Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удава Тарайкоўскага: «Чаму я павінна плаціць за дапамогу дзіцяці?»


Алена Герман, удава забітага падчас пратэстаў Аляксандра Тарайкоўскага

Алена Герман, удава забітага падчас пратэстаў Аляксандра Тарайкоўскага, лічыць несправядлівым плаціць падатак з дабрачыннай дапамогі, якую даслалі ёй людзі пасьля трагічнай сьмерці мужа.

«Так, мне прыйшоў ліст з падатковай пра тое, што мне трэба запоўніць дэклярацыю аб даходах за мінулы год, і да першага траўня трэба было падаць, а да першага чэрвеня заплаціць, — сказала яна Свабодзе. — Я была гатовая да таго, што трэба будзе заплаціць гэты падатак, я пра гэта ведала, але проста ня думала пра гэта, не да гэтага было. Цяпер, калі яны налічылі гэтую суму, мне проста шкада…»

«Разумееце, я цаню падтрымку кожнага, і, канечне, хочацца захаваць гэтыя грошы, — адзначае ўдава. — Чаму плаціць падатак за такую разавую дапамогу? Таму я зьвярнулася да праваабаронцы (з пытаньнем. — РС), што можна зрабіць, і мы вырашылі паспрабаваць неяк гэтага пазьбегчы. (…) Улічваючы тое, што крымінальная справа (за забойства мужа. — РС) не заведзеная і пазоў выставіць няма каму, чаму я павінна плаціць за дапамогу дзіцяці? (…) Калі нічога ня выйдзе, я заплачу, але паспрабаваць, як мне здаецца, трэба ўсё-ткі».

Алена Герман кажа, што не разумее, чаму трэба плаціць падатак з дапамогі, якую даслалі неабыякавыя людзі са сваіх зарплатаў:

«Таму што гэта дапамога людзей. Людзі працуюць, атрымліваюць зарплату, нехта вырашыў дапамагчы, так? Атрымліваецца двайное падаткаабкладаньне — у іх з зарплаты падаходны падатак вылічваюць, і тут вось, атрымліваецца, зноў трэба заплаціць падатак. Мне гэта крыху незразумела».

Яна падкрэсьлівае, што людзі да гэтага часу прапануюць ёй дапамогу, але яна адмаўляецца, «таму што ня ўсе мы жывём у нястачы, я працую, у нас усяго ў дастатку».

Падаходны падатак склаў 11 001,63 беларускага рубля (4435 даляраў). Гэтую суму Алена Герман мусіла заплаціць да 1 чэрвеня. З гэтага дня штодня налічваецца пеня.

Алена выхоўвае дачку Аляксандра Тарайкоўскага, якой у траўні споўнілася чатыры гады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG