Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ByPol: У беларускай міліцыі недахоп супрацоўнікаў перавышае 18%


Міліцыя ў Беларусі

Аднак брак супрацоўнікаў ня стане перашкодай для скарачэньняў, якія плянуе кіраўніцтва МУС. Чакаецца, што скароцяць вакантныя пасады.

Ініцыятыва ByPol атрымала інфармацыю са сваіх крыніц пра скарачэньні ў шэрагах міліцыі, што адбудуцца неўзабаве. Прычым іх плянуецца правесьці, нягледзячы на недахоп работнікаў, які стаў яшчэ мацней праяўляцца пасьля сфальсыфікаваных выбараў 2020 году і разгону пратэстаў.

На сваім тэлеграм-канале ініцыятыва адзначае, што МУС неўзабаве падвядзе вынікі працы ў першае паўгодзьдзе 2021 году. Размова там, паводле ByPol, пойдзе пра «недакамплект асабістага складу ў органах унутраных спраў і шляхі вырашэньня дадзенага кадравага пытаньня».

На гэты момант у міліцыі ён складае 18,4%. Да жніўня 2020 году гэты паказчык трымаўся на ўзроўні 9%. Па сутнасьці, цяпер у міліцыі не хапае кожнага пятага супрацоўніка, падкрэсьлівае ByPol.

«Прычым гаворка ідзе менавіта пра міліцыянтаў, якія працуюць „на зямлі“, а не пра кіраўнікоў, вакансіі на пасады якіх і сёньня „закрываюцца“ досыць апэратыўна».

Кіраўніцтва МУС, паводле папярэдняй інфармацыі, сабралася скарачаць вакантныя пасады. На думку спэцыялістаў ByPol, якія самі да сфальсыфікаваных выбараў працавалі ў органах унутраных спраў, нагрузка застанецца як мінімум ранейшай, а аплата працы за сумяшчэньне пасад істотна скароціцца, бо надбаўкі прыбяруць. Таксама, згодна з прадстаўленай інфармацыяй, татальныя скарачэньні плянуюцца ў ідэалягічнай службе.

Што такое ініцыятыва ByPol

У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.

Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.

Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).

Цяпер ініцыятыва аб’ядноўвае ня толькі былых, а і дзейных беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.

У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG