Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская тэма на саміце ў Жэнэве: залішнія надзеі адных і марныя перасьцярогі другіх


Уладзімір Пуцін і Джо Байдэн у Жэневе 16 чэрвеня

Напярэдадні жэнэўскага саміту ў мэдыя было шмат развагаў пра тое, што Байдэн з Пуціным могуць дамовіцца, заключыць гістарычную ўгоду, ажыцьцявіць геапалітычны разьмен, часткай якога стане Беларусь. Аднак, мяркую, гэта аказалася немагчымым. На тое шмат прычынаў.

Сьцісла

  • Не хапіла часу, каб дэталёва абмеркаваць беларускае пытаньне.
  • Беларусь — зусім не прыярытэт у замежнай палітыцы ЗША.
  • У адносінах паміж ЗША і Расеяй няма даверу.
  • Расея адрынае спробы ЗША ўплываць на постсавецкую прастору.
  • ЗША ў прынцыпе не прымаюць канцэпт «сфэры ўплыву».
  • Тое, што Пуціну нібыта дастаткова захацець, і ён скіне Лукашэнку, — гэта міт.

У некаторых мэдыя былі нават спробы акрэсьліць асноўныя парамэтры геапалітычнага разьмену паміж Вашынгтонам і Масквой. Маўляў, ЗША ня будуць пярэчыць кантролю Расеі над Беларусьсю (бо перашкодзіць гэтаму ў Вашынгтона амаль няма магчымасьцяў) пры ўмове, што Пуцін вырашыць «праблему Лукашэнкі». Узамен Расея «дазваляе» дрэйф Украіны ў заходнім кірунку.

Гіпотэза прыгожая, але, на маю думку, даволі абстрактная і маларэальная. І на тое існуе шмат прычын.

1. Найперш таму, што падчас адносна кароткіх перамоваў бакам трэба было абмеркаваць шмат пытаньняў. Прычым ня толькі праблем двухбаковых адносін, але і крызісных ачагоў у розных рэгіёнах сьвету. Беларускае пытаньне — толькі адно з шэрагу. Проста магло не хапіць часу, каб дэталёва яго абмеркаваць.

2. Хоць беларускі афіцыёз спрабуе пераканаць, што менавіта Злучаныя Штаты арганізавалі тут «каляровую рэвалюцыю», насамрэч Беларусь — зусім не прыярытэт у замежнай палітыцы ЗША. Яна не стварае непасрэдных праблем амэрыканскім інтарэсам, каб аддаваць ёй надта шмат увагі.

3. Вельмі важны чыньнік расейска-амэрыканскіх адносін — гэта адсутнасьць даверу. Любая ўгода, дамоўленасьць грунтуецца на тым, што бакі будуць выконваць яе. Нічога падобнага цяпер няма. Ступень канфрантацыі сёньня паміж імі такая вялікая, што адбываецца эскаляцыя супрацьстаяньня. ЗША ўводзяць усё новыя санкцыі супраць Масквы. Адзінае, пра што маглі дамовіцца прэзыдэнты, — гэта пра рамкі, у межах якіх павінен праходзіць канфлікт, пра «чырвоныя лініі», якія нельга пераступаць.

4. Пазыцыя Расеі грунтуецца на тым, што постсавецкая прастора — гэта расейская сфэра ўплыву, у якую ЗША не павінны ўлазіць, А ўжо Беларусь для Крамля — асаблівая дзялянка, таму Пуцін так рашуча абараняе Лукашэнку. Для Пуціна непрымальная сытуацыя, калі аўтарытарны лідэр сыходзіць пад ціскам народнага пратэсту. Бо ён прымярае падобную сытуацыю на сябе.

5. ЗША ў прынцыпе не прымаюць канцэпт «сфэры ўплыву». Пуцін пасьля Крыму настойліва прапаноўваў Вашынгтону аднавіць Ялцінска-Потсдамскую сыстэму, паводле якой вялікія краіны пасьля другой сусьветнай вайны дзялілі сьвет на такія сфэры кантролю. Але цяпер Злучаныя Штаты лічаць, што гэтая канцэпцыя састарэла, не адпавядае новай рэальнасьці, нават невялікія краіны імкнуцца мець сваю суб’ектнасьць і маюць на гэта права. Таму Вашынгтон супраць таго, каб пагадзіцца перадаць Беларусь у расейскую сфэру ўплыву. Невыпадкова афіцыйныя амэрыканскія асобы настойліва падкрэсьліваюць, што выступаюць за ўмацаваньне сувэрэнітэту Беларусі.

6. А ці здольны быў бы Пуцін у прынцыпе вырашыць «беларускае пытаньне», нават калі б ён пра гэта дамовіўся з Байдэнам? Той кароткі пэрыяд (жнівень-верасень 2020 г.), калі расейскі прэзыдэнт сапраўды мог паспрыяць сыходу Лукашэнкі, даўно прайшоў. Тое, што Пуціну нібыта дастаткова захацець, і ён скіне Лукашэнку, — гэта міт, які распаўсюджваецца расейскімі экспэртамі. Насамрэч крамлёўскі кіраўнік ня змог абараніць газпромаўскі банк на тэрыторыі Беларусі ад рэйдэрскага захопу, ня мог дамагчыся вызваленьня вагнэраўцаў, пакуль не зьмянілася сытуацыя. Цяпер ня можа выдрапаць зь беларускай турмы расейскую грамадзянку Соф’ю Сапегу, затрыманую разам з Раманам Пратасевічам.

Адзінае, што магло адбыцца па беларускім кейсе падчас саміту ў Жэнэве, — гэта абмен думкамі, пазыцыямі, магчыма, перасьцярогамі. Таму, мяркую, вялікія надзеі адных, як і вялікія перасьцярогі другіх, — дарэмныя.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG