Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Літвы: Беларусь выкарыстоўвае нелегальных мігрантаў як зброю


Літоўскі памежнік на мяжы зь Беларусьсю

Паводле Габрыэлюса Ландсбэргіса, міністра замежных справаў Літвы, Беларусь выкарыстоўвае нелегальных мігрантаў з Іраку і Сырыі «як зброю» супраць яго краіны, перамяшчаючы іх празь мяжу ў Літву.

Пра гэта Ландсбэргіс сказаў брытанскаму выданьню Financial Times.

Ён адзначыў, што Беларусь вядзе «гібрыдную атаку на Эўропу», завабліваючы мігрантаў пакетнымі ўгодамі дзяржаўнага турыстычнага агенцтва, якія ўключаюць рэйсы з Багдаду ці Стамбулу і паездкі да літоўскай мяжы.

Да гэтага часу, сказаў літоўскі палітык, колькасьць мігрантаў, затрыманых у Літве, якія перасякаюць мяжу зь Беларусі, павялічылася амаль удвая ў параўнаньні з папярэднімі трыма гадамі.

«Гэтыя мігранты — зброя, накіраваная супраць Літвы. Прычына? Лёгка здагадацца. Мы адкрыта выступаем (у беларускіх пытаньнях. — РС), мы далі прытулак галоўнаму апазыцыйнаму лідэру [зь Беларусі]», — адзначыў Ландсбэргіс.

Ландсбэргіс паведаміў, што дзяржаўная турыстычная кампанія «Цэнтркурорт» выкарыстоўвае самалёт «Боінг 777» для перавозкі мігрантаў, і заявіў, што ў Менску ў цяперашні час знаходзяцца 1000 іракцаў і сырыйцаў.

Паводле стану на 14 чэрвеня, сёлета Літва затрымала 387 мігрантаў на беларускай мяжы (за ўвесь мінулы год — 74). «Вось куды ўсё гэта можа ісьці — выпрабаваць нашу краіну, выпрабаваць Эўропу», — пракамэнтаваў сытуацыю Габрыэлюс Ландсбэргіс.

Financial Times адзначае, што Міністэрства замежных спраў Беларусі не адказала на просьбу даць камэнтар, як і кампанія «Цэнтаркурорт».

Днямі агенцтва БелТА са спасылкай на Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміла, што «з пачатку бягучага года адзначаецца істотны рост колькасці мігрантаў, якія робяць спробы незаконна патрапіць у краіны Эўразьвязу». Паводле іх, на мяжы зь Літвой колькасьць затрыманых нелегальных мігрантаў вырасла практычна ў 20 раз.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG