Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто вінаваты, што прыходзіць мэдычная катастрофа


Пратэст мэдыкаў у РНПЦ «Кардыялёгія» ў Менску 12 лютага 2021

Летась у лістападзе я сядзела ў адной камэры магілёўскага ІЧУ разам з мэдсястрой адной зь менскіх лякарняў. Жанчыну затрымалі на пратэсьце мэдыкаў і прысудзілі ёй адміністрацыйны арышт, нягледзячы на тое, што яна была вельмі патрэбна ў сваім ковідным стацыянары. У суседняй з намі камэры за той жа пратэст сядзела доктарка іншай лякарні.

У тыя ж тыдні не працягнулі кантракт дзіцячаму анэстэзіёлягу-рэаніматолягу Андрэю Вітушку, у хуткім часе – траўматолягу-артапэду Рустаму Айзатуліну, які таксама займаўся неданошанымі немаўлятамі і дзецьмі з рэдкімі спадчыннымі нэўрацяглічнымі захворваньнямі. Паводле палітычных матываў таксама звольнілі дырэктара РНПЦ «Кардыялёгія» Аляксандра Мрочака, дзіцячага кардыёляга Алену Баранаву, фтызіятра Мікалая Козіча, галоўнага доктара менскай дзіцячай лякарні №3 Максіма Ачарэтняга. Па палітычна матываванай крымінальнай справе асудзілі анэстэзіёляга Арцёма Сарокіна, цяпер пад сьледзтвам знаходзіцца сківічны хірург Андрэй Любецкі.

Унікальных спэцыялістаў саджаюць і звальняюць за палітыку, шмат хто зьяжджае з краіны, а напярэдадні дня мэдыка старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава сустракаецца са студэнтамі мэдычных ВНУ, дзе расказвае ім пра сацыяльна арыентаваную беларускую дзяржаву і пра павагу да мэдыкаў. Атрымліваецца непраўдападобна.

Па-першае, Качанава дарма называе мэдыцыну «не прафэсіяй і не спэцыяльнасьцю, а пакліканьнем і ладам жыцьця». Гэта даўні і добра вядомы маніпуляцыйны прыём – калі дзяржава ня хоча добра плаціць і ў цэлым забясьпечваць прыстойныя ўмовы працы ў нейкай сфэры, яна абвяшчае гэтую сфэру «пакліканьнем», «сьвятыняй» і ўвогуле ўжывае шмат патасных выразаў. Калі даць мэдыкам магчымасьць добра зарабляць, не жывучы пры гэтым на працы, а таксама своечасова падвышаць кваліфікацыю, езьдзіць на міжнародныя канфэрэнцыі для абмену досьведам і рэалізоўваць наватарскія ідэі, іх ня трэба будзе матываваць байкамі пра лад жыцьця.

Па-другое, словы «галоўнае – гэта чалавек, клопат пра яго» з вуснаў чыноўніцы гучаць надзвычай цынічна пасьля таго, як у першую хвалю каранавірусу мэдыкаў забясьпечвалі пераважна валянтэры, а не дзяржава. Уладзімера Мартава звольнілі за тое, што ён загаварыў пра перабоі з кіслародам у ягонай лякарні. І цяперашнія бясконцыя палітычна матываваныя звальненьні і затрыманьні мэдыкаў празрыста намякаюць, што галоўнае ў краіне – адзін канкрэтны чалавек, якога завуць Аляксандр Лукашэнка, і сыстэма аддае ўсе свае сілы на клопат пра яго.

Сам Лукашэнка, дарэчы, таксама выказваецца з нагоды дня мэдыка. Кажа, што ў Менску сытуацыя з мэдыцынай горшая, чым у рэгіёнах, і што дактары – гэта люстэрка дзяржавы. Заклікае мэдыкаў быць вартымі гэтага званьня, што, безумоўна, варта разумець як «быць абсалютна ляяльнымі і падтрымліваць Лукашэнку асабіста і ягоны рэжым, нягледзячы ні на што».

Але ж – сюрпрыз – сытуацыя з мэдычнай дапамогай у Менску нярэдка кепская менавіта праз тое, што дактароў звальняюць за неляяльнасьць да ўладаў. І пакуль публічная падтрымка ці прынамсі адсутнасьць асуджэньня рэжыму будзе ўмовай для працы ў мэдыцыне, сытуацыя будзе пагаршацца. Мэдыкі бачаць наступствы катаваньняў і ўмеюць аналізаваць тое, з чым сутыкаюцца ў штодзённым жыцьці. І можна, вядома ж, працягваць звальняць і саджаць усіх нязгодных, але наступствам стане якасна новы ўзровень гуманітарнага крызісу.

Таму калі Лукашэнка нарэшце заўважыў, што сытуацыя з мэдыцынай вельмі складаная, яму трэба не прыдумляць афарызмы пра дактароў як люстэрка дзяржавы, а самому стаць перад люстэркам і ўбачыць сапраўдную прычыну цяперашняй мэдычнай катастрофы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG