Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснавальніка эўрапейскага адзінства могуць прызнаць сьвятым


Рабэр Шуман

Папа Рымскі Францішак падпісаў указ аб прызнаньні «гераічнай дабрачыннасьці» Рабэра Шумана (1886–1963), былога прэм’ера і міністра замежных спраў Францыі, які лічыцца адным з заснавальнікаў ідэі Эўразьвязу.

У Рымска-каталіцкай царкве Шуман цяпер будзе мець статус «шаноўнага». Гэта можа стаць першым крокам на шляху да яго кананізацыі, то бок залічэньня ў сьвятыя, паведамляе BBC.

Рабэр Шуман у першыя гады пасьля Другой сусьветнай вайны, калі ён займаў высокія дзяржаўныя пасады, адыграў вялікую ролю ў стварэньні інстытутаў, якія ляглі ў аснову сучаснага ЭЗ, і ў дасягненьні гістарычнага прымірэньня паміж Францыяй і Нямеччынай.

9 траўня 1950 году — цяпер гэты дзень адзначаецца як Дзень Эўропы — ён выступіў з дэклярацыяй аб неабходнасьці стварэньня адзінай арганізацыі краін — найбуйнейшых вытворцаў вугалю і сталі, каб пазьбегнуць канфліктаў паміж імі. На наступны год было створана Эўрапейскае абʼяднаньне вугалю і сталі з удзелам шасьці краін, у тым ліку Нямеччыны і Францыі. Пасьля яно было ператворана ў Эўрапейскую эканамічную супольнасьць (Агульны рынак»), правобраз цяперашняга ЭЗ. Шуман удзельнічаў таксама ў стварэньні NATO. Ён памёр у 1963 годзе, ужо пры жыцьці заслужыўшы ганаровы тытул «айца-заснавальніка Эўропы».

Францускі палітык быў вернікам-каталіком, яго кананізацыі доўгі час дамагаюцца жыхары гораду Мэц, дзе перад Першай сусьветнай вайной ён працаваў юрыстам.

Для бэатыфікацыі — наступнай «прыступкі» на шляху да кананізацыі — неабходна афіцыйнае прызнаньне Царквой таго, што малітвы, зьвернутыя да той ці іншай асобы пасьля яе сьмерці, прывялі да цуду. За гэтым можа наступіць кананізацыя, для якой, як правіла, патрэбны сьведчаньні пра яшчэ адзін пасьмяротны цуд.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG