Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэст у Будславе пасьля пажару праводзяць на вуліцы і з жывой трансьляцыяй


Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на Будслаўскім фэсьце ў 2018 годзе

Нягледзячы на наступствы моцнага пажару, у Будаславе 2 і 3 ліпеня праходзяць ўрачыстасьці ў гонар іконы Маці Божай Будслаўскай. Гэтым разам усе імпрэзы ў Нацыянальным санктуарыі пройдуць на вуліцы.

У 2018 годзе ЮНЭСКА уключыў Будслаўскі фэст у сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Сам касьцёл — помнік позьняга барока, яго архітэктура прызнаная ўнікальнай на землях ўсёй былой Рэчы Паспалітай. Абраз Будслаўскай Божай Маці — адна з самых значных каталіцкіх святынь, яе шануюць як абаронцу ўсіх беларускіх каталікоў.

11 траўня ў Будслаўскім касьцёле здарыўся пажар. Агонь цалкам зьнішчыў дах над цэнтральным нефам, перакрыцьці абрынуліся. У той жа дзень пачаўся збор ахвяраваньняў на аднаўленьне сьвятыні, паводле апошніх зьвестак, сабрана амаль 900 тысяч рублёў.

Касьцёл у аварыйным стане, уваходзіць у будынак і знаходзіцца побач забаронена. Усё набажэнствы сьвятары правядуць на палявым алтары на адкрытым паветры. Тут жа будзе знаходзіцца цудадзейная ікона Маці Божай Будслаўскай.

Перад урачыстасьцю Маці Божай Будслаўскай побач з Нацыянальным санктуарыем усталявалі крыж, зроблены з абгарэлых бэлек і фрагмэнтаў медзі з даху сьвятыні, паведамляе каталіцкі партал Сatholic.by. Зьмешчана таблічка з надпісам: «Боль і ахвяра. Крыж зроблены з гістарычных абвугленых бэлек згарэлага даху Будслаўскай базылікі».

Побач знаходзіцца яшчэ адзін крыж з назвай «Памяць і ўдзячнасьць», які да пажару захоўваўся за галоўным алтаром. Яго зрабілі ў 2007 годзе ў Вільні з гістарычных бэлек, зьнятых з даху віленскага кляштара айцоў бэрнардынаў, пабудаванага ў 1507 годзе побач з касьцёлам Сьвятой Ганны. Бэлькі вычасаныя з дрэваў, якія больш за 500 гадоў таму раслі ў пушчы на берагах ракі Сэрвач, дзе манахі для іх нарыхтоўкі заснавалі паселішча з «будаў», або буданоў — сёньняшні Будслаў.

Крыж з абгарэлых бэлек ля Будслаўскага касьцёлу
Крыж з абгарэлых бэлек ля Будслаўскага касьцёлу

Акрамя таго, на правай вежы базылікі зноў пайшоў гадзіньнік XVIII стагодзьдзя. Аднавіць мэханізм старадаўняга вежавага храномэтра, якіх у Беларусі захавалася зусім няшмат, плянавалася ўжо даўно. Адказную справу даручылі прафэсійным рэстаўратарам Аляксандру Петракову, Аляксандру Лагуновічу-Чарапко, Аляксандру Лабусу. Праца заняла больш за два гады.

У выніку за некалькі дзён да фэсту куранты на непацярпелай касьцёльная вежы зноў пачалі адлічваць кожную чвэрць гадзіны. Для чвэрцяў б’е адзін звон, высокі, для цэлых гадзін — другі, больш глыбокага гучаньня.
Мэханізм захаваўся практычна ў некранутым стане, стрэлкі і рымскія лічбы цыфэрблату таксама арыгінальныя, хоць усталяваныя на новыя картушы.

Адноўлены гадзіньнік на вежы Будслаўскага касьцёлу
Адноўлены гадзіньнік на вежы Будслаўскага касьцёлу

2 і 3 ліпеня на YouTube канале Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай будзе весьціся жывая трансьляцыя фэсту.

Праграма Будслаўскага фэсту-2021

2 ліпеня, пятніца

  • 12:00 — сьвятая імша, цэлебрацыю ўзначальвае біскуп Юры Касабуцкі
  • 15:00 — Вяночак да Божай Міласэрнасьці
  • 18:00 — сьвятая імша для пілігрымаў, цэлебрацыю ўзначальвае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
  • 20:00 — жывы Місійны ружанец
  • 23:30 — працэсія са сьвечкамі і копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай

3 ліпеня, субота

  • 0:00 — сьвятая імша ў інтэнцыі адбудовы Будслаўскай святыні, цэлебрацыю ўзначальвае старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч
  • 8.45 — Фацімскі ружанец, праводзіць «Легіён Марыі»
  • 10.00 — сьвятая імша, цэлебрацыю ўзначальвае Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

На заканчэньне сьвятой імшы адбудзецца эўхарыстычная працэсія.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG