Лінкі ўнівэрсальнага доступу

COVID-19: Пачаліся выпрабаваньні вакцыны-спрэю, «Спутник V» у Эўразьвязе раней за верасень ня ўхваляць


Паводле стану на 20 чэрвеня 2021 году, колькасьць інфікаваных COVID-19 у сьвеце дасягнула 179,093 мільёна чалавек. Ахвярамі сталі 3,877 млн чалавек, выздаравелі 163,620 млн.

У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, на 20 чэрвеня захварэлі 410 678 чалавек, памерлі — 3 044, паправіліся і выпісаліся — 403 758, цяпер хварэюць — 3 876.

На думку незалежных экспэртаў, афіцыйная статыстыка ў Беларусі, асабліва што да колькасьці сьмяротных выпадкаў, істотна заніжаная ў параўнаньні з рэальнай сытуацыяй.

Адным сказам

  • У Аўстраліі пачаліся клінічныя выпрабаваньні вакцыны новага тыпу супраць COVID-19 — яна будзе ўводзіцца з дапамогай назальнага спрэю.
  • Нямецкая вакцына CureVac правалілася на прамежкавай стадыі выпрабаваньняў; аўтары патлумачылі правал наяўнасьцю беспрэцэдэнтнай колькасьці варыянтаў вірусу
  • Ухваленьне расейскай вакцыны ад каранавіруснай інфэкцыі «Спутник V» у Эўразьвязе адкладаецца да восені або нават да канца году.
  • Улады Вялікай Брытаніі адклалі на месяц адмену абмежаваньняў, зьвязаных з пандэміяй каранавіруснай інфэкцыі, з прычыны пашырэньня больш агрэсіўнага індыйскага штаму каранавірусу, вядомага як «варыянт Дэльта».
  • Вакцына вытворчасьці Novavax паказала эфэктыўнасьць больш за 90 адсоткаў; увыпрабаваньнях узялі ўдзел каля 30 тысяч добраахвотнікаў з ЗША і Мэксыкі.
  • Прэм’ер-міністар Нарвэгіі Эрна Солбэрг абвясьціла, што краіна афіцыйна выключыла прэпарат AstraZeneca са сваёй праграмы вакцынацыі праз рэдкія, але сурʼёзныя пабочныя эфэкты.

Навукоўцы пацьвердзілі высокую эфэктыўнасьць вакцын супраць усіх варыянтаў каранавірусу

Нягледзячы на тое, што «індыйскі» варыянт каранавірусу больш заразны і нясе вялікую небясьпеку для тых, хто пасьпеў атрымаць толькі адну дозу вакцыны зь дзьвюх, прышчэпка ўсё роўна забясьпечвае высокі ўзровень абароны (больш за 90%) як ад цяжкай формы COVID-19, так і ад сьмяротнага зыходу.

Такія папярэднія дадзеныя дасьледаваньня, праведзенага ангельскай эпідэміялягічнай службай Public Health England, якая вывучыла статыстыку заражэньняў у краіне з 12 красавіка да 4 чэрвеня ўключна, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Агулам за гэтыя няпоўныя два месяцы варыянт Дэльта (B.1.617.2) быў выяўлены больш як у 14 тысяч чалавек, сярод якіх былі і раней ужо прышчэпленыя пацыенты. Аднак прафэсійная мэдычная дапамога спатрэбілася толькі 166 інфікаваным, пераважная большасьць зь якіх не былі вакцынаванымі.

Разьлікі паказалі, што нават адна іньекцыя вакцыны ад Pfizer памяншае імавернасьць шпіталізацыі зь цяжкай формай COVID-19 на 94%, а першая прышчэпка оксфардзкай вакцынай ад AstraZeneca — на 71%. Пасьля другой іньекцыі эфэ ктыўнасьць гэтых прэпаратаў склала 96% і 92% адпаведна.

Хоць фармальна артыкул (напісаны супольна вядучымі навукоўцамі Оксфардзкага унівэрсытэту, Імпэрскага коледжу Лёндана і Лёнданскай школы гігіены і трапічнай мэдыцыны) яшчэ не прайшоў праверкі навуковай супольнасьцю і знаходзіцца на стадыі прэпрынтаў, экспэрты адзначаюць, што гэткага роду эмпірычныя дадзеныя адносяцца да самых надзейных доказаў эфэктыўнасьці досьледных прэпаратаў — тым больш улічваючы такую маштабную выбарку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG