Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор папрасіў суд пакараць Віктара Бабарыку 15 гадамі зьняволеньня

абноўлена

Віктар Бабарыка ў судовым працэсе

21 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачаліся спрэчкі бакоў у справе Віктара Бабарыкі і іншых былых топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».

Выступы пракурора прадоўжыліся і 22 чэрвеня. Пракурор Сяргей Гіргель папрасіў пакараць Віктара Бабарыку 15 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму праз абвінавачаньне ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (частка 3 артыкулу 430 КК) і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (частка 2 артыкулы 235 КК).

Паводле дзяржабвінаваўцы, «віна знайшла пацьверджэньне цалкам». Як заявілі пракуроры, апроч уласных паказаньняў абвінавачаных, іх вінаватасьць пацьвярджаецца таксама паказаньнямі сьведак і матэрыяламі справы. Гэта максымальны тэрмін, які маглі запытаць па выстаўленых яму абвінавачваньнях.

Астатнім фігурантам запрасілі ад 3 да 6 з паловай гадоў пазбаўленьня волі:

  • Сяргею Шабану і Дзьмітрыю Кузьмічу – 6,5 гадоў турмы;
  • Аляксандру Ільясюку, Сяргею Дабралёту, Кірылу Бадзею — 5,5 год;
  • Аляксею Задойку — 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову;
  • Віктару Кабяку — 3 гады калёніі.

Акрамя 15 гадоў калёніі, для Бабарыкі пракурор патрабуе і штраф у памеры 5 тыс базавых велічынь — 145 тыс рублёў.

Адвакат Віктара Бабарыкі Зьміцер Лаеўскі сказаў, што ня бачыць нічога незвычайнага ў тым, што пракуроры так доўга выступаюць. Паводле яго, Віктар Бабарыка ставіцца да суду з гумарам, але ўжо стаміўся, бо гэта даволі цяжка слухаць.

«Мы нічога новага не пачулі. Наш аналіз будзе, напэўна, заўтра, калі мы будзем выступаць. Наш пункт гледжаньня будзе выказаны, і ён прадэманструе, што ня ўсё так, як гэта гучыць».

На паседжаньні 6 красавіка Віктар Бабарыка заявіў аб сфабрыкаванасьці справы і адмовіўся даваць паказаньні. Віктар Бабарыка не прызнае віны ні ў адным эпізодзе.

А 12-й гадзіне пачалі выступаць адвакаты Бабарыкі.

У залю суду не пускалі слухачоў з тэлефонамі, дыктафонамі і ноўтбукамі; каб прайсьці, трэба было пакінуць гэтыя рэчы ў камэры захоўваньня, усіх абшуквалі і прапускалі праз рамку.

17 лютага ў будынку суду Маскоўскага раёну Вярхоўны суд пачаў разгляд крымінальнай справы «Белгазпрамбанку», адзін зь фігурантаў якой — палітвязень, былы прэтэндэнт на ўдзел у выбарах прэзыдэнта 2020 году Віктар Бабарыка.

Экс-банкіру інкрымінуюць атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры, арганізаванай групай асобаў, а таксама «адмываньне» даходаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 КК).

Абвінавачанымі ў справе таксама праходзяць шэсьць топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку» і кіраўнік ТАА «Актыўлізінг».

Усе абвінавачаныя, акрамя Віктара Бабарыкі, прызналі віну ў поўным абʼёме.

Справу «Белгазпрамбанку» пачалі 11 чэрвеня 2020 году, калі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК правялі ператрус у офісе банку і затрымалі некалькі яго работнікаў.

18 чэрвеня Віктара Бабарыку разам з сынам Эдуардам арыштавалі, калі яны везьлі ў ЦВК подпісы за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты.

21 студзеня Генпракуратура Беларусі перадала справу супраць Віктара Бабарыкі ў Вярхоўны суд. Гэта азначае, што абскардзіць прысуд немагчыма.

Адразу пасьля затрыманьня Віктара Бабарыкі праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Экс-банкір лічыць свой перасьлед палітычна матываваным.

Усяго на лаве падсудных восем чалавек. Апроч Віктара Бабарыкі, гэта Аляксей Задойка, Кірыл Бадзей, Сяргей Шабан, Дзьмітрый Кузьміч, Аляксандар Ільясюк, Сяргей Дабралёт, Віктар Кабяк. Сямёра зь іх знаходзяцца пад вартай, адзін — Аляксей Задойка — пад хатнім арыштам. З шасьцю абвінавачанымі — Бадзей, Дабралёт, Кузьміч, Ільясюк, Шабан, Кабякоў — заключаны дасудовыя пагаднення аб супрацоўніцтве.

Шасьцёра былых топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку», намесьнікаў Віктара Бабарыкі, абвінавачваюцца ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай. Кіраўніку ТАА «Актыўлізінг» Кабяку інкрымінуюць дачу хабару.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG