Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскі суд адхіліў скаргу баксёра Кудзіна на экстрадыцыю ў Беларусь


Аляксей Кудзін, архіўнае фота

25 чэрвеня адбыўся чарговы суд па справе шматразовага чэмпіёна сьвету ў кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксея Кудзіна.

Як паведамляе тэлеграм-канал «Сборная ЗОЖ», Маскоўскі абласны суд адмовіў у скарзе адвакатаў на рашэньне аб экстрадыцыі спартоўца ў Беларусь. Суд пастанавіў, што яму не пагражаюць катаваньні па вяртаньні на радзіму, а крымінальны перасьлед не зьяўляецца палітычна матываваным.

Аляксея Кудзіна затрымалі летась 10 жніўня пасьля акцыі пратэсту ў Маладэчне. Адпусьцілі пасьля адбыцьця адміністрацыйнага пакараньня 21 жніўня, аднак затым завялі крымінальную справу і абралі меру стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту.

На судовае паседжаньне 19 лістапада атлет не зьявіўся. Пасьля гэтага судзьдзя зьмяніла меру стрыманьня на заключэньне пад варту, Аляксея Кудзіна афіцыйна абвясьцілі ў міжнародны вышук. Празь нейкі час сам ён абазваўся ў сацсетках з Францыі, а на пачатку году прыехаў на трэніровачны збор у Расею.

21 студзеня стала вядома, што Аляксея Кудзіна затрымалі ў Маскве на запыт беларускіх уладаў. Ад таго часу ён знаходзіцца пад арыштам у Расеі, дзе напісаў заяву з просьбай даць палітычны прытулак.

За «фізычны гвалт» у адносінах да супрацоўнікаў міліцыі ў Беларусі яму пагражае працяглы тэрмін зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG