Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джазмэн Павал Аракелян: «Свабода — гэта прагрэс, а прыстасавальніцтва — рэгрэс»


Павал Аракелян, фота Дзьмітрыя Дзьмітрыева

Чаму адны баяцца праяўляць грамадзянскую пазыцыю, а іншыя — не? Што фармуе і падтрымлівае ўнутраную свабоду чалавека? Ці варта ўсё гэта таго, каб трываць нягоды? У праекце «Што робіць мяне свабодным» даём слова людзям, чые ўчынкі прыцягнулі да сябе ўвагу пасьля жніўня 2020 году.

Хто такі Павал Аракелян

  • Павал Аракелян — музыка, джазмэн, саксафаніст, выступаў у тым ліку ў праекце Лявона Вольскага «Крамбамбуля».
  • Са жніўня 2020 году правёў звыш 60 дваровых канцэртаў, якія сталі яркай зьявай пратэставага лета і восені.
  • 7 лістапада пасьля чарговага канцэрту быў арыштаваны і асуджаны паводле арт. 23.34. Адбыў 15 сутак у Жодзіне і магілёўскай турме.

«Цяпер мне складана ацаніць, якую ролю адыгралі тыя дваровыя канцэрты, — разважае музыкант. — Магу толькі сказаць, якую ролю мне б хацелася, каб яны адыгралі ў выніку. Артысты, музыкі, мастакі могуць паўплываць на згуртаваньне і эўрапеізацыю нашай нацыі, на рэвалюцыю сьвядомасьці. Я вельмі спадзяюся, што сваёй дзейнасьцю нам удалося зрабіць унёсак у разьвіцьцё будучага цывілізаванага, прасунутага, інтэлектуальнага і пасіянарнага грамадзтва. У гэтым і ёсьць роля культуры».

«Я зрабіў, што лічу патрэбным, і заплаціў за гэта чаканую цану»

— Што прымусіла вас адкрыта выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю?

— Для мяне тое, што адбылося ў жніўні, ня стала чымсьці прынцыпова новым. Разьвіцьцё падзей было прадказальным задоўга да іх пачатку. Я чакаў, што будзе задушэньне пратэстаў; прадказваў, што за паўтара-два гады сытуацыя ў краіне ў любым выпадку зьменіцца, але чым даўжэй зацягнецца час, тым больш будзе крыві. Але я памыліўся ў адным: што сілавікі разумеюць розьніцу паміж генацыдам і задушэньнем пратэстаў. Высьветлілася, не разумеюць і займаюцца сёньня менавіта генацыдам. Гледзячы на тых сілавікоў, якія былі ў маім асяродзьдзі, я думаў, што большасьць зь іх здольныя бачыць гэта адрозьненьне, але папраўдзе працэнт аказаўся мізэрным.

Аднак я ўсё ж упэўнены, што за паўгода-год сытуацыя зьменіцца і наперадзе нас чакае праца ў аднаўленьні нацыі, культуры, эканомікі. Праўда, да гэтага мы падыдзем зь вялікімі стратамі. Але гэта натуральны працэс: даразвальваецца Савецкі Саюз. Калі мы зможам без эмоцый аналізаваць тое, што адбылося, то зразумеем, што заплацілі за свабоду сваю «кармічную цану», ня больш і ня менш, чым суседнія краіны, столькі, колькі мусілі.

— Што вы страцілі за сваю актыўнасьць?

— Мне не падабаецца слова «страціў». Усё, чаго я пазбавіўся, і, хутчэй за ўсё, яшчэ пазбаўлюся, было прагназавана. Таму як страты я гэта не ўспрымаю. Я зрабіў, што лічу патрэбным, і заплаціў за гэта чаканую цану. «Рабі, як трэба, і няхай будзе, што будзе». Незваротных страт у мяне няма.

Ёсьць забарона на прафэсію — сёньня, зразумела, немагчымыя ніякія мае канцэрты. Адпаведна, я пазбавіўся даходаў, якія і так ніколі не былі вялікімі. Я яшчэ працаваў фітнэс-трэнэрам. Але са жніўня таксама перастаў гэтым займацца. Нават калі б мне сёньня прапанавалі вярнуцца, каб падтрымаць фінансава, я ня змог бы раіць людзям мацаваць азадкі, калі ў краіне такая сытуацыя. Таксама я ня змог бы цяпер удзельнічаць у канцэртах або фэстывалях. Мне складана зразумець, як людзі жывуць звычайным жыцьцём на фоне масавых пакут.

Яшчэ зьявіліся пэўныя праблемы са здароўем пасьля адседкі. Але магло быць і горш.

Галоўнае пазбаўленьне — немагчымасьць нармальна існаваць у дадзеных умовах. Але любы чалавек сёньня ня можа нармальна існаваць, нават калі яму нічога не забаранялі.

— Што вы здабылі праз актыўную пазыцыю?

— З узростам людзям складаней знаходзіць сяброў. А я іх набыў — за час, пакуль сядзеў. Прычым гэта ня тыя сябры, зь якімі добра піць, а тыя, зь якімі можна быць адкрытым, на якіх можна разьлічваць у цяжкую хвіліну. За два тыдні ў камэры мы прайшлі шлях, які ў цывільным жыцьці людзі праходзяць гадамі.

У пэўным сэнсе я атрымаў творчы зарад. І зрабіў два важныя праекты: у сьнежні напісаў песьню на верш Барадуліна «Узятыя на сьмерць павінны жыць», а ў лютым — песьню «Заўтра», на якую мы зрабілі цудоўны кліп (анімацыя Маргарыты Ціхановіч).

У мяне былі прапановы зьехаць, карыстацца пэўнымі профітамі, але, нягледзячы на фінансавае становішча і іншыя складанасьці, я гэтымі магчымасьцямі не скарыстаўся. Мне гэта агідна. Я не выкарыстоўваю статус і становішча, каб палепшыць сваё жыцьцё. Для мяне гэта важна, і я лічу, што гэта дапаможа агульнай справе, ня дасьць людзям упасьці духам, расчаравацца ў пратэставым руху ад таго, што многія зьяжджаюць.

«Раз я апынуўся на гэтай плянэце, то мушу ўкласьці ў зьмяненьне чалавецтва»

— Ці было гэта таго варта?

— Яшчэ ў жніўні я задаваў сабе пытаньне: ці гатовы я памерці за гэта? Так, гатовы. Чаму? Гэта, напэўна, прагучыць, як глупства, але дзеля прынцыпаў.

Таго, што цяпер адбываецца, не павінна быць у XXI стагодзьдзі. Увесь чалавечы прагрэс пабудаваны на тым, што мы шукаем больш камфортнае існаваньне. І ў XX стагодзьдзі людзі нарэшце прыдумалі гуманныя сацыяльныя правілы: моцны ня можа таптаць слабага, не павінна быць дыскрымінацыі, а мусіць быць роўнасьць і г. д. Бо так нам камфортней існаваць, лягчэй задавальняць свае патрэбы ў сучасным сьвеце. Тое, што сёньня адбываецца ў рэжымах падобнага кшталту, — гэта Сярэднявечча, якое не прызнае прынцыпаў гуманізму і чалавечай свабоды, прынятых у XX стагодзьдзі. І вось за гэтыя свае прынцыпы, якія робяць немагчымым маё камфортнае існаваньне сёньня, я гатовы аддаць самае каштоўнае — жыцьцё. Хоць, як мы бачым, каштоўнасьць чалавечага жыцьця вельмі ўмоўная.

Якія прывілеі дае свабода? Свабода — гэта прагрэс. А прыстасавальніцтва — гэта рэгрэс. Так, можна сядзець на нязручным крэсьле зь цьвікамі. Але чалавек, які пускае ўсе свае сілы на такую ўседлівасьць, ніколі ня зробіць сабе зручнае крэсла.

Тым больш гэта актуальна для людзей творчых прафэсій. Любы калябарацыянізм тармозіць творчасьць, у лепшым выпадку ты станеш часткай мас-культуры, у горшым — рамесьнікам. А сапраўдныя творцы звычайна выбіраюць сваю сьцежку зь іншых прычынаў, дзеля іншых мэтаў.

— Што фармавала вашу ўнутраную свабоду?

— Выхаваньне. Бацькі вучылі прытрымлівацца сваіх прынцыпаў, пункту гледжаньня, умець іх адстойваць. Гэта было каштоўнасьцю ў сям’і.

Ёсьць і больш глыбінны фактар.

Я мізантроп, сёньняшняе чалавецтва мне не падабацца. І я шчыра лічу, што, раз ужо я апынуўся на гэтай плянэце, то мушу ўнесьці сваю лепту ў паляпшэньне чалавецтва. Мы вельмі любім казаць, што ў нас ёсьць часьцінка боскага, што мы створаны «на ўзор і падабенства», але пры гэтым часьцяком нічога ня робім для разьвіцьця гэтага падабенства, а наадварот, дзейнічаем насуперак гэтай устаноўцы, патураем толькі нізкім жаданьням. Грошы, улада, сэкс — гэта ўсё марнае.

Мне б хацелася верыць, што празь некалькі тысячагодзьдзяў нашы прынцыпы ўзаемадзеяньня адзін з адным, з навакольным асяродзьдзем, сьветам будуць іншыя. І калі ў бягучым моманце я магу нешта зрабіць для гэтага, я буду рабіць. Бо калі ўсё будзе так, як цяпер, гэта бессэнсоўна і дэструктыўна. То бок, рэзюмуючы: свабодным мяне робіць жаданьне ўплываць на працэс. Ня факт, што для гэтага заўсёды ёсьць магчымасьці. Але калі зьяўляецца хоць маленькае акенца, трэба рабіць тое, што лічыш значным.

Ці можа культура, тая ж музыка, зрабіць свабодным? І так, і не. Музыка — гэта найбольш абстрактнае і імгненнае мастацтва, якое дазваляе на вельмі невялікі прамежак часу сутыкнуцца з тым самым нашым боскім пачаткам, зазірнуць за нашу шкурную сутнасьць. Магчыма, калі мы зазіраем туды, гэта першы крок да зьменаў.

Але чалавек, ня здольны ўспрымаць іншы ўзровень, нічога там ня ўбачыць. І такіх людзей мы бачым сёньня: яны жывуць выключна «звышмэтай» натрахацца, напіцца, зьняважыць, згвалціць.

Чалавек, які здольны ўспрымаць іншы ўзровень Жыцьця, як мінімум можа задаваць сабе пытаньні: ці правільна тое, што сёньня адбываецца? Для многіх жа гэтыя пытаньні наогул не стаяць. Іх прынцып: «Я хачу — я магу». І яны катуюць, гвалцяць і, самае цікавае, ані на сэкунду не атрымліваюць ад гэтага задавальненьня.

Ад чаго залежыць гэтая здольнасьць успрымаць, я ня ведаю. Магчыма, гэта цесна зьвязана з пасіянарнасцю і эмпатыяй. Думаю, эмпатыю дакладна можна закладваць зь дзяцінства. Калі з маленства людзі не даведаліся, што добра, а што дрэнна, мабыць, потым ужо позна. Што мы і бачым сёньня: яны бʼюць, катуюць і не разумеюць, што гэта зло. Атрымліваецца, з маленства людзі не ўразумелі, што рыцар, які аддае сваё жыцьцё ў барацьбе з цмокам, каб выратаваць прынцэсу, — гэта правільная мадэль паводзінаў ідэальнага чалавека. І паўплываць на іх сьветапогляд ужо немагчыма.

— Ці баіцеся вы сёньня?

— Безумоўна. Сёньня ў краіне няма ніякіх правілаў. Адбываецца прававая сваволя. А падчас беззаконьня пакутуюць ня толькі тыя, хто нешта робіць, пацярпець могуць усе.

Я атрымліваў і атрымліваю пагрозы. Але гэта ня новае. Так было і 10 гадоў таму, і раней.

Гэта ня нейкі жах перад невядомасьцю, бо я прыкладна ведаю ўсе опцыі, якія могуць са мной адбыцца. Гэта разуменьне, што тут ад мяне ня вельмі шмат залежыць. Так, можна зьехаць. Але страх жа ня выражаш, ён нікуды не падзенецца пры зьмене месца.

— Што рабіць сёньня, каб супрацьстаяць злу і несправядлівасьці?

— У мяне няма асабістых рэцэптаў, але ёсьць цытата любімага Сяргея Даўлатава: «У наш час прыстойны чалавек — гэта той, хто робіць подласьці без задавальненьня». Таму адзінае, што я хачу параіць: не рабіце подласьці бязь лішняй неабходнасьці, а тым больш з задавальненьнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG