Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З 2018 году стаю ў чарзе». Ці адчуваецца ў Беларусі недахоп мэдыкаў?


Ілюстрацыйнае фота.

Па стане на 25 чэрвеня 2021 году Рэспубліканскі банк вакансій прапануе працу 3075 лекарам, 3042 мэдычным сёстрам, 1040 фэльчарам. Міністэрства аховы здароўя асаблівай праблемы ня бачыць і сьцьвярджае, што адтоку мэдыкаў няма.

Акрамя дэфіцыту больш як 6 тысяч лекараў і мэдсёстраў, у Беларусі не хапае 1225 санітараў, амаль паўсотні памочнікаў лекараў, 550 фармацэўтаў і правізараў. У краіне недахоп акушэраў, мэдычных рэгістратараў, статыстыкаў.

Мінздароўя: усё стабільна, праблемы няма

Дзьмітры Піневіч
Дзьмітры Піневіч

Міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч тыдзень таму, напярэдадні Дня мэдыка,заявіў у эфіры тэлеканалу БТ1

«Калі б мы з вамі бачылі масавае звальненьне мэдыкаў, мы б іх бачылі наяве».

Паводле Мінздароўя, «аналіз афіцыйнай статыстычнай інфармацыі па выніках 2020 году паказаў, што ў арганізацыях сыстэмы Мінздароўя працуе 48 635 лекараў-спэцыялістаў (у 2019 годзе — 49 018), то бок зьмяншэньне склала 383 асобы».

Асноўная прычына — праз каранавірус звальняліся лекары-пэнсіянэры.

У апошнія 5 гадоў патрэба застаецца на ўзроўні 2,5–3 тысяч лекараў, — сьцьвярджае Мінздароўя.

Ігар Зелянкевіч, які ў 1997–2001 гадах працаваў міністрам аховы здароўя Беларусі, мяркуе, што праблема ёсьць, і вельмі сур’ёзная.

«Прасьцей за ўсё казаць, што ніякіх праблем наагул няма, але гэта прымітыўна. Дэфіцыт лекараў ёсьць. І пры наяўнасьці чатырох мэдычных ВНУ гэты дэфіцыт штогод не зьмяншаецца, а наадварот, павялічваецца. Сыходзяць ня проста мэдыкі, а цэлыя навуковыя школы, клінічныя школы. У мяне душа проста баліць», — кажа Ігар Зелянкевіч.

Сёлетнімі выпускнікамі мэдунівэрсытэтаў тэарэтычна можна закрыць усе вакансіі

У Беларусі 4 мэдычныя ўнівэрсытэты (у Віцебску, Гомлі, Горадні і Менску) і 16 мэдычных каледжаў. Штогод яны выпускаюць у сярэднім каля 3 тысяч мэдыкаў з вышэйшай адукацыяй і 4 тысячы спэцыялістаў зь сярэдняй мэдычнай адукацыяй.

Здавалася б, выпускнікамі мэдунівэрсытэтаў і мэдкаледжаў можна закрыць усе вакансіі, аднак гэтага не адбываецца.

Прычым мэдычныя ВНУ, бадай, адзіныя, дзе прыём абітурыентаў штогод павялічваецца.

У 2020 годзе дыплёмы Менскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту атрымалі 1012 выпускнікоў, зь іх 750 лекараў. Сёлета МДМУ выпускае 790 лекараў. У 2021 годзе на бюджэт сталічнага мэдунівэрсытэту будзе прынята 660 студэнтаў, 295 — мэтавы прыём, 310 будуць прынятыя на платнае аддзяленьне.

«Чарга на холтэр — 6 месяцаў. Параілі дачакацца, не памерці»

У Беларусі бракуе нэўролягаў, кардыёлягаў, ЛОР, хірургаў, траўматолягаў і нават участковых і пэдыятраў.

Вялікая праблема і ў сталіцы, і асабліва ў рэгіёнах — трапіць да вузкага спэцыяліста. Вось што пішуць чытачы Свабоды.

  • «У 5-й паліклініцы Менску мой бацька спрабаваў запісацца да нэўроляга. Прапанавалі прыём толькі праз 2,5 тыдня. Пры вострым болі ў сьпіне».
  • «У 2-й менскай паліклініцы немагчыма трапіць да хірурга, талён можна заказаць толькі да аднаго, і то на бліжэйшы месяц у яго прыёму няма. Другі год не магу зрабіць апэрацыю па выдаленьні варыкозных венаў».
  • «Рэўматоляга ў паліклініцы няма, участковы працуе з ковіднымі хворымі, да нэўрапатоляга спрабую трапіць ужо трэці месяц. Цягам месяца адсутнічае базісны прэпарат для „рэўматоідных“ хворых сульфасалазін (адзін з самых танных — і то не змаглі закупіць своечасова)».
  • «Прыхапіла сэрца — а прыём кардыёляга толькі па накіраваньні тэрапэўта. Тэрапэўт накіраваньня не дае, бо патрэбныя паказаньні холтэра. Чарга на холтэр — 6 месяцаў. Параілі дачакацца, не памерці», — сумна жартуе жанчына.
  • «У Цэнтры памежных станаў на Мендзялеева, 4 да лекара запісвацца на прыём даводзіцца за два тыдні. Пару гадоў таму запісвалі празь дзень-два, а калі запісвалі на трэці дзень, выбачаліся: „Даруйце, у нас моцная загрузка“».

А што ў рэгіёнах?

«У Мазыры да дзіцячага нэўрапатоляга нават за месяц запісацца нерэальна. У журнале запісаў месцаў няма ўжо цягам паловы году», — піша чытачка Свабоды.

Двойчы звольнены за апошнія паўгода дзіцячы траўматоляг Рустам Айзатулін нядаўна ў інтэрвію ўзгадаў выпадак з уласнай практыкі:

Рустам Айзатулін
Рустам Айзатулін

«У мяне нядаўна была на прыёме жанчына зь Берасьцейскай вобласьці, якая расказала, што некалькі сем’яў зь дзецьмі прыехалі ў Менск, нанялі на тыдзень жытло і правялі прафіляктычны агляд дзяцей: нэўроляг, пэдыятар, хірург, афтальмоляг, ЛОР, бо ў раённай лякарні спэцыялістаў не засталося».

Кадраў бракуе і ў райбальніцах, і ў вядучых РНПЦ

Асабліва адчувальны недахоп лекараў у раённых шпіталях. У Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы нестае 107 работнікаў, зь іх 33 дактароў, 38 мэдсёстраў, 5 фэльчараў. У даволі вялікую Полацкую цэнтральную гарадзкую бальніцу патрабуецца 108 працаўнікоў: мяркуючы па інфармацыі ў разьдзеле «Вакансіі», бракуе дактароў, здаецца, усіх спэцыяльнасьцяў, якія толькі бываюць.

У невялікай Бешанковіцкай раённай бальніцы адкрытыя вакансіі для двух дактароў агульнай практыкі, доктара лябараторнай дыягностыкі, доктара УЗІ, хірурга, гінэколяга, афтальмоляга, псыхіятра-нарколяга.

Складаная сытуацыя з кадрамі і ў вядучых РНПЦ краіны.

Чытач Свабоды напісаў пра свае праблемы:

«Жыву ў Менску. З 2018 году стаю ў чарзе на эндапратэзаваньне тазабедранага суставу. У другой палове 2020 году павінны былі зрабіць апэрацыю ў РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, але адклалі з прычыны каранавірусу. Зьвязваўся з РНПЦ крыху пазьней — параілі чакаць. А паўмесяца таму сказалі, што няма лекараў-хірургаў па эндапратэзаваньні, і што будзе далей — невядома. Ужо пачаў разбурацца другі тазабедраны сустаў. Падобна, што дзякуючы ну вельмі паказальнай мэдыцыне будзем папаўняць шэрагі інвалідаў».

Паводле інфармацыі галіновай арганізацыі ў складзе Свабоднага прафсаюзу «Панацэя», толькі з РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі са жніўня 2020 году звольненыя як мінімум 15 чалавек.

«Сярод іх унікальныя спэцыялісты: практыкуючы хірург, загадчык аддзяленьня вострай траўмы РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі Сяргей Худніцкі, траўматоляг-артапэд, які кансультуе дзяцей з нэўрацягліцавымі ды іншымі рэдкімі захворваньнямі Рустам Айзатулін.

А з выстаўленых на сайце РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі вакансій вынікае, што ў кансультацыйны аддзел вядучай мэдычнай установы краіны гатовыя ўзяць спэцыяліста са стажам працы 1 год.

У РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі звольніліся 6 адмыслоўцаў анколягаў-гематолягаў, якіх замяніць проста няма кім. Звальнялі вядучых адмыслоўцаў і з РНПЦ „Маці і дзіця“ — дзіцячага кардыёляга, нэанатоляга-рэаніматоляга. І яны ня могуць знайсьці працу ў іншых мэдустановах краіны. Частка ўнікальных адмыслоўцаў вымушаная зьяжджаць за мяжу — яны працаўладкоўваюцца ва Ўкраіне, Польшчы, Чэхіі.

Хутка ня зможаш знайсьці добрага спэцыяліста нават па блаце — няма каму будзе лячыць», — кажа мэдык з «Панацэі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG