Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Расеі фінансуе разьвіцьцё тэхналёгій ужыўленьня мікрачыпаў у мозг чалавека


Расейскі ўрад рыхтуе фэдэральную праграму «Мозг, здароўе, інтэлект, інавацыі», якая мае на мэце, сярод іншага, разьвіцьцё тэхналёгій нэйраінтэрфэйсаў.

Такія тэхналёгіі дазваляюць ужыўляць у мозг чалавека мікракампутары для прамой перадачы інфармацыі з вонкавых прыладаў, а таксама ствараць аватары людзей для дыстанцыйнага кіраваньня складанымі сыстэмамі (самалёты, аўтамабілі, АЭС).

Пра гэта піша «Коммерсант» са спасылкай на крыніцы ў Міністэрстве адукацыі і навукі Расейскай Фэдэрацыі.

Праграма распрацавана Расейскай акадэміяй навук сумесна з МДУ і разьлічана на 2021–2029 гады. Яе ўхваліў прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін. Цяпер яна «ў стадыі пачатковай прапрацоўкі», яе кошт ацэньваецца ў 54 млрд рублёў.

Дырэктар АНО «Лябараторыя Сенсор-Тех» Дзяніс Куляшоў сказаў выданьню, што найбольш перадавымі тэхналёгіямі лічацца інтэрфэйсы, убудаваныя проста ў мозг чалавека.

Праекты, зьвязаныя са штучным інтэлектам, як паказвалі раней СМІ, у МДУ можа курыраваць дачка Ўладзіміра Пуціна Кацярына Ціханава. У сьнежні 2018 году яна ўпершыню зьявілася на публіцы ў сюжэце на дзяржтэлебачаньні пра дзейнасьць нэйрацэнтру ейнага інстытуту разьвіцьця «Иннопрактика». У матэрыяле расказвалася пра тэхналёгію, якая, як сьцьвярджалася, дазваляе праграмаваць чалавечую падсьвядомасьць з дапамогай кантролю над электрычнымі сыгналамі мозгу.

У лютым 2020 году газэта «Ведомости» пісала, што Ціханава мае ўзначаліць Інстытут пэрспэктыўных праблем дасьледаваньняў штучнага інтэлекту і інтэлектуальных сыстэм МДУ. Афіцыйна пра яго стварэньне з тых часоў не паведамлялася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG