Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве зрабілі больш жорсткімі абмежаваньні з прычыны COVID-19. Улады думаюць пра новы локдаўн і рэвакцынацыю


Дэзынфэкцыя на Рыскім вакзале ў Маскве, 17 чэрвеня 2021 году

Мэр Сяргей Сабянін падоўжыў абмежаваньні, уведзеныя на гэтым тыдні ў Маскве з прычыны пагаршэньня сытуацыі з каранавіруснай інфэкцыяй, да 29 чэрвеня.

Арганізацыям грамадзкага харчаваньня забаронена працаваць з 23:00 да 6:00, закрылі дзіцячыя гульнявыя і спартовыя пляцоўкі, фудкорт і заапаркі.

Пры гэтым з 21 чэрвеня адмяняецца так званы рэжым непрацоўных дзён, які дзейнічаў з 12 да 20 чэрвеня.

У Маскве таксама абмежавалі правядзеньне відовішчных мерапрыемстваў, дазволіўшы пускаць на іх ня больш за адну тысячу чалавек.

«Мы ўсіх папярэджвалі. Калі ласка, на стадыёнах, у вялікіх канцэртных залях будзьце акуратнейшыя, паважайце патрабаваньні бясьпекі. І што? На танцпляцоўках натоўпы радасных людзей. Я не хацеў гэтага рабіць, але давядзецца. Зь сёньняшняга дня абмяжуем відовішчныя мерапрыемствы максімум 1000 людзьмі. Гэта азначае, што тэатры і кіно змогуць працаваць. А масавыя відовішчныя мерапрыемствы мы на час спынім. Танцпляцоўкі і фан-зоны для заўзятараў таксама давядзецца зачыніць», — напісаў мэр Масквы ў сваім блогу.

За мінулыя суткі, паводле афіцыйных дадзеных, у Маскве выявілі больш за 9 тысяч інфікаваных каранавірусам. Гэта самы высокі паказьнік за ўвесь час эпідэміі. У Расеі выяўлена больш за 17 тысяч новых выпадкаў інфэкцыі. Такіх высокіх лічбаў не было са студзеня.

Таксама Сабянін заявіў аб «жыцьцёвай неабходнасьці» паўторнай вакцынацыі для тых, хто ўжо прышчапіўся.

Паўторная вакцынацыя ад каранавірусу будзе праходзіць першым кампанэнтам вакцыны. Масква мае намер супрацоўнічаць з урадам для распрацоўкі тэрмінаў і тэхналёгіі рэвакцынацыі, заявіў Сабянін.

Улады Масквы разглядаюць магчымасьць увядзеньня новага локдаўну, але рашэньне пакуль не прынятае, пісаў Forbes са спасылкай на крыніцы, блізкія да мэрыі. Улады абмяркоўваюць локдаўн з 20 чэрвеня для непрышчэпленых, аднак дакладнае рашэньне будуць прымаць, зыходзячы са статыстыкі захварэлых на COVID-19, размовы з прадстаўнікамі бізнэсу і статыстыкі па вакцынацыі супраць COVID-19.

16 чэрвеня ўлады Масквы і Падмаскоўя абавязалі вакцынаваць ня менш за 60% работнікаў сфэры паслуг, адукацыі, транспарту, ЖКГ, а таксама дзяржаўных службоўцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG