Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шкадую, што мала пасьпела зрабіць». Гісторыя шматдзетнай маці, якая трапіла пад крыміналку за пудзілы Лукашэнкі і Ярмошынай


Сьвятлана Кутковіч

40-гадовая Сьвятлана Кутковіч з Магілёва выхоўвае траіх дзяцей. Увосень яна трапіла пад крымінальны перасьлед за пудзілы з выявамі Лукашэнкі і Ярмошынай. Жанчыне ўдалося ўцячы. Толькі праз паўгода пасьля ўцёкаў яна сустрэлася са сваімі дзецьмі.

Дзецям Сьвятланы — 6, 13 і 15 гадоў. Увосень яны вымушана апынуліся ў Літве — праз крымінальны перасьлед маці. Сьвятлану празь мяжу не прапусьцілі. Яна жыла ў Расеі, потым — ва Ўкраіне, і нарэшце дабралася да Літвы.

Дзеці Сьвятланы Кутковіч
Дзеці Сьвятланы Кутковіч

Шлях ад назіральніцы на выбарах да «злачынцы»

Сьвятлана Кутковіч
Сьвятлана Кутковіч

«Я працавала на фірме па рамонце кампутараў. Запісалася ў незалежныя назіральнікі на выбарах 9 жніўня. Як усіх, нас не дапусьцілі на падлік галасоў. Чакалі каля школы пратаколаў разам зь людзьмі. На нас выклікалі АМАП. Некаторых назіральнікаў затрымалі, завезьлі ў Шклоў. Пазьней яны атрымалі „суткі“.

Я пачала ўдзельнічаць у маршах з 13 верасьня. На акцыях пазнаёмілася з удзельнікамі закрытага чату „Адраджэньне“. З кастрычніка мною пачала цікавіцца міліцыя. Першы пратакол па 23.34 атрымала за Марш 13 верасьня. Потым былі затрыманьні, суды, зноў пратаколы — за „партызанскія“ акцыі.

Адна з акцый, у якіх удзельнічала Сьвятлана
Адна з акцый, у якіх удзельнічала Сьвятлана

13 лістапада мы былі вельмі ўзрушаныя сьмерцю Рамана Бандарэнкі. Разам з удзельнікамі чату зрабілі пудзілы Лукашэнкі і Ярмошынай, павесілі іх на мастах.

24 лістапада мяне затрымалі міліцыянты. І ня толькі мяне. Міліцыя наша так радавалася, што злавілі „партызан“ і ў іх будзе гучная справа! Я адмовілася даваць паказаньні, і яны пагражалі адправіць мяне на ІЧУ. „Адпраўляйце“, — сказала я.

Але ці таму, што нас было шмат, затрыманых, ці не пасьпявалі ўсіх аформіць, яны не павезьлі мяне ў ізалятар, а папрасілі даць „хоць якія паказаньні“. Ну, я дала, лухту нейкую напісала. Мяне адпусьцілі ў тры ночы.

Ведаючы, што будзе крымінальная справа, вырашыла зьяжджаць.

Адна з «партызанскіх акцый»
Адна з «партызанскіх акцый»

Шлях ад Магілёва да Кіева

Сьвятлана Кутковіч
Сьвятлана Кутковіч

Нас чакалі на літоўскім баку. Нам зь дзецьмі абяцалі гуманітарны калідор. Мы прыехалі на мяжу. Я ня ведаю, чаму так здарылася, але па выніку беларускі памежнік прапусьціў маіх траіх дзяцей — зь іншай актывісткай, а мяне — не. Там дзяцей «падхапіў» фонд «Дапамога». Мне давялося вяртацца, праўда, не ў Магілёў. Я жыла часова ў іншым горадзе Беларусі. Затым паехала ў Расею, каб «прарвацца» ва Ўкраіну. Але мяне ня выпусьцілі расейскія памежнікі — я ўжо была ўнесена ў базы на вышук. Часова я жыла ў адным расейскім горадзе, мне дапамагалі расейскія актывісты.

У выніку, я не магу расказаць падрабязнасьці, але я апынулася ва Ўкраіне, у Кіеве. Там падала на літоўскую візу. Пра дзяцей тым часам клапацілася «Дапамога». Мы зь дзецьмі ўвесь час былі на сувязі. Яны жылі ў літоўскім Лентварысе, пайшлі ў расейскамоўную школу.

Муж мой... Ён трохі праўладны. На яго націснулі, і ён напісаў заяву на тое, што нібыта зьніклі дзеці. Старэйшы сын вельмі засмуціўся, калі даведаўся. Ён успрыняў гэта як здраду.

Сьвятлана на адной з акцый пратэсту
Сьвятлана на адной з акцый пратэсту

Шлях ад Кіева да Лентварыса

Сьвятлана з малодшай дачкой
Сьвятлана з малодшай дачкой

Было столькі радасьці, калі я нарэшце ўбачылася са сваімі дзецьмі! Малодшая не адыходзіла: «Мама, мама!». А старэйшага сына я ледзьве пазнала. Калі разьвітваліся — гэта было дзіцё. А прыехала ў Літву — гэта такі ўжо «дзядзька» з грубым голасам! Вырас, зьмяніўся. Ён цяжка перанёс гэты пераезд, у адрозьненьне ад дачок. Тыя — лягчэй. Дарэчы, да іх пераехала на час, пакуль мяне не было, мая маці. І яна аформіла на дзяцей там, у Літве, апеку.

Асабліва хачу сказаць пра органы апекі ў іх і ў нас. У нас гэта карны орган. Яны прыходзілі да мяне, каб пагражаць адабраньнем дзяцей. Яны прыходзяць, лезуць у шафы, лядоўні, «наяжджаюць», запалохваюць... У Літве органы апекі для таго, каб дапамагаць дзецям! Яны прыходзілі і пыталіся: «Што вам трэба? Што вам неабходна, як дапамагчы?».

Мне здаецца, дзеці асабліва не сумуюць па Беларусі. Тым больш у маёй дачкі не складаліся стасункі ў школе з настаўнікамі і дзецьмі, і яна ня надта добра вучылася. Тут жа, калі яна трапіла ў літоўскую школу — то проста раскрылася, прадметы лепш пайшлі, з аднаклясьнікамі сябруе. Тут у яе жыцьцё наладзілася.

Шлях да Марской акадэміі

«Нашай сям’і дапамагалі фонды, „Дапамога“ і арганізацыя „Наш дом“, дапамагаў Bysol. Мы вельмі ўдзячныя ўсім. Цяпер што? Я пайшла на курсы літоўскай мовы. Наогул мару атрымаць грант на навучаньне ў Марской акадэміі ў Клайпедзе. На мэнэджара лягістыкі суднаходзтва. Назад нам дарогі няма, пакуль у Беларусі ня зьменіцца ўлада. Больш за ўсё мне цяпер ня хочацца, каб Беларусь адышла да Расеі і стала „Паўночна-Заходнім краем“.

Ці шкадую я пра тое, што так склалася ў маім жыцьці? Не. Толькі адно шкадую, што мала зрабіла. Што, можа, ня варта было нам быць такімі мяккімі. Трэба сілай адказваць тым, хто прымяняе да цябе сілу.

Літоўцы вельмі па-сяброўску да нас паставіліся, гасьцінна. Тут мала бюракратычных працэдур, усё больш цывілізавана. У Беларусі, каб атрымаць апеку — трэба цэлы квэст прайсьці. А тут мая маці без праблем атрымала апеку над дзецьмі.

Цяпер што? Цяпер я цешуся, што я на свабодзе, што я зь дзецьмі і маці, што ў мяне ёсьць жытло, мары і пляны».

Магілёўская справа аб «пудзілах Лукашэнкі і Ярмошынай»:

  • У лістападзе міліцыя затрымала восем жыхароў Магілёва. Іх падазравалі ў «вырабе шасьці лялек з цынічнымі надпісамі і выявай вышэйшых службовых асобаў». Лялек павесілі на мастах каля вёсак Вільчыцы і Любуж, сфатаграфавалі іх і выклалі ў інтэрнэт.
  • Усе затрыманыя — удзельнікі чату «Адраджэньне».
  • Некаторых затрыманых пасьля трох сутак адпусьцілі, пазьней некалькі чалавек зьехалі за мяжу.
  • У красавіку ў Круглым судзілі ў закрытым рэжыме траіх. Абвінавацілі ў злосным хуліганстве і абразе прэзыдэнта, пакаралі пазбаўленьнем волі на 3 і 3 з паловай гады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG