Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дэльта» наступае. Як распаўсюджваецца новы штам, як пераносяць гэтую мутацыю СOVID-19 хворыя і ці эфэктыўныя супраць яе вакцыны


60-гадовая пацыентка з каранавіруснай інфэкцыяй ў палаце інтэнсіўнай тэрапіі ў шпіталі Джакарты, Інданэзія, дзе актыўна распаўсюджваецца штам «дэльта». 29 чэрвеня 2021 году

Па эўрапейскім кантынэнце актыўна распаўсюджваецца дэльта-штам COVID-19, таксама вядомы як індыйскі. Пасьля ўпэўненага зьніжэньня захворваньня эпідэмічныя паказьнікі ў Эўропе зноў пагаршаюцца.

Для ўладаў многіх дзяржаваў гэта трывожны сыгнал і падстава для новых абмежаваньняў. Сярод лідэраў у распаўсюдзе гэтай мутацыі каранавірусу ў Эўропе — Вялікая Брытанія, Расея і Партугалія.

«Дэльта» і шпітальны каляпс у Інданэзіі

Шпіталь ў Джакарце, сталіцы Інданэзіі: месцаў няма, ложкі з хворымі стаяць у калідорах. Многія пацыенты паміраюць. «Мы прывезьлі нашага сына ў шпіталь і чакалі дзьве гадзіны, каб трапіць у рэанімацыю, — расказвае жыхар Джакарты агенцтву Reuters. — У яго быў станоўчы вынік тэсту на вірус, але ў шпіталі нам сказалі, што могуць толькі даць яму трохі лекаў, таму што шпіталь перапоўнены».

У крамах Джакарты, дзе можна папоўніць кіслародны балён, цяпер выстройваюцца чэргі. У Інданэзіі новая буйная ўспышка каранавірусу. Яна зьвязаная з распаўсюджаньнем штаму «дэльта». Улады ўвялі камэнданцкі час, закрылі рэстараны і бары. Адкрыцьцё курортных астравоў Балі для турыстаў з прычыны «дэльты» вырашылі адкласьці.

Штам «дэльта» быў упершыню выяўлены ў Індыі летась, і цяпер, паводле дадзеных САЗ, распаўсюджваецца ўжо ў 96 краінах сьвету. Амаль удвая больш заразны, штам «дэльта» паступова выцясьняе іншыя варыянты вірусу і робіцца дамінантным.

Брытанія: што вядома навукоўцам аб «дэльце»

У Вялікай Брытаніі штам «дэльта» ўжо становіцца прычынай 95% усіх заражэньняў COVID-19. Брытанцы, якія захварэлі на «дэльту», скардзіліся на галаўныя болі, пяршэньне ў горле, насмарк, тэмпэратуру і часам — кашаль. Міністэрства здароўя краіны апублікавала сваю статыстыку. Зь яе робіцца зразумела, хто трапляе ў групы рызыкі.

З пачатку лютага да сярэдзіны ліпеня было прааналізавана больш за 92 тысячы выпадкаў заражэньня штамам «дэльта» (92 029 выпадкаў). Выявілася, што ў асноўным хварэюць даволі маладыя людзі, якім яшчэ няма 50 гадоў. Больш за палову тых, хто захварэў (53 822 выпадкі) не прайшлі вакцынацыю.

З гэтай групы(53 тысячы чалавек, якія не зрабілі прышчэпкі і падхапілі «дэльту») звыш 52 тысяч хворых былі маладзейшыя за 50 гадоў. Гэта значыць 97%. І толькі астатнія 3%, 976 чалавек, — старэйшага ўзросту.

Памерлі ад штаму «дэльта» у Брытаніі 117 чалавек. Гэта дадзеныя на 25 чэрвеня. І калі хварэюць у асноўным маладыя, то паміраюць ад «дэльты» старэйшыя людзі: з гэтых 117 толькі 8 памерлых былі маладзейшыя за 50.

Такім чынам, згодна з дакладам брытанскага Міністэрства здароўя, на сёньняшні дзень больш за ўсё рызыкуюць заразіцца штамам «дэльта» невакцынаваныя людзі, маладзейшыя за 50 гадоў і тыя, хто пасьпеў атрымаць толькі адну дозу вакцыны.

Эўропа: абмежаваньні на ўезд

З прычыны распаўсюджанасьці «дэльты» ў Брытаніі Нямеччына ўвяла абмежаваньні для брытанскіх турыстаў: цяпер любы, хто едзе зь Вялікай Брытаніі ў Нямеччыну, павінен застацца ў карантыне на два тыдні, нават калі ён вакцынаваны ад каранавірусу або яго тэст паказаў адмоўны вынік. Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель лабіюе, каб усе краіны ЭЗ ужылі такія самыя захады.

Чацьвёртую хвалю каранавірусу з прычыны распаўсюджаньня «дэльты» ўжо чакаюць у Францыі, заявіў 30 чэрвеня навуковы дарадца ўраду Францыі прафэар Арно Фантанэ.

«На варыянт „дэльта“ цяпер прыпадае каля 20% новых выпадкаў, — паведаміў міністар здароўя Францыі Аліўе Вэран. — Доля гэтага штаму працягвае павялічвацца ў працэнтах, а не ў абсалютным вымярэньні, паколькі агульная колькасьць выпадкаў памяншаецца». Міністар здароўя Францыі тлумачыць: драматычнага росту захворваньня няма, таму што людзі вакцынуюцца. Але сярод тых, хто хварэе, выпадкаў з «дэльтай» робіцца ўсё больш.

Меркаваньне дацэнта ўнівэрсытэту OsloMet Юрыя Кісялёва адносна ўстойлівасьці штаму «дэльта» да наяўных вакцын

«З той інфармацыі, якую я бачыў у навуковых крыніцах, сапраўды чакаецца зьніжэньне эфэктыўнасьці вакцын ў адносінах да гэтага штаму. Але тут важна разумець, што, мяркуючы па наяўнай інфармацыі, прынамсі вакцыны Pfizer, Moderna, „Спутник V“ той жа самы — яны, па ўсёй бачнасьці, даюць дастаткова магутную, нават вельмі магутную абарону ад каранавіруснай інфэкцыі ў цэлым. І, адпаведна, з тым памяншэньнем ступені абароны, якое можна чакаць на фоне інфэкцыі штаму „дэльта“, — яна... будзе ў нас, можа быць, не такая вялікая, але яна будзе. Тут я параўнаю з рамянём бясьпекі. Ён жа не на 100% гарантуе абарону ад гібелі ў аўтакатастрофе — але ён дае нам нейкую абарону, і мы ім карыстаемся. Акурат гэтаксама я гляджу на пытаньне вакцынацыі ў гэтай сытуацыі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG