Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі, якія могуць стаць штуршком для зьменаў


Цяперашнія санкцыі могуць стаць штуршком, запусьціць складана кантраляваныя працэсы, якія будуць спрыяць эрозіі беларускай сацыяльнай мадэлі.

Сьцісла:

  • Санкцыі, якія ўводзяць ЭЗ і ЗША, беспрэцэдэнтныя, значна больш жорсткія, чым усе ранейшыя.
  • Гэтыя санкцыі наклікаў сам Лукашэнка, а не апазыцыя.
  • Надзвычай важны кумулятыўны сацыяльна-палітычны, псыхалягічны эфэкт санкцый.
  • У палітызаванай атмасфэры любая новая праблема будзе выклікаць дадатковы нэгатыў у адносінах да ўлады.

ЭЗ і ЗША ўводзяць новыя, больш жорсткія эканамічныя санкцыі супраць уладаў Беларусі. Калі раней дзеяньні Захаду дзеля пакараньня афіцыйнага Менску насілі больш сымбалічны характар, палягалі збольшага ў візавых і фінансавых абмежаваньнях у дачыненьні да асобных чыноўнікаў, то цяпер яны больш скіраваныя на эканоміку.

У мінулым санкцыі насілі кропкавы характар, ужываліся адносна асобных прадпрыемстваў ці бізнэсаў. Цяпер па-іншаму. Анансавана, што саміт Эўразьвязу 24–25 чэрвеня прыме сэктаральныя санкцыі. Падобныя меры таксама плянуюць прыняць ЗША, Канада, Вялікая Брытанія. То бок гэтыя санкцыі б’юць па цэлых эканамічных сэктарах (нафтаперапрацоўка, вытворчасьць калію, банкаўскі сэктар). Такога раней, у ходзе папярэдніх крызісаў, паміж афіцыйным Менскам і Захадам не было. У гэтым сэнсе цяперашнія санкцыі беспрэцэдэнтныя.

Тут адметна вось што. Беларускія афіцыйныя асобы, дзяржаўныя СМІ шмат разоў вінавацілі апазыцыю за заклікі да Захаду ўвесьці санкцыі. Маўляў, як можна патрабаваць караць уласную краіну. Але гэтыя заклікі мала ўплывалі на рашэньні ЭЗ і ЗША, бо тыя кіраваліся ўласнымі інтарэсамі.

«Дапамаглі» беларускія ўлады. Рашэньне Лукашэнкі пасадзіць самалёт з Раманам Пратасевічам сарвала стоп-кран. Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузеп Бурэль зазначыў: «У выпадку зь Беларусьсю, калі б не было згону гэтага самалёта, мы б не абмяркоўвалі эканамічныя санкцыі. Гэтая падзея справакавала адказ».

Цяпер беларускае пытаньне з чыста гуманітарнага (парушэньне ўладамі правоў чалавека) ператварылася ў праблему міжнароднай бясьпекі, у прыватнасьці, бясьпекі авіяпалётаў. Вядучыя сусьветныя дзяржавы прыйшлі да высновы, што калі цяпер не пакараць «парушальніка канвэнцыі», то падобныя інцыдэнты могуць адбывацца і ў далейшым. Такім чынам, жорсткія санкцыі наклікаў сам Лукашэнка. Тое, чаго беспасьпяхова спрабавала дамагчыся апазыцыя, вельмі пасьпяхова рэалізаваў афіцыйны Менск. Вядома, чацьвёрты пакет санкцый рыхтаваўся і да гісторыі з самалётам, але іх беспрэцэдэнтны маштаб справакаваў Лукашэнка.

Беларускія ўлады запэўніваюць, што нічога страшнага, Беларусь вытрымае. Прэмʼер-міністар Раман Галоўчанка спрагназаваў, што страты краіны ад санкцый складуць ня больш за 2,9% ВУП. Што, дарэчы, даволі шмат.

Што зьбіраюцца рабіць улады ў адказ на санкцыі? Перш за ўсё, увесьці контрасанкцыі супраць ЭЗ і ЗША. Галоўчанка заявіў, што беларускі бок мае «поўнае права кампэнсаваць гэтую шкоду», у тым ліку праз увядзеньне абмежаваньняў на адрас замежных кампаній, якія працуюць у Беларусі і належаць краінам, якія праводзяць «асабліва недружалюбную палітыку». Ён адзначыў, што ў Беларусі працуе каля 300 літоўскіх кампаній, 200 — украінскіх, 160 — латвійскіх, 150 — нямецкіх, 140 — польскіх. Трэба разумець, што ўлады пагражаюць іх нацыяналізаваць? Ці што? Але гэта, кажучы расейскім палітычным слэнгам, азначае «бамбіць Варонеж», то бок, на дадатак да заходніх санкцый, увесьці свае санкцыі супраць уласнай эканомікі.

Ну і, вядома, традыцыйная рэакцыя беларускіх уладаў на новыя санкцыі — гэта чарговы раўнд пагрому грамадзянскай супольнасьці. Як і абяцаў ня так даўно Ўладзімір Макей.

Яшчэ ўлады маюць намер пераарыентавацца на новыя рынкі. Аднак усе рынкі даўно падзеленыя, і свабодных нішаў нідзе няма. Іх трэба заваёўваць.

А яшчэ ўлады спадзяюцца на дапамогу Расеі. Тым больш што расейскія афіцыйныя асобы такую дапамогу абяцалі. Як сказаў Галоўчанка, новыя тэхналёгіі будзем браць у Расеі і Кітаю.

Так, Расея можа дапамагчы стварыць розныя шэрыя схемы, закліканыя абыйсьці заходнія санкцыі. Тут шмат будзе залежаць ад таго, як строга ЭЗ і ЗША будуць сачыць за рэалізацыяй санкцый. Наўрад ці расейскі рынак зможа кампэнсаваць страты беларускіх вытворцаў нафтапрадуктаў і калію. Масква можа, вядома, дапамагчы грашыма, новымі крэдытамі, калі захоча. Але ж яна будзе выстаўляць і нейкія ўмовы.

Калі ў цэлым гаварыць пра ўплыў гэтых санкцый на Беларусь, дык тут важны кумулятыўны сацыяльна-палітычны, псыхалягічны эфэкт. Любыя санкцыі — гэта гульня ў доўгую. Раней падобныя захады не працавалі, але цяпер сытуацыя зьмянілася.

Па-першае, цяперашнія санкцыі значна больш жорсткія, чым усе ранейшыя. Да таго ж цяпер эканоміка трымаецца на жывой нітцы.

Па-другое, санкцыі зьявіліся ў іншай палітычнай атмасфэры. Пасьпяхова супрацьстаяць зьнешнім пагрозам можа абʼяднанае, кансалідаванае грамадзтва, у якім легітымнасьць улады ня ставіцца пад сумнеў. Беларускае ж грамадзтва фундамэнтальна расколатае, моцна траўмаванае, больш палітызаванае, чым раней. Палітычны крызіс не пераадолены, давер да ўлады невысокі, незадаволенасьць насельніцтва нікуды ня дзелася, яна вісіць як дамоклаў меч. Улада страціла манаполію на СМІ, і ёй цяжка будзе перакласьці віну за санкцыі на Захад і апазыцыю. Пра гісторыю з самалётам усе добра ведаюць.

Санкцыі зьявіліся на фоне ўсім заўважнай ізаляцыі, ізгойства Беларусі, якое немагчыма схаваць. Узяць хаця б тое, якія складанасьці даводзіцца перажываць беларусам, якія спрабуюць выбрацца на адпачынак на цёплае мора.

На гэтым фоне цяперашнія санкцыі могуць стаць штуршком, запусьціць складана кантраляваныя працэсы, якія будуць спрыяць эрозіі беларускай сацыяльнай мадэлі. У палітызаванай атмасфэры любая новая праблема будзе выклікаць дадатковы нэгатыў у адносінах да ўлады. Па меры нарошчваньня сацыяльна-эканамічных цяжкасьцяў стане яшчэ паўней высьвечвацца той факт, што менавіта Лукашэнка становіцца крыніцай усіх праблем, таксычнай фігурай. Прычым у вачах людзей палітычна не ангажаваных і нават яго прыхільнікаў. Але як і калі гэта стрэліць, ніхто сёньня сказаць ня можа.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG