямнаццаць ён з дакладам, прысьвечаным дэмакратычным зьменам у Ўсходняй Эўропе, стаў пераможцам усесаюзнай алімпіяды юных сацыёлягаў. Надыходзіў час самому прысьпешваць гэтыя зьмены ўчынкамі й навуковымі штудыямі.

У яго ўсё заўжды было на «выдатна». БДУ — дыплём сацыёляга. Цэнтральнаэўрапейскі ўнівэрсытэт у Будапэшце — магістар паліталёгіі. Ратгэрскі ўнівэрсытэт у ЗША — ужо доктар. Супрацоўніцтва з інтэрнэт-газэтай Naviny.by і «Нашай Нівай». Заснаваньне адной з самых аўтарытэтных аналітычных структураў краіны — Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў.

Віталь пакінуў нас у чорнае лета 2011 году, калі мы ледзь ня кожны тыдзень разьвітваліся з тымі, хто, як і ён, плённа працаваў дзеля той Беларусі, якая нам пакуль толькі сьніцца. Філёзаф Уладзімер Конан, гісторык-архівіст Віталь Скалабан, зусім маладыя — бліскучы гістарычны картограф Віктар Цемушаў, гісторык і паэт Эдуард Мазько, мастацтвазнаўца Юрась Малаш, гісторык Вольга Рамановіч, што пераклала два тамы францускамоўных мэмуараў Міхала Клеафаса Агінскага, Васіль Храмцоў, адзін з тых, на кім трымалася беларушчына на Полаччыне... Кожны быў непаўторны, а хтосьці — незаменны.

Пасьля ўсяго, што здарылася зь Беларусьсю ў ХХ стагодзьдзі, слой нашай інтэлігенцыі застаецца вельмі тонкім. Гэта значыць, даводзіцца ўскладаць на сябе абавязкі і справы, прызначаныя не для аднаго чалавека. Ня кожны здольны несьці такую ношу бясконца.

«Я паміраю. Прашу: зрабіце ўсё, каб жылі тыя ідэі, якімі я жыў», — сказаў Віталь сябрам у адзін з апошніх дзён.

У Цэнтральнаэўрапейскім унівэрсытэце заснаваная стыпэндыя яго імя для беларускіх студэнтаў. Інстытут эўрапейскіх навук у Славаччыне й Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў стварылі сваю стыпэндыяльную праграму імя Сіліцкага.

Сябры заснавалі Фонд Сіліцкага, выдалі ягоныя кнігі «Адкладзеная свабода» ды «Доўгая дарога ад тыраніі: посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сэрбіі й Беларусі».

Калегі і вучні называлі яго лідэрам навуковага аналізу, які вывучаў Беларусь у кантэксьце ўсясьветнай паліталягічнай навукі, нязьменна прапускаючы праблемы праз розум навукоўца і праз сэрца патрыёта.

А для мяне Віталь быў яшчэ й апантаным футбольным заўзятарам. Ці здолеў ён аднекуль адтуль пабачыць фэерычную гульню БАТЭ зь мюнхэнскай «Баварыяй», калі нашы выйгралі 3:1?

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, С. 608-609

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG