Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Гарулёў, прафэсіянал, які ня ўмеў гараваць


Юры Гарулёў у час працы ў Глыбокім

13 чэрвеня на 78-м годзе жыцьця памёр беларускі кінарэжысэр і апэратар Юры Гарулёў.

Першае, што прыходзіць на памяць пра Юру — усьмешка, радасная прыязнасьць, якая прыцягвала да яго на здымачных пляцоўках, на мастацкіх нарадах, на прэм’ерах і на сяброўскай бяседзе.

Яго найлепшым часам было нараджэньне свабоды — бліскучая праца з геніяльным Аркадзем Рудэрманам у 1980-я (фільм «Тэатар часоў перабудовы і галоснасьці» і іншыя), яны і ў аварыю, якая забрала жыцьцё Аркадзя, трапілі разам, у адной машыне на горнай дарозе Таджыкістану, дзе здымалі вайну.

Неяк у адказ на пытаньне журналісткі пра самыя значныя падзеі, якія ён здымаў, ён расказаў аб працы ў Армэніі, дзе ў 1989-м мы разам рабілі кіно пра землятрус («Цавэд Танэм. Фрагмэнты трагедыі», рэжысура Міхаіла Жданоўскага, я быў аўтарам сцэнару, Юра апэратарам, Ірына Дзям’янава рэдактарам). Юра запомніў салодкі трупны пах, які заліў руіны Ленінакану; людзей, якія кідаліся выцягваць ня мёртвыя целы, а золата і грошы, ціхае галашэньне жанчын, і як у першую ж ноч мы выпілі ўсю гарэлку, якую прывезьлі, каб не замерзнуць у гарах сьнежаньскімі начамі. Гэта быў успамін не апэратара, не рэжысэра, ня ўдзельніка вандроўнай кінагрупы, а чалавека, які глыбока адчувае драму і трагізм жыцьця. Таму, пэўна, і фільм аказаўся найлепшым з усіх, што зьнялі пра той землятрус.

19 жніўня 1991 разам зь Юрам і Сяргеем Навумчыкам мы сустрэліся і ўвесь вечар путчу зь нейкім радасным адчаем рыхтаваліся да заўтрашніх здымкаў, магчыма, апошніх. Мы рабілі фільм па маім сцэнары «Дэпутаты» — і тры наступныя дні сталі ці не адзінай дакумэнтальнай хронікай беларускага супраціву.

Сяргей, які быў адным з герояў фільма, правёў нас у Дом ураду, у кабінэт апазыцыі, і ў фільме ёсьць кадры, якія і сёньня стаяць перад вачыма: рэзкі профіль Зянона Пазьняка, рашучая Галіна Сямдзянава, упарты рух Сяргея Антончыка... Дэпутаты выходзяць з пакоя ў прыцемак шырэзнага калідору і крочаць па зігзагах мармуравай лесьвіцы, паварочваюць, спускаюцца па адным і, адціскаючы сілавое поле канаючай улады, выходзяць пад адкрытае неба гісторыі. У гэтай сцэне, зьнятай адным кадрам, фізычна клубіцца час, нейкія цёмныя пласты спаўзаюць са сьцен сталінскага гмаху, мінулае сьцякае, як густы сыроп, і шматкамі застаецца на прыступках, па ім хлюпаеш як па глеі, гразнучы і прасьлізгваючы, як у нямым кіно, — пад неба будучыні.

Юры Гарулёў меў шчасьлівую здольнасьць не гараваць — ня ставіцца занадта сур’ёзна да праблемаў і перашкодаў. Беднае кіно наша заўсёды складалася з праблемаў: то грошай няма, то стужкі, то апэратар спазьніўся, то начальства памянялася, то рэйс адмянілі, то героя арыштавалі. Невырашальныя праблемы Юры вырашаў лёгка, бяз драмы, а калі не — ішоў далей. Сьвет складаецца не з тупікоў, а з новых дарог.

Яго патрабавальная рэдактарка і суаўтар, адданая кіно Іра Дзям’янава не пераносіла халтуры, і Юра разумеў гэтую мову прафэсіяналізму — яны маглі вяртацца і пераздымаць, пераагучваць, ён мог праводзіць доўгія гадзіны ў мантажных, ганяючы стужку туды-назад, выбіраючы кадры, аддаючы і адсякаючы, падкладаючы гук, музыку, пакуль не знаходзіўся ляканічны і выразны мантажны эпізод. Гэта быў дадыгітальны пэрыяд, вядома. Ня ведаю, чаму, але Юравы вялікія працы канца 1980-х пачатку 1990-х не пазначаны ў артыкуле ў Вікіпэдыі.

Я быў на здымках зь ім у Парыжы і Курапатах, на землятрусе ў Армэніі і ў бібліятэцы Скарыны ў Лёндане, у маскоўскім шпіталі і чарнобыльскай царкве. Апошнія чвэрць стагодзьдзя мы жылі ў розных краінах і не працавалі разам.

Але сёньня перад вачыма ноч 19 жніўня 1991-га. Мы зь Юрам, сябрамі, сядзім у мяне дома ў Менску, з тэлевізара лезуць у пакой нейкія чорныя згусткі сукравіцы, як зь яшчэ ненапісанага і нязьнятага фільма пра Гары Потэра. На стале пустыя бутэлькі, халодная макарона, за вакном жнівеньская густая ноч, але ніхто не зьвяртае ўвагі на час — энэргія маладой весялосьці, бясстрашнай і лятучай, здольнай лёгка стаць перад танкамі з камэрай, зь мікрафонам, з усьмешкай. Усё яшчэ заўтра.

Усё ўжо ўчора.

Хоць не — і сёньня таксама.

В.П.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG