Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будзеце самі іх есьці і лавіць». Лукашэнка гадамі браў у Эўразьвязу дзясяткі мільёнаў эўра на ўзмацненьне мяжы


Памежны пункт на мяжы Літвы і Беларусі

16 мільёнаў эўра на «Казловічы-2» і 4,7 мільёна эўра на цэнтар нелегальных мігрантаў у Берасьці. Пакуль Літва абвінавачвае беларускія ўлады ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў Эўразьвяз, успамінаем, колькі грошай Брусэль уклаў у бясьпеку беларускіх межаў.

«Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — цяпер будзеце самі іх есьці і лавіць», — такой была рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі на авіяцыйную блякаду і наступныя санкцыі, якімі сьвет адказаў на прымусовую пасадку самалёта Ryanair у Менску. А вось як Эўразьвяз гадамі дапамагаў ва ўмацаваньні беларускай мяжы.

54 мільёны эўра, і гэта яшчэ ня ўсё

За пэрыяд з 2001 па 2013 год ЭЗ інвэставаў у памежныя праекты з Беларусьсю каля 54 мільёнаў эўра. Пад бюджэтам кожнага праекту маюцца на ўвазе сродкі, якія ЭЗ выдзеліў на карысьць Беларусі, у тым ліку і ў межах шматбаковых праектаў. Пры гэтым улічаны толькі буйныя інфраструктурныя праекты.

Што было зроблена за гэты бюджэт:

  • уладкавалі мабільныя пункты пропуску на розных адрэзках мяжы Беларусі з ЭЗ і Ўкраінай;
  • пабудавалі, рэканструявалі і абсталявалі памежныя пераходы «Казловічы», «Каменны Лог», «Варшаўскі мост»;
  • рэалізавалі праект дэмаркацыі беларуска-літоўскай мяжы;
  • за 4,7 млн эўра ў Берасьці стварылі цэнтар для разьмяшчэньня нелегальных мігрантаў, а ў Смаргонях рэканструявалі кіналягічны цэнтар;
  • 16 млн эўра пайшло на павелічэньне прапускной здольнасьці грузавога памежнага пераходу «Казловічы-2»;
  • за 6,8 млн эўра пралажылі валаконна-аптычную сувязь на ўсім адрэзку беларуска-польскай мяжы.

Згадаем, што з 2012-га па 2014 год дзейнічаў таксама праект «Павышэньне эфэктыўнасьці аховы зялёнай і воднай дзяржаўнай мяжы паміж Рэспублікай Беларусь і Ўкраінай». Ягоны бюджэт для Беларусі склаў 1,2 мільёна эўра. Апроч адукацыйных падзеяў для ўдзельнікаў, ЭЗ, напрыклад, перадаў беларускім памежнікам 2 катэры, 5 поўнапрывадных аўтамабіляў, 11 цеплавізараў агульным коштам 842 тысячы эўра.

Вядома, што ў 2014-2020 гадах ЭЗ фінансаваў мадэрнізацыю прынамсі трох памежных пераходаў паміж Беларусьсю і ЭЗ. Вось што было зроблена:

  • Мадэрнізацыя пункту памежнага пераходу Урбаны — Сілене, унёсак Эўразьвязу для беларускага боку 3,5 млн эўра, для латвійскага боку — 1 мільён эўра;
  • паляпшэньне інфраструктуры памежнага пераходу Пацернікі — Грыгараўшчына. Унёсак для Беларусі ад ЭЗ каля 600 тысяч эўра, для латвійскага боку — 2,93 млн эўра;
  • мадэрнізацыя пункту памежнага пераходу «Мядзінінкай». Дапамога ад ЭЗ беларускаму боку нематэрыяльная, для літоўскага боку — 2,5 мільёна эўра.

Таксама ЭЗ зьбіраўся фінансаваць распрацоўку мабільнай праграмы для перасячэньня мяжы паміж Беларусьсю і ЭЗ. Унёсак ЭЗ у праект мусіў складаць 2,55 млн эўра.

Гэта не адзіная магчымасьць беларускіх уладаў атрымліваць грошы ад ЭЗ пад такія мэты. У 2019 годзе Нямеччына выдзеліла Беларусі 1,5 мільёна эўра на абарону беларускай мяжы ад нелегальнага правозу зброі і боепрыпасаў.

У 2016 годзе Беларусь падпісала пагадненьне аб фінансаваньні праграмаў памежнага супрацоўніцтва Латвія — Літва — Беларусь, Польшча — Беларусь — Украіна. 20 млн эўра было па-за конкурсам зарэзэрвавана для Беларусі на мадэрнізацыю прымежнай інфраструктуры і разьвіцьцё прымежных рэгіёнаў.

МЗС паведамляла, што на конкурснай падставе для Беларусі даступныя каля 280 мільёнаў эўра.

«Прывыкаеш жыць з такім суседам, як Лукашэнка»

18 чэрвеня памежныя службы Літвы чарговы раз паведамілі пра затрыманьне 8 грамадзян Іраку, якія нелегальна перасеклі мяжу зь Беларусьсю. Агульная колькасьць парушэньняў сёлета ўжо ў 5 разоў большая, чым летась.

«Раней Беларусь была адным з самых надзейных партнэраў Эўрапейскага зьвязу ў сэнсе кантролю над нелегальнай міграцыяй, — камэнтуе сытуацыю аналітык Цэнтру палітычнай трансфармацыі Андрэй Ягораў. — Няма падставаў меркаваць, што цяпер у Беларусі зьніклі ранейшыя магчымасьці і таму плынь нелегальных мігрантаў неяк павялічыліся. Хутчэй відаць, што гэта наўмысныя дзеяньні беларускай дзяржавы, якая заплюшчвае вочы на тое, на што раней не заплюшчвала. Таму гэтая плынь хутчэй зьвязана зь дзеяньнямі беларускіх памежнікаў у сэнсе кантролю».

Палітоляг Інстытуту міжнародных адносінаў і палітычных навук зь Літвы Віціс Юрконіс зазначае, што сытуацыя зь нелегальнымі мігрантамі ў Літве цяпер складаная, але кантраляваная.

«Ёсьць разуменьне гэтай сытуацыі і гатовасьць да яшчэ горшага сцэнару. А жыць на цягам дзесяцігодзьдзяў з такім суседам, як Лукашэнка, прывыкаеш, таму панікі няма. Паток нелегальнай міграцыі назіраўся ўжо ў красавіку, але гэта цяпер выглядае як этап тэставаньня, зандаваньня. Ён павялічыўся ў разы, і ад дзясяткаў уцекачоў лік пайшоў на сотні. Гэта адчувальна, але крытычнай сытуацыю назваць пакуль рана, бо прадугледжаны і больш цяжкія сцэнары з удзелам арміі», — кажа Юрконіс.

Экспэрт заўважае, што інфраструктура не зусім падрыхтаваная, каб прымаць столькі ўцекачоў.

«Беларусь атрымлівала дзясяткі мільёнаў на ўпарадкаваньне памежнай зоны, але мы бачым, што гэта пытаньне ня тэхнікі, а палітычнай волі. Літоўскі бок павінен умацаваць сваю частку ня толькі камэрамі назіраньня, але і іншай інфраструктурай. Не хапае і памяшканьняў для ўцекачоў. Як я разумею, цяпер робяцца папраўкі ў бюджэце, прыедуць калегі з Frontex [Эўрапейскае агенцтва памежнай і берагавой аховы. — РС], якія таксама дадуць сваю ацэнку», — кажа ён.

Аналітык Андрэй Ягораў кажа, што ЭЗ заўжды лічыў пасьпяховымі супольныя праекты зь беларускімі ўладамі па ўмацаваньні беларускіх межаў. Таму ў гэтай сытуацыі найбольшую праблему ён бачыць у тым, што з фактамі павелічэньня нелегальнай міграцыі ў ЭЗ Беларусь парушае ўзятыя на сябе міжнародныя абавязаньні.

На гэта прама ўказвае экспэрт EAST Center і iSANS Андрэй Елісееў.

«Дамова Беларусі і ЭЗ ў сфэры барацьбы зь нелегальнай міграцыяй (Дамова пра рэадмісію) ідзе ў адным пакеце з Дамовай пра спрошчаны візавы рэжым — той самай, якая паменшыла стандартны візавы збор за шэнгенскую візу з 80 эўра да 35, — кажа ён. — Кепскай супрацай у гэтай сфэры беларускія ўлады ставяць ЭЗ у няёмкае становішча, бо на добры лад можа паўстаць пытаньне пра замарожваньне дзеяньня абедзьвюх дамоваў, а гэта кепска адбілася б на простых беларусах».

Сытуацыя зь нелегальнымі мігрантамі на беларуска-літоўскай мяжы. Сьцісла

  • З пачатку траўня ўлады Літвы пачалі паведамляць, што на мяжы з Беларусьсю складваецца небясьпечная сытуацыя — шматкроць павялічылася колькасьць уцекачоў з Іраку і Сырыі. Паводле літоўскіх памежнікаў, сёлета зь Беларусі ў Літву па-за пунктамі пропуску перайшлі мяжу амаль 400 чалавек. У асноўным гэта грамадзяне Іраку. Гэта ў 5 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год.
  • Днямі агенцтва БелТА паведаміла, што «з пачатку бягучага году адзначаецца істотны рост колькасьці мігрантаў, якія робяць спробы незаконна трапіць у краіны Эўразьвязу». Паводле іх, на мяжы зь Літвой колькасьць затрыманых нелегальных мігрантаў вырасла практычна ў 20 разоў.
  • Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс абвінаваціў Беларусь у «вядзеньні гібрыднай атакі супраць Эўропы». Паводле міністра, Беларусь выкарыстоўвае нелегальных мігрантаў з Іраку і Сырыі «як зброю» супраць яго краіны, перамяшчаючы іх празь мяжу ў Літву.
  • Стала вядома, што абвастрэньне на мяжы супала з павелічэньнем колькасьці прамых авіярэйсаў з Багдаду ў Менск. З пачатку траўня дадалася яшчэ адна авіякампанія, якая выконвае рэйсы ў Беларусь. Цяпер Iraqi Airways і Fly Baghdad лятаюць у Менск чатыры разы на тыдзень. Таксама вядома, што прылятаюць у асноўным мужчыны 30-50 гадоў.
  • 17 чэрвеня міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце паведаміла, што ідзе абмеркаваньне аб стварэньні загароды на мяжы зь Беларусьсю. Каштаваць гэта будзе каля 15 мільёнаў эўра.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG