Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новы канон літаратуры на беларускай мове». Марыя Мартысевіч пра Абдзіраловіча і выдавецкую сэрыю GRADUS


Паштоўка да 100-годзьдзя выданьня эсэ «Адвечным шляхам»,Ігната Канчэўскага (Абдзіраловіча)

Ня ведаеце, як пісаць, каб вашымі творамі захапляліся і праз сто гадоў, тады чытайце кнігі з новай выдавецкай сэрыі GRADUS, якую запачаткавала знакамітае эсэ Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам».

Прыдумала сэрыю група маладых літаратараў, крытыкаў і перакладчыкаў, якая мае на мэце паказаць канон літаратуры на беларускай літаратуры.

Што гэта за канон? Чаму першы ў ім Ігнат Абдзіраловіч? Якія яшчэ аўтары яму адпавядаюць? А якія тры тэзы складаюць аснову посьпеху беларускага шляху? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае старшыня рэдакцыйнай калегіі GRADUSу паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч.

— Віншуем з пасьпяховым запачаткаваньнем новай кніжнай сэрыі GRADUS. І адразу дазвольце спытацца, хто і калі, а галоўнае — дзеля чаго, прыдумаў GRADUS?

— Дзякуй за віншаваньні! Гэтак жа, як новая творчасьць часта паўстае з унутранай неабходнасьці напісаць кнігі, якіх нам бракуе, сэрыя GRADUS зьявілася як адказ на пустэчу паліц: маё пакаленьне, выхаванае на пэўных творах, пра якія мы чулі на лекцыях у дзяржаўных унівэрсытэтах ці незалежных адукацыйных установах (такіх, як Беларускі Калегіюм ці Лятучы Ўнівэрсытэт), часта наракае на недасягальнасьць многіх важных для нас тэкстаў. Пра іх усе гавораць, на іх спасылаюцца, іх цытуюць, але ў выглядзе кніг яны так і не адбыліся. Таму мы вырашылі спрычыняцца да таго, каб запаўняць такія прабелы ў кніжных шафах.

Мы — я тут найперш маю на ўвазе асоб культуры ў веку ад 25 да 40, пералічаных у нашым складзе рэдкалегіі: Андрэй Адамовіч, Марыя Бадзей, Міхал Бараноўскі, Дар’я Бялькевіч, Наста Грышчук, Марына Казлоўская, Уладзімер Лянкевіч, Вячаслаў Мартысюк, Марыя Мартысевіч (старшыня), Тацяна Нядбай, Сяргей Прылуцкі, Марыя Пушкіна, Алена Пятровіч, Ціхан Чарнякевіч. Гэта крытыкі, літаратуразнаўцы, арганізатары культурных праектаў, у якіх мне бачыцца патэнцыял рэдактарскай працы для сэрыі.

Марыя Мартысевіч
Марыя Мартысевіч

Фармальна сэрыя была заснаваная падчас фэстывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» ў кастрычніку 2020 года ў Менску. Найперш таму, што гэта была ці не адзіная офлайнавая імпрэза летась, зьвязаная зь літаратурай. Людзі прысутнічалі там фізычна, было лёгка пра ўсё дамовіцца. Па-другое, у няпэўнасьці пратэставай восені 2020 году, калі будучыня здавалася вельмі хімэрнай і расплывістай, хацелася падтрымаць людзей маральна, прапанаваўшы ім нейкі акрэсьлены плян — нешта станоўчае, што абавязкова аднойчы адбудзецца. Плян новай кніжнай сэрыі, пагадзіцеся, натхняе як найболей.

Мары, каб тая ці іншая важная для нас кніга аднойчы зьявілася друкам, шматкроць гучалі раней у нашых гутарках пра літаратуру на Перакладніцкай Майстэрні або імпрэзах сэрыі «Амэрыканка». А ўвосень зьявілася адчуваньне, што нарэшце час паціху ўвасабляць іх. Многія з маладзейшых асоб, запрошаных у рэдкалегію сэрыі, зьдзівіліся: гэта іх першы ўдзел у нечым, што называецца «рэдкалегія». Але гэта было сьвядома. Мы прызвычаіліся, што ў культуры за нас усё вызначаюць старэйшыя. Сэрыя GRADUS пакліканая ўзмацніць галасы міленіялаў і зумэраў.

— І дарэчы, чаму сэрыя называецца GRADUS?

— Цалкам выпадкова. У 2014 годзе мы ўжо спрабавалі запачаткаваць вельмі падобную сэрыю супольна з украінскім выдавецтвам «Крок» (Тэрнопаль). Выдавецтва «Крок» вядомае найперш тым, што перакладае рэдкую, можна нават сказаць экзатычную літаратуру на ўкраінскую мову. Юры Завадзкі выказаў ахвоту зрабіць экспэрымэнтальную лінейку кніг беларускіх аўтараў ды беларускіх перакладаў і запрасіў мяне і яшчэ некалькіх нашых літаратараў да супрацы. Гэта здавалася прыгожым крокам салідарнасьці, бо ў 2015 годзе амаль не было магчымасьці рабіць малатыражныя інтэлектуальныя выданьні ў нас — нават краўдфандынг яшчэ не пачаўся…

Але, на жаль, гэты супольны з украінцамі праект не разьвіўся і нават — у выпадку мяне і перакладчыцы Марыі Пушкінай — пацягнуў за сабой фінансавыя непаразуменьні. Сытуацыя доўга абцяжарвала мяне і тых, хто ў яе трапіў. У выніку я наважылася патрабаваць зь Юрка грошы, якія ён быў вінаваты мне і Марыі, публічна. І наш украінскі калега расплаціўся з намі прыканцы 2020 году. Атрыманыя такім чынам сродкі можна было, на маю думку, выдаткаваць толькі на агульную справу, таму я ўклала іх у старт новай кніжнай сэрыі.

А назва адшукалася проста. Gradus — гэта «Крок» на лаціне. Я прымярала слова «Крок» і да нашай сэрыі, але яно занадта часта ўжыванае ў нэймінгу, таму ад яго адмовіліся. А слова Gradus — шматграннае, і чым больш значэньняў знойдзецца, тым лепш. Гэта можна зразумець як новы вугал позірку на літаратуру. Тут ёсьць спасылка на «градус перакладу» (гаворка аб прыёме, калі лёгкі намёк ці жарт маецца ў арыгінале, у перакладзе рэкамэндуецца крыху «разагрэць», падняўшы «градус», каб намёк ці жарт не згубіўся). А на алькагольную тэму пажартаваў ужо выдавец Зьміцер Колас, які «ўдачарыў» сэрыю GRADUS. Па ягоных словах, калі друкар пакаваў гатовыя для пераплёту блёкі «Адвечным шляхам», то ў скрыню зьмяшчалася іх роўна сорак.

— У прамоцыі GRADUSу рабіўся акцэнт на тое, што кнігі новай сэрыі будуць паказваць канон літаратуры на беларускай мове. Што вы і вашы аднадумцы ўкладваеце ў гэты тэрмін — канон, які гучыць амаль біблейнай непарушнай сьвятасьцю?

— Улетку 2020 году я трапіла на выдатны онлайн-вартшат для мэнэджэраў культуры ва ўмовах пандэміі. І там між іншага вучылі пісаць так званыя «брыфы». Спачатку ты складаеш абзац пра тое, што імкнесься зрабіць, потым скарачаеш яго да шаснаццаці словаў, потым да васьмі, потым да чатырох — і атрымліваецца сутнасьць таго, да чаго ты імкнесься. «Новы канон літаратуры на беларускай мове» — гэта пяць словаў плюс адно службовае. Амаль што ідэальны вынік такога скарачэньня. Кожны выдавецкі праект павінен мець місію, і гэтыя словы адлюстроўваюць нашую місію, прытым так, што гэта можна напісаць на афішы ці ўлётцы. Вельмі сучасна.

Гэтыя словы азначаюць, што мы будзем выдаваць і беларускіх аўтараў, якія нядаўна ўвайшлі (ці вярнуліся) у наш канон, і пераклады важных для нас твораў сусьветнага канону, якіх яшчэ няма па-беларуску. Абнаўленьне літаратурнага канону, на маю думку — адна з самых важных інтэлектуальных падзей беларускай культуры канца 1990-х. Былі створаныя, перакладзеныя наноў прачытаныя ці наўпрост адкапаныя з архіўнага нябыту тэксты, з якімі погляд на мінулае беларускай літаратуры мяняецца да супрацьлеглага. Супрацьлеглага таму, чаму нашых бацькоў і яшчэ нас, дзяцей 90-х, вучылі ў савецкай ці постсавецкай школе.

Як прыклад абнаўленьня канону я люблю прыводзіць экспэртнае апытаньне «Беларускага журналу» (праект сёньняшняга палітвязьня, мэдыяэкспэрта Андрэя Аляксандрава), калі ў 2017 годзе, да 500-годзьдзя беларускага кнігадруку, быў складзены рэйтынг найважнейшых кніг для беларусаў. Першае месца — Ян Баршчэўскі, «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях». Упершыню па-беларуску, у перакладзе Міколы Хаўстовіча, гэтая кніга выйшла ў 1990 годзе. Сярод сваіх равесьнікаў (я нарадзілася ў 1982-м) у розныя часы я сустракала безьліч людзей, на якіх у дзяцінстве Баршчэўскі паўплываў нават мацней за Караткевіча.

А дзясятае месца ў тым апытаньні занялі «Зэльманцы» Майсея Кульбака — кніга на ідыш, якую нядаўна перавыдала «Папуры» ў перакладзе Віталя Вольскага. Да слова, мы назіраем магутную тэндэнцыю незалежных выдавецтваў вяртаць зь нябыту важныя творы. Апроч згаданага выдавецтва «Папуры», гэта «Галіяфы», «Логвінаў», «Лімарыус». Асобна варта згадаць праект «Нерастраляныя» Сяргея Будкіна, які сёлета нарэшце ператварыўся ў кнігу. Спадзяюся, сэрыя GRADUS на гэтым фоне зробіцца важнай і заўважнай.

— Кнігай, якая адкрывае чытачу канон літаратуры на беларускай мове, GRADUSаўцы абралі «Адвечным шляхам» культавага аўтара адраджэнцаў апошніх гадоў трыццаці дваццатага стагодзьдзя. Чаму менавіта Ігнат Абдзіраловіч стаў першым у паказе канону літаратуры на беларускай мове?

— У 2021 годзе мы сьвяткуем 100-годзьдзе напісаньня эсэ Ігната Канчэўскага, якое безьліч маіх сучасьнікаў ведае напамяць. І было прыгожа і лягічна адсьвяткаваць яго перавыданьнем кнігі. Я вельмі люблю гэты твор, выкладаны ў «Беларускім Калегіюме» на курсе «філязофія/літаратура», але даводзілася чытаць яго з файлу ў інтэрнэце. У 1993 годзе выходзіла тонкая кніжачка, цяпер гэта бібліяграфічная рэдкасьць.

Рыхтуючы кнігу да выданьня, я ўзяла ў Нацыяналцы першакрыніцу 1921 году. І вельмі расстроілася. Гэта была ветхая брашурка ў чвэртку а4. Як мне расказаў біёграф Канчэўскага Андранік Антанян, спачатку тэкст эсэ друкаваўся падвалам у віленскай газэце «Наша будучына», а потым тыя ж адбіткі перарабілі на асобнае выданьне. Першае выданьне выглядае так сьціпла, нібы ня хоча прыцягваць да сябе ўвагі. Кніжачка, па словах Антаняна, ляжала ў кнігарнях Вільні з 1921 па 1939 год, але наклад амаль не раскупаўся… Нашыя 500 асобнікаў, выдадзеныя ў Менску сёлета, разьлятаюцца з шалёнай хуткасьцю. Мне падабаецца вокладка сьмелага маладога дызайнэра Сяргея Шаматульскага, але істотней тое, што мы зрабілі для «Адвечным шляхам» аправу (цьвёрдую вокладку). Гэта было ня так проста празь невялікую колькасьць старонак.

Істотна таксама тое, што ўсе вядомыя на сёньня 11 вершаў аўтарства Канчэўскага, якія захоўваліся ў архівах на паасобных лістках, надрукаваныя ў кнізе ўпершыню разам.

— Між тым ужо зьявіліся закіды вашаму выбару. Вось адзін зь іх: «перачытаўшы гэты твор дзясяткі гадоў таму, цяпер магу (для сябе) прызнаць, што гэта помнік думкі беларускай, але дыскусійны. Бо здаецца мне, мы маем да выбару лепшы шлях». Што скажаце на падобныя меркаваньні?

— Я вельмі рада такім меркаваньням, бо перакананая, што твор ствараўся аўтарам як палемічны, як запрашэньне да «батлу». Жаданьне запярэчыць Канчэўскаму-Абдзіраловічу меў ужо ягоны першы рэдактар (укладальнік нашага выданьня, Ціхан Чарнякевіч, мяркуе, што ім быў Максім Гарэцкі). У арыгінальным выданьні эсэ ёсьць палемічная зноска (мы яе вынесьлі ў камэнтары прыканцы кнігі). Дыскусія вакол беларускага пытаньня паміж правымі і левымі, якая пачалася ў беларускіх колах яшчэ стагодзьдзе таму, ня проста не завершаная сёньня, а незавершаная драматычна, незакрытая, як гештальт.

І гэта, зрэшты, аб’ядноўвае нас сёньня і з Захадам, і з Усходам, з адной розьніцай: там сьветапоглядныя спрэчкі ў парадку рэчаў і адбываюцца яны адкрыта, у публічных прасторах. Я спадзяюся, зусім хутка ў Беларусі прасторамі для палітычных баталій стануць не сацсеткі ды сходы грамадзкіх арганізацый, ня кухні дысыдэнтаў і турэмныя камэры, а парлямэнт і ток-шоў на дзяржаўнай тэлевізіі. І само сабой, там будуць цытавацца і крытыкавацца тэзы з эсэ «Адвечным шляхам».

— У Абдзіраловіча ёсьць і больш суворыя сучасныя апанэнты. Прыкладам аўтар такога допісу: «Жыцьцё пераканаўча засьведчыла, што 100-гадовы беларускі „Адвечны шлях“ стаў „Шляхам на Акрэсьціна“ (ці „Валадарку“). Па-іншаму й ня можа быць». Можаце запярэчыць?

Ігнат Канчэўскі стаў пісаць твор у больніцы, калі ведаў, што сьмяротна хворы і здагадваўся, што адмерана яму няшмат. Між тым гэта ці ня самае аптымістычнае з таго, што было напісана па-беларуску. Гэтак жа і сёньня самыя сьветлыя словы, якія я чытаю пра сытуацыю ў Беларусі, напісаныя вязьнямі ў іх лістах на волю. Мне здаецца, супрацьстаяньне аптымістычнай і пэсымістычнай візіі будучыні Беларусі — гэта таксама спрэчка, якая пачалася сто гадоў таму, але дагэтуль незавершаная. Я люблю паўтараць сваю здагадку, што назва «Адвечным шляхам» адсылае да драматычнай паэмы Янкі Купалы «Адвечная песьня», напісанай у 1910 годзе. Песьня — цыклічны твор. У «Адвечнай песьні» цыкл жыцьця беларуса ўпісаны паэтам у каляндарна-абрадавы цыкл. Аўтар ня бачыць выйсьця з зачараванага кола.

Дык вось, праз 11 гадоў, як мне здаецца, Канчэўскі прапануе выйсьце. Ён разрывае кола і разгортвае яго ў лінію. Ён фармулюе тры тэзы посьпеху беларускага шляху. Гэта быцьцё паміж Усходам і Захадам як усьвядомлены стан рэчаў, няспынная творчасьць і каапэрацыя. Непрыхільнасьць ані да Расеі, ані да Эўразьвязу, крэатыўнасьць і салідарнасьць, перакладаючы на рэаліі 2020 году. Упершыню за сто гадоў запаветы Канчэўскага сталі застасоўвацца беларусамі на практыцы. Таму я хачу далучыцца да ягонага аптымізму: усё атрымаецца. Рукапіс эсэ Канчэўскага меў назву «Эскізы будучыны». Здаецца, гэтая «будучына» ўсё ж наступае.

— Але як бы хто не рэагаваў на вашу новую справу, кніга ўжо займела шмат прыхільнікаў. Яна пасьпяхова прадаецца. Як далей плянуеце спраўджваць свой выдавецкі плян пад грыфам GRADUSу?

— Наступная кніга, якую мы паспрабуем выдаць — гэта зборнік паэм Янкі Купалы ў рэдакцыі да 1930 году. Ягонай укладальніцай выступіла Марына Казлоўская. Хацелася б сабраць разам мадэрністычныя тэксты Купалы, у якіх, як нам здаецца, ён сугестыўна выказаўся аб Новай Беларусі (здагадайцеся, якія гэта творы).

У цэлым жа хочацца выдаваць па 2–3 уласна беларускія кнігі ў год. Першаснасьць будзе аддавацца тэкстам, якія важныя для нас (пакаленьня міленіялаў), але пры гэтым не выдаваліся ў ХХІ стагодзьдзі. Астатнія пазыцыі — гэта перакладныя кнігі, пэўнасьці пра іх выданьне пакуль няма, паколькі шмат што залежыць ад перамоваў на аўтарскіх правах. Але хацелася б выдаць раман Дароты Маслоўскай «Польска-Руская вайна пад бела-чырвоным сьцягам», прозу Багуміла Грабала, эсэістыку Чэслава Мілаша, вершы некаторых паэтаў другой паловы ХХ стагодзьдзя ў білінгвах. Сэрыя GRADUS адкрытая для прапановаў і дыскусій адносна таго, якія культавыя сусьветныя кнігі яшчэ варта мець па-беларуску. Сачыць за нашымі навінамі можна, падпісаўшыся на старонку ў Фэйсбуку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG