Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хірург, міністар, кіраўнік аблвыканкаму. Гісторыя кар’еры Ўладзімера Караніка


Уладзімер Каранік, гісторыя кар’еры

Як навуковец і вядомы ўсёй краіне мэдык стаў тым, каго Лукашэнка назваў патэнцыйным пераемнікам.

Незвычайны хлопец з фэнамэнальнай памяцьцю

Уладзімер Каранік нарадзіўся ў Горадні ў 1973 годзе. Маці Ўладзімера працавала бухгальтаркай, бацька быў зьвязаны з аграрнай галіной. Старэйшы брат Аляксандар скончыў Вайскова-мэдычную акадэмію ў Пецярбургу, пасьля якой вярнуўся ў Беларусь і пэўны час узначальваў упраўленьне мэдыцыны Горадзенскага аблвыканкаму.

Вучыўся Ўладзімер Каранік побач з домам бацькоў, у горадзенскай школе № 16.

«Незвычайны хлопец, мой любімы вучань, — расказвала ў 2019 годзе ў размове з выданьнем „Наша ніва“ былая настаўніца Караніка Кацярына Будзевіч. — Вельмі выхаваны, добры. У яго заўсёды было шмат сяброў, і грамадзкай дзейнасьцю ён займаўся. Калі вучыўся ў сёмай клясе, то яго адзінаццаціклясьнікі прымалі гуляць у КВЗ. У яго была фэнамэнальная памяць, ні ў кога больш такой не заўважала».

Партрэт Уладзімера Караніка на дошцы гонару 16-й горадзенскай школы
Партрэт Уладзімера Караніка на дошцы гонару 16-й горадзенскай школы

Пасьля школы Ўладзімер Каранік застаўся ў Горадні, паступіў у мясцовы мэдінстытут. Гэта было ў апошнія гады існаваньня СССР, вучобу ён завяршаў ужо ў незалежнай Беларусі, якой кіраваў малады Аляксандар Лукашэнка.

Пасьля інстытуту Ўладзімер Каранік пераехаў у сталіцу, дзе ўладкаваўся ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава ў Бараўлянах. Працаваў спачатку лекарам-стажорам, пасяліўся там жа, у пасёлку Лясным побач з Бараўлянамі, у інтэрнаце для супрацоўнікаў РНПЦ. У інтэрнаце Уладзімер Каранік пражыў амаль да самага прызначэньня на пасаду міністра ў 2019-м.

З хірурга ў адміністратары

У РНПЦ Каранік прапрацаваў з 1996 па 2011 год. За гэты час ён абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму «Клініка-біялягічныя асаблівасьці розных варыянтаў недрабнаклетачнага раку лёгкага» і стаў загадчыкам аддзяленьня.

Падчас працы ў РНПЦ Уладзімер Каранік актыўна займаўся апэрацыямі. У 2011 годзе яго прызначылі галоўным доктарам Менскага гарадзкога клінічнага анкалягічнага дыспансэру. З гэтага часу Каранік паступова перастаў непасрэдна займацца практычнай мэдыцынай і стаў чыноўнікам.

«Цалкам ад клінічнай працы не адышоў, імкнуся ўдзельнічаць у кансыліюмах, рабіць абходы ў рэанімацыі, — расказваў Уладзімер Каранік у размове зь „Вечерним Минском“ пасьля пераводу на новую пасаду. — Хацелася б застацца анколягам. Але ў апэрацыйную не хаджу. Для таго, каб рабіць унікальныя апэрацыі, трэба кожны дзень практыкавацца. Нават стандартныя апэрацыі — той навык, які трэба пастаянна падтрымліваць. Калі апэраваць адзін-два разы на месяц, можа пацярпець якасьць. На коне — жыцьцё пацыента. Занадта высокі кошт».

Уладзімер Каранік паказвае Аляксандру Лукашэнку менскі гарадзкі анкалягічны шпіталь, 2017 год
Уладзімер Каранік паказвае Аляксандру Лукашэнку менскі гарадзкі анкалягічны шпіталь, 2017 год

У анкалягічным дыспансэры Каранік актыўна займаўся адміністрацыйнай працай. Пры ім тут быў пабудаваны новы корпус з самым сучасным мэдычным абсталяваньнем. У гэты пэрыяд сваёй кар’еры ён не адмаўляў у просьбах аб інтэрвію як дзяржаўным, так і недзяржаўным СМІ. У вэб-архіве можна знайсьці яго камэнтары і інтэрвію парталу Tut.by. Журналісты маглі свабодна пазваніць Караніку на ягоны асабісты мабільны нумар, і ён адказваў, калі меў магчымасьць.

«Дзеля цікавасці вырашыў падлічыць, колькі разоў за дзень бяру ў рукі тэлефон, каб адказаць на выклік ці самому пазваніць, — расказваў сам Уладзімер Каранік. — Калі дайшоў да сотні, кінуў гэты занятак. Свой нумар тэлефона ніколі не мяняў і не хаваў. Мяне знаходзяць нават пацыенты, якіх лячыў яшчэ ў РНПЦ анкалёгіі і мэдрадыялёгіі. Нешта пытаюць, удакладняюць і проста віншуюць з прафэсійным сьвятам. Пачуць цёплыя словы ад чалавека, якога лячыў гадоў 8-10 гадоў таму, для анколяга самае прыемнае».

Занятасць у Менску не перашкаджала Караніку працягваць займацца баскетболам, якім захапіўся яшчэ ў студэнцтве. Ён штогод прыяжджаў у Горадню на турнір, дзе выступаў у адной камандзе з іншымі горадзенскімі лекарамі. Ці працягвае Уладзімер Каранік свае заняткі баскетболам цяпер, дакладна невядома.

«Я рады, што мне аказалі давер»

На пасаду міністра аховы здароўя Беларусі Уладзімера Караніка прызначылі 11 чэрвеня 2019 году. Яго папярэднік Валер Малашка, таксама гарадзенец, узначальваў Міністэрства ўсяго паўтара года. Па пасаду міністра аховы здароўя Малашка прыйшоў пасьля звальненьня з пасады міністра працы і сацыяльнай абароны. Зь Менску яго накіравалі ў Магілёў, дзе зрабілі намесьнікам старшыні аблвыканкаму.

Уладзімер Каранік сваё прызначэньне ў Міністэрства аховы здароўя ўспрыняў станоўча. Прынамсі, так ён гэта пракамэнтаваў у інтэрвію Tut.by неўзабаве пасьля пераходу на новую працу.

«Вы ж самі разумееце, што працэс прызначэньня і ўзгадненьня... патрабуе пэўнага часу і пэўнага ўдзелу, — расказваў Уладзімер Каранік пра дэталі свайго пераходу на працу ў Міністэрства. — Натуральна, быў адбор кандыдатаў, ацэнка праграм. І гэта не было нейкім спантанным рашэньнем. Дзяржаўная кадравая палітыка — гэта цэлая сыстэма, у якой дастаткова шмат нарматыўных актаў. І часьцяком яна нябачная для абываталя, але на самой справе заўсёды праводзіцца дастаткова сур’ёзная праца.

Я рады, што праведзеная праца дазволіла зрабіць выснову, што мне можна аказаць давер. Ёсьць пэўны крэдыт даверу і пэўныя даручэньні, якія я на гэтай пасадзе паспрабую апраўдаць і выканаць».

Каранік стаў міністрам на фоне карупцыйных скандалаў і крымінальных справаў у сфэры аховы здароўя. Яны ў тым ліку былі зьвязаныя з закупкамі абсталяваньня для шпіталяў.

«Міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік мае намер з уступленьнем на пасаду шчыльна заняцца ліквідацыяй умоў, якія ствараюць глебу для карупцыйных правапарушэньняў пры закупцы лекаў і мэдабсталяваньня», — пісала чэрвені 2019 году агенцтва БелТА.

Згадваў пра неабходнасьць выкараніць карупцыю ў мэдычнай сфэры і сам Лукашэнка.

«Атручэньне псыхатропамі, у морду атрымаў»

Адкрытасьць Уладзімера Караніка ў працы з журналістамі спынілася з пачаткам эпідэміі каранавірусу ў Беларусі. Ён ня толькі перастаў адказваць на званкі, але і не зьяўляўся на рэгулярных брыфінгах, якія ў сакавіку і красавіку 2020 году праходзілі ў міністэрстве. Замест яго з журналістамі размаўляла намесьніца Алена Богдан. Ніяк не камэнтаваў міністар публічнае адмаўленьне небясьпекі каранавірусу з боку Лукашэнкі, ігнаравала міністэрства і інфармацыю аб недахопе сродкаў індывідуальнай засьцярогі для мэдыкаў у рэгіянальных шпіталях. У красавіку 2020 году былая дэпутатка Ганна Канапацкая нават зьвярталася ў Генпракуратуру з заявай аб неабходнасьці праверыць дзейнасьць Караніка на пасадзе міністра.

Праз два тыдні пасьля выбараў 9 жніўня Лукашэнка прызначыў Уладзімера Караніка кіраўніком Горадзенскага аблвыканкаму. Яго папярэднік Уладзімер Краўцоў прапрацаваў на гэтай пасадзе сем гадоў, у Горадню яго перавялі з Магілёва. Дзеяньні Краўцова ў першыя дні пасьля выбараў, калі гарадзенскія ўлады фактычна дазволілі масавыя акцыі пратэсту і дапусьцілі да іх асьвятленьня дзяржаўную тэлевізію, былі раскрытыкаваныя. Новай пасады пасьля звальненьня Краўцоў не атрымаў.

Уладзімер Каранік падчас візыту на «Гродна Азот»
Уладзімер Каранік падчас візыту на «Гродна Азот»

Пасьля прызначэньня ў горадзенскі аблвыканкам Караніка ў Горадні і райцэнтрах аднавіліся затрыманьні ўдзельнікаў пратэстаў. Новапрызначаны «губэрнатар» асабіста езьдзіў па прадпрыемствах і залагоджваў пратэсты рабочых. Адзін з самых вядомых эпізодаў гэтай ягонай дзейнасьці зьвязаны з наведваньнем «Гродна Азоту» 26 жніўня. Выступаючы там перад рабочымі, Уладзімер Каранік расказаў пра 16-гадовага падлетка, які выйшаў на пратэст «пад псыхатропамі».

«Калі ўсе расказваюць пра тое, што ўсе белыя і пухнатыя, калі мы бачым фэйкі, прабачце мяне, пра тое, што бедны, 16 гадоў, пабіты да паўсьмерці, у коме ляжыць у 3-й дзіцячай лякарні Менску. Памятаеце гэта? — сказаў рабочым тады Уладзімер Каранік. — А я ведаю, таму што на кансыліюмы выяжджалі. Пералом скулавой косьці, сутаргавы сындром незразумела чаго, чэрап цэлы, сінякоў на галаве няма, МРТ чыстае. Потым зьнялі, потым выйшаў на псыхоз, клініка — як пры атручэньні псыхатропамі. Ну натуральна, у морду атрымаў, прабачце, у твар атрымаў, пералом скулавой косьці ёсьць, але іншых сінякоў няма ніводнага, а ўсюды было „пабіты да паўсьмерці“».

Выказваньні Караніка аб наяўнасьці ў крыві пацярпелага ад АМАПу падлетка наркотыкаў зьняпраўдзілі родныя хлопца і яго адвакат. У мэдычных дакумэнтах пабітага, прадстаўленых імі, не было згадак аб псыхатропах, пра якія сьцьвярджаў на «Гродна Азоце» былы міністар аховы здароўя.

Уладзімер Каранік размаўляе з пратэстоўцамі 17 жніўня 2020 году
Уладзімер Каранік размаўляе з пратэстоўцамі 17 жніўня 2020 году

Пераемнік Лукашэнкі

Зь сярэдзіны восені 2020 году дапамагаць Караніку залагоджваць сытуацыю з пратэстамі на Горадзеншчыне прыехаў былы міністар унутраных спраў Юры Караеў, прызначаны асабістым памочнікам Лукашэнкі па гэтым рэгіёне.

21 сьнежня 2020 году Лукашэнка падпісаў указ аб узнагароджваньні Ўладзімера Караніка ордэнам Айчыны ІІІ ступені. «За высокі прафэсіяналізм, значны асабісты ўклад у арганізацыю і правядзеньне комплексных мерапрыемстваў у процідзеяньні распаўсюджваньню інфэкцыі COVID-19 на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — гаварылася там.

Пасьля Караніка міністрам аховы здароўя стаў Дзьмітры Піневіч, пры якім у краіне нарэшце быў уведзены масачны рэжым і абмежаваньні на масавых мерапрыемствах. Гэтым жа ўказам Лукашэнка ўзнагародзіў Піневіча ордэнам Пашаны.

У сакавіку 2021 году, наведваючы Горадню, Лукашэнка назваў Уладзімера Караніка адным са сваіх магчымых пераемнікаў на пасадзе кіраўніка дзяржавы. Рэакцыя самога Караніка на гэтыя словы невядомая, ён працягвае ўзначальваць горадзенскі аблвыканкам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG