Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДФР не знайшоў парушэньняў у берасьцейскім тэатры «Крылы халопа», закрытым уладамі


Акцыя пратэсту ў Берасьці, 30 жніўня 2020 году. Ілюстрацыйнае фота

Кіраўніца берасьцейскай прасторы «Крылы халопа» Аксана Гайко паведаміла, што забрала дакумэнты і кампутар з Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэта дзяржкантролю.

«135 дзён фінансавай праверкі. Чыстыя! Адбіліся!», — напісала Аксана Гайко ў сацыяльных сетках. Паводле яе, ДФР не знайшоў парушэньняў у тэатры.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў дзейнасьць незалежнай культурнай прасторы «КХ» зацікавіла сілавыя структуры.

27 студзеня сёлета ДФР прыйшоў у прастору «Крылы халопа», якую адкрыў аднайменны тэатар. Раней ва ўстанове пабывалі з праверкамі таксама прадстаўнікі МНС і падатковых органаў.

Таксама стала вядома, што Аксана Гайко, зьяўляючыся кіраўніцай установы, стала падазраванай у крымінальнай справе аб ухіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула «прычыненьне шкоды ў буйным памеры».

Аксана Гайко расказала «Нашай ніве», што, нягледзячы на тое, што прастора «КХ» прайшла ўсе праверкі, рахункі яе па-ранейшаму арыштаваныя.

18 чэрвеня пракуратура прыняла рашэньне ліквідаваць «Крылы халопа» за дзейнасьць, якая «не адпавядае мэтам і прадмету, заяўленым у статуце».

У загадзе ведамства сьцьвярджалася, што створаная пры тэатры прастора «КХ» зьяўлялася арганізатарам выстаў і мастацкіх прэзэнтацый твораў, «мэта якіх — фармаваць у грамадзян ухвальнае стаўленьне да супрацьпраўных дзеяньняў».

«Што будзем рабіць, пакуль сказаць цяжка. На гэтым этапе адказваем на запыты ўсіх магчымых інстанцый з нагоды ліквідацыі», — сказала Аксана Гайко.

«Крылы халопа» не адзіная культурніцкая прастора ў Берасьці, якой зацікавіліся сілавікі. У канцы чэрвеня на ініцыятыву пракуратуры вырашылі зьліквідаваць яшчэ адну папулярную культурна-асьветніцкую ўстанову, «Грунт будучыні».

Яе заснавальніку і кіраўніку Віктару Клімусу паставілі ў віну ягоны ўдзел у Каардынацыйнай радзе гораду Берасьця, створанай з мэтай дыялёгу зь мясцовымі ўладамі для пераадоленьня грамадзка-палітычнага крызісу пасьля выбараў у жніўні 2020 году. У сувязі з крымінальным перасьледам Віктар Клімус вырашыў пакінуць Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG