Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі правялі «маштабную антытэрарыстычную апэрацыю», агучыў прэтэнзіі да Нямеччыны


Аляксандар Лукашэнка. Берасьце, 22 чэрвеня 2021

Пра гэта ён сказаў 2 ліпеня на цырымоніі ўручэньня дзяржаўных узнагарод.

Як перадае БелТА, на цырымонію ён спазьніўся і растлумачыў, ад чаго яму прыйшлося затрымацца:

«Сёньня завяршалі ў краіне маштабную антытэрарыстычную апэрацыю. Нам здавалася, што яны эканамічна будуць нас душыць. Не. Працягваецца ў больш маштабных памерах тэрор унутры краіны супраць людзей і аб’ектаў. У найбліжэйшы час мы пра гэта скажам».

«Пасьля сёньняшняга заканчэньня мерапрыемстваў па лініі контравыведкі мы ўжо ня нейкаму Гайка Маасу, міністру замежных спраў Нямеччыны, прад’явім прэтэнзіі, але самому канцлеру і камусьці з кіраўніцтва Нямеччыны. Пра гэта пазьней», — дадаў Лукашэнка.

Раней Лукашэнка падчас выступу ў Берасьцейскай крэспасьці 22 чэрвеня згадваў пра словы кіраўніка МЗС ФРГ Гайка Мааса, які заявіў, што санкцыі ў дачыненьні да Беларусі могуць быць яшчэ пашыраныя.

«І няхай мы тут здохнем. Спадар Маас, вы хто? Немец, які ўчора каяўся, або спадкаемца нацыстаў? Вы хто? Адкажыце публічна», — сказаў Лукашэнка.

Прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Нямеччыны не сталі афіцыйна рэагаваць на сёньняшнія заявы Лукашэнкі аб кіраўніцтве ФРГ.

«Гэтыя выказваньні Лукашэнкі мы не камэнтуем», — заявіла на брыфінгу прадстаўніца МЗС ФРГ Андрэа Засэ. Да яе далучылася і намесьніца прадстаўніка ўраду краіны Марціна Фіц, перадае ТАСС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG