Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 22 чэрвеня: 1,5 года «хіміі» за абразу Балабы, 2 гады калёніі за бел-чырвона-белы сьцяг на школе


Дзьмітры Балаба

Свабода працягвае асьвятляць крымінальныя справы супраць удзельнікаў пратэстаў у Беларусі. 22 чэрвеня таксама адзначылася прысудамі.

«Хімія» за абразу Балабы

У судзе Першамайскага раёну Віцебску 22 чэрвеня за абразу камандзіра сталічнага АМАПу Дзьмітрыя Балабы па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу да 1,5 года «хіміі» асудзілі 36-гадовага Вадзіма Ермаловіча, піша «Вясна».

Мужчына знаходзіўся пад вартай з 14 красавіка ў віцебскім СІЗА-2 пасьля затрыманьня на літоўскай мяжы. У ізалятары яго паставілі на прафіляктычны ўлік як «схільнага да экстрэмізму».

Справу разглядала судзьдзя Натальля Карабліна, абвінавачаньне падтрымліваў пракурор Філімонаў, які акурат і прасіў такое пакараньне як 1,5 года «хіміі». Пацярпелы Балаба на суд не зьявіўся, а сьледчых дзеяньняў зь ім не вялося. Але дыстанцыйна ён заявіў пазоў аб кампэнсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў, якія бацькі абвінавачанага выплацілі падчас суду.

Крымінальную справу на Ермаловіча завялі ў яго Дзень народзінаў — 13 красавіка. Паводле сьледзтва, мужчына нібыта абразіў Балабу ў тэлеграм-чаце, нэгатыўна выказваючыся пра стан яго здароўя.

Два гады калёніі за тое, што павесіў бел-чырвона-белы сьцяг ля школы і пасварыўся з вартаўніком

У судзе Менскага раёну на 2 гады калёніі агульнага рэжыму асудзілі жыхара аграгарадка Замасточча Сяргея Міселю, паведамляе «Вясна».

Судзьдзя Аляксей Крапачоў прызнаў яго вінаватым па ч. 1 арт. 366 Крымінальнага кодэксу («Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненьні да службовай асобы»)

Ноччу з 13 на 14 лістапада 2020 году Сяргей Міселя прыйшоў на тэрыторыю сярэдняй школы ў Замасточчы зь бел-чырвона-белым сьцягам і драбінамі, каб павесіць яго над уваходам у школу. Таксама пры сабе ён меў мачэтэ. Ён павесіў сьцяг, але на шум з будынка выбег вартаўнік і запатрабаваў яго зьняць.

Міселя адмовіўся гэта зрабіць, дадаўшы, што калі вартаўніку гэта трэба, хай сам і здымае. Вартаўнік узяў драбіны і пачаў здымаць сьцяг. Пасьля гэтага паміж Міселям і вартаўніком адбылася слоўная сварка, падчас яе, паводле вэрсіі сьледзтва, у адрас вартаўніка прагучалі пагрозы прымяненьня гвалту, а таксама Міселя нібыта замахнуўся на вартаўніка нажом. Вартаўнік усё ж такі зьняў сьцяг, і Міселя сышоў. Празь некаторы час ён прыходзіў да школы яшчэ раз з сабакам.

Сваю віну на судзе Сяргей Міселя прызнаў часткова. Ён пацьвердзіў факт славеснай сваркі з вартаўніком, аднак адмаўляў пагрозу нажом. Вартаўнік таксама казаў на судзе, што пагрозы нажом не было. Таксама Міселя растлумачыў, што вяртаўся да школы, каб пагаварыць з вартаўніком, згладзіць канфлікт. Вартаўнік заявы ў міліцыю не пісаў, проста перад тым, як выйсьці са школы, націснуў на трывожную кнопку. На судзе ён сказаў, што дараваў абвінавачанаму за тую спрэчку.

Пракурор запрасіла для Міселі 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Менавіта такі прысуд і вынес судзьдзя.

Да суду Сяргей працаваў мэнэджэрам па продажах, ён жанаты, выхоўвае дзяцей трох і шасьці гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG