Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як можна баяцца санкцый, якія быццам нічога не значаць


Падчас жаночага пратэсту ў Менску ў верасьні 2020 году

Беларускі саюз жанчын, ляяльны да рэжыму Лукашэнкі, абураецца «палітычнаму і эканамічнаму ціску на Беларусь». Старшыня арганізацыі Алена Богдан патрабуе, каб быў пачуты голас жанчын, якія жывуць і працуюць у Беларусі. А я ў сваю чаргу хачу, каб Алена Богдан пачула мяне — жанчыну, якой давялося зьбегчы з радзімы, бо там не было ні спакойнага жыцьця, якога нібыта так хоча чыноўніца, ні сацыяльна арыентаванай справядлівай дзяржавы, ні павагі да міжнароднага права. Затое быў сапраўдны тэрор і бясконцы перасьлед людзей з палітычных матываў, супраць чаго ні сама Богдан, ні яе паплечніцы ні разу не выказваліся.

І я, як жанчына, якая згубіла радзіму праз палітычны перасьлед, заяўляю: у цяперашняй сытуацыі эканамічны і палітычны ціск на рэжым Лукашэнкі — бадай, адзіны шанец вярнуць у Беларусь і міжнароднае права, і спакойнае жыцьцё. А калі б санкцыі пачаліся раней і былі больш жорсткімі, дык, магчыма, не было б у нас цяпер сотняў палітвязьняў і тысяч уцекачоў. І столькі забітых у выніку падаўленьня пратэстаў таксама не было б.

Вядома ж, я разумею, што, кажучы нібыта ад імя ўсіх беларускіх жанчын, Алена Богдан насамрэч прадстаўляе інтарэсы толькі аднаго чалавека, які нават не жанчына. Але па-за інтарэсамі Лукашэнкі ў нас ёсьць іншая Беларусь: там шматдзетныя маці атрымліваюць вялікія тэрміны па палітычных артыкулах, журналісткі сядзяць у турме за выкананьне працоўных абавязкаў, а актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк піша са сьледчага ізалятару ліст сыну, бо мужу пошта праходзіць вельмі кепска, а так ёсьць хоць нейкі шанец. Там жанчыны, якіх судзяць па палітычных артыкулах, пішуць перадсьмяротныя лісты. Там у ізалятарах жанчыны тыднямі сядзяць бяз душу і пракладак.

Ці ня хочаце вы, Алена, зрабіць заяву ад імя 18-гадовай Сафіі Малашэвіч, якой прысудзілі два гады калёніі за тое, што расфарбавала на маршы шчыты сілавікоў? Ці ад імя грамадзянкі Швайцарыі Натальлі Хершэ, якой далі два з паловай гады калёніі за сарваную з амапаўца балаклаву? Ці ад імя грамадзянкі Расіі Соф’і Сапегі, якую фактычна ўзялі ў закладніцы за тое, што яна дзяўчына Рамана Пратасевіча?

Гэта ўсё — нейкія быццам няправільныя жанчыны, нявартыя ўвагі Беларускага саюзу жанчын. Ідэалягічна няўдалыя, бо пасьмелі пратэставаць супраць беззаконьня, каб зрабіць лепшай краіну і для сябе саміх, і для сваіх дзяцей. І калі б яны цяпер маглі прачытаць, што пра санкцыі вы кажаце «тое, што сёньня спрабуюць зрабіць з нашай краінай, заўтра можа закрануць і вас», яны б, мяркую, доўга сьмяяліся.

Алена, ну няўжо вы і праўда не разумееце, што гэтыя слова вам трэба накіраваць на сябе саму? Тое, што ўлады зрабілі з пратэстоўцамі, заўтра можа закрануць і вас. Больш за тое, яно ўжо закранае вас асабіста і вашых родных, але вінаватымі вы абвяшчаеце ня тых.

І дужа хочацца нарэшце зразумець: усё ж замінаюць вам санкцыі ці не? Напэўна, варта аматарам Лукашэнкі неяк выпрацаваць хоць мінімальна несупярэчлівую пазыцыю (пажадана, адну на ўсіх) і пасьлядоўна яе прытрымлівацца. Бо атрымліваецца, што санкцый вы быццам не баіцеся, але подпісы супраць іх дабравольна-прымусова зьбіраеце і звароты да іншых краін і замежных арганізацый робіце. Нестыковачка атрымліваецца!

Але вы ўсё ж пачытайце ў вольны час пра палітзьняволеных жанчын і зрабіце хоць нешта добрае для іх дзяцей, калі юнае пакаленьне вас так хвалюе. А калі хочаце хутчэйшай адмены санкцый — пазбаўляйце рэжым Лукашэнкі сваёй падтрымкі. Чым менш людзей будзе дапамагаць яму ўтрымліваць уладу, тым хутчэй скончыцца гэтае пекла.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG