Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка ператварыўся ў донара нестабільнасьці». Шрайбман пра пошук ворагаў народу і стратэгію пераменаў


Арцём Шрайбман

Чым тлумачыцца новая хваля «тэрарыстычных» справаў у Беларусі? Ці «купяць» гэтыя «выкрыцьці» ў Расеі? Як будзе рэагаваць Захад? Як жывецца ў Кіеве эмігранту-аналітыку? Ехаць беларусам ці заставацца?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Шрайбман

  • Лукашэнку ў тэрапэўтычных мэтах — для сваіх прыхільнікаў, для сілавікоў, для самога сябе — увесь час трэба ствараць атмасфэру пагрозы нападу, прычым нападу тэрарыстычнага.
  • Гэта апраўданьне ўсяго, што рабілася на працягу апошняга году, маўляў, разумееце, чаму трэба было гэтую «жэсьць» ладзіць.
  • Фактычны бок тут аналізаваць бессэнсоўна, ён тут такі ж, як у джыпе, які спрабаваў прарвацца празь мяжу 4 гады таму і так і не прарваўся.
  • Усе падобныя «змовы» абмяжоўваюцца размовамі ў маскоўскіх рэстарацыях.
  • Напэўна, сілавікі ўбачылі перапіскі ў чатах, у якіх, магчыма, абмяркоўваліся нейкія падобныя сцэнары.
  • Некаторыя зь іх відавочна нерэалістычныя, скажам, напад на расейскі вузел сувязі ў Вілейцы, які ахоўваецца расейскімі вайскоўцамі.
  • Калі ўладам спатрэбіцца апраўдаць увядзеньне ваеннага становішча, можна будзе спаслацца на тое, што ўвесь час ускрываюцца тэрарыстычныя ячэйкі — Аўтуховіча, Фядуты-Зянковіча, цяпер вось новыя.
  • Абсурднасьць «Ніка і Майка», дзясяткаў джыпаў з кулямётамі, цяперашнія «выкрыцьці» — гэта нібыта тэст на ляяльнасьць для сваіх прыхільнікаў.
  • А я зараз выдумаю, што мяне іншаплянэтнікі хацелі зрынуць, і вы ў гэта таксама паверыце — нібыта кажа Лукашэнка.
  • У Расеі над гэтымі «выкрыцьцямі» пасьмяюцца. Іншая справа, як гэта будуць публічна камэнтаваць.
  • Паколькі наўпрост Расеі гэта ня тычыцца, то магчыма, і ня будуць там ніяк камэнтаваць, каб не зганьбаваць сябе.
  • Імаверна, што адрасат гэтых заяваў — Расея.
  • Яму трэба дэманстраваць Расеі, што ён — самы антызаходні з магчымых кіраўнікоў Беларусі.
  • Здаецца, што падобныя заявы зьяўляюцца, калі ў адносінах з Расеяй насамрэч ня ўсё так гладка.
  • Я ня ведаю, як Лукашэнка ўспрыняў тое, што Пуцін не прыехаў на форум рэгіёнаў, хаця былі анонсы, што прыедзе.
  • Ёсьць падставы лічыць, што Лукашэнка зараз імкнецца любым рэпутацыйным коштам дэманстраваць ляяльнасьць да Расеі.
  • Улада як бы гаворыць: пакуль Захад уводзіць санкцыі, мы будзем біць грамадзянскую супольнасьць.
  • Ці быў загад на арышт Кузінай і Касьцюговай адказам на санкцыі, але ён у рэчышчы лёгікі — мы ня спынім рэпрэсіі, каб не выглядаць слабымі.
  • На Захадзе прайшоў час, калі Лукашэнка ўспрымаўся, як партнэр для дыялёгу, на ім, як на суразмоўцы, паставілі крыж.
  • Падыход Захаду ўжо ня зьменіцца, як бы ён не рэпрэсаваў сваё грамадзтва.
  • Размовы пра тое, што Лукашэнка проста такі своеасаблівы, што трэба ўлічваць яго інтарэсы, што ён нечага гарант — яны на Захадзе больш не працуюць.
  • Яго сыгналы — яны ўсе міма, няма жаданьня пэцкацца аб кантакты зь ім.
  • Эўрапейцы і амэрыканцы адкрыта гавораць, што Лукашэнка робіцца надта дарагім для Пуціна.
  • Гэта іх разьлік. Я ня ведаю, ці спрацуе ён, але гэта адзіны іх разьлік.
  • Што тычыцца сэктаральных санкцыяў, то там матыў яшчэ больш утылітарны — ён у тым, каб падвысіць цану за дзеяньні кшталту прымусовай пасадкі самалёту.
  • Каб які-небудзь прэзыдэнт Філіпінаў ведаў, што яму будзе за захоп самалёту ў палітычных мэтах.
  • У апошніх санкцыях я бачу мала клопату пра правы чалавека, бо яны не былі мэтай.
  • Ёсьць шмат краінаў на Зямлі, дзе Захад правы чалавека менш турбуюць, чым у Беларусі.
  • Можна паглядзець на Азэрбайджан, на Савудаўскую Арабію — на краіны, важныя для Захаду эканамічна ці палітычна.
  • Ёсьць пул краінаў, адносна якіх Захад можа дазволіць сабе каштоўнасны падыход.
  • Пасьля інцыдэнту з Ryanair беларускі крызіс перастаў быць унутранай праблемай, а стаў рэгіянальнай праблемай.
  • Літаральна за адзін дзень Лукашэнка ў вачах ЭЗ ператварыўся з донара стабільнасьці ў донара нестабільнасьці.
  • І таму важна было ўключыць супраць яго мэханізм стрымліваньня.
  • Дэстабілізацыя Лукашэнкі, вывядзеньне яго з раўнавагі, і падвышэньне яго цаны для Расеі — гэта тыя сцэнары, у межах якіх санкцыі могуць спрацаваць.
  • Даволі дзіўна папракаць ЭЗ за тое, што ён ужыў тое адзінае, што было ў яго ў арсэнале.
  • Абмен сыгналамі ідзе. Крыніцы пацьвярджалі інфармацыю Франака Вячоркі, што напярэдадні ўвядзеньня санкцыяў беларускія дыпляматы казалі заходнім партнэрам, што плянуецца перавод пад хатні арышт ня толькі Пратасевіча і Сапегі, але і некаторых іншых палітвязьняў.
  • Мне здаецца, што зараз нават амністыя, якую ўлады рыхтавалі праз прашэньні аб памілаваньні, можа быць адкладзеная.
  • Адразу пасьля ўвядзеньня санкцыяў саступаць — гэта не па-пацанску.
  • Пакуль беларускія ўлады ня зробяць нечага экстраардынарнага кшталту захопу самалёту, скажам, калі б колькасьць нелегалаў пайшла на тысячы, калі б пачаліся правакацыі супраць дыпляматаў у Менску, Эўразьвяз рутынна будзе пашыраць пэрсанальныя санкцыі.
  • Напрасіцца на санкцыі новага ўзроўню Менск можа толькі дзікунствам новай якасьці.
  • Літва можа ў аднабаковым парадку спыніць транзыт калійных угнаеньняў, бо ён ідзе менавіта празь яе.
  • Я ва Ўкраіне знаходжуся ў стадыі адаптацыі.
  • Я не назваў бы свой ад’езд драматычным.
  • Ён быў драматычным у тых, хто бег ад сілавікоў, якія гналіся за імі па пятах, хто зьбег з «хіміі».
  • Я дагэтуль не разумею, мяне ўпусьцілі ці выпусьцілі.
  • Пры жаданьні можна было мяне затрымаць да выхаду ў эфір інтэрвію з Пратасевічам.
  • У Кіеве вельмі шмат беларусаў, і дыяспара імкліва расьце, першы ўсплёск быў улетку і ўвосень летась, а другая хваля — увесну сёлета, пасьля хвалі рэпрэсіяў адносна СМІ.
  • Я не адчуваю, што трапіў у чужую краіну.
  • Камфортнае моўнае асяродзьдзе, хаця і зусім іншы народ.
  • Вы, Юры, калісьці напісалі, што беларусы і ўкраінцы — гэта ўсходнеславянскія немцы і італьянцы. Гэта так і ёсьць.
  • Беларусы і ўкраінцы знаходзяцца на розных канцах спэктру, дзе на адным баку анархія, а на іншым — парадак.
  • Беларусу карысная ўкраінская тэрапія, каб адвучыцца ад празьмернага пераходу дарогі толькі на зялёнае сьвятло, нават калі дарога пустая.
  • Я невыпадкова выбраў Украіну як самую блізкую мэнтальна з даступных.
  • Калі я жыў у Англіі, я адчуваў, што там грамадзтва закрытае для несваіх.
  • Англійскія супольнасьці даволі закрытыя, там ёсьць такая выспавая мэнтальнасьць. Як мне здаецца, ва Ўкраіне нічога падобнага няма.
  • Я і ў Беларусі не цэнзураваў сябе, я ня думаю, што мой тон памяняецца ў сувязі з пераездам.
  • Але ў апошнія месяцы ў Беларусі сапраўды атмасфэра пачала згушчацца, стала зразумела, што асноўная мэта — гэта зачыстка мэдыя, аналітычнай супольнасьці.
  • І пры ўсёй памяркоўнасьці маёй лексыкі я задумваўся аб наступствах сваіх словаў, чаго мне ня трэба рабіць у Кіеве.
  • Што рабіць — я сабе парадаў не дазваляў і ў Беларусі. А з сытуацыі бясьпекі нешта раіць тым, хто ў небясьпецы — гэта маральна сумніўны занятак.
  • Я заўсёды казаў, што трэба рабіць тое, за што табе ня будзе сорамна.
  • Я ня ведаю, якая тактыка ў Беларусі сёньня працуе на набліжэньне пераменаў — ахвярнасьць ці перачэкваньне.
  • Магчыма, сёньня трэба захаваць сябе жывымі і здаровымі. Пра гэта Зьміцер Дашкевіч сказаў у адным зь інтэрвію.
  • Бываюць часы, калі трэба захаваць сябе.
  • Магчыма ўва мне гаворыць мая габрэйская палавіна, але чалавечае жыцьцё — гэта самае важнае.
  • Сям'я важнейшая за радзіму – я сыходжу з гэтага прынцыпу і не лічу сябе непатрыётам.

Што было раней

  • 2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстым сходзе ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці сказаў, што была ўчыненая спроба забойства журналіста СТВ Рыгора Азаронка.
  • Таксама ён сказаў, што ў Беларусі «выкрытыя сьпячыя тэрарыстычныя ячэйкі», да якіх датычныя Нямеччына, ЗША, Украіна, Польшча і Літва.
  • Ён загадаў цалкам перакрыць мяжу з Украінай, бо нібыта адтуль паступае «велізарная колькасьць зброі».
  • Паводле Лукашэнкі, выяўленыя ў Беларусі «сьпячыя» тэрарыстычныя ячэйкі спрабавалі падарваць вузел сувязі Вайскова-марскога флёту Расеі ў Вілейцы, цытуе Інтэрфакс.
  • Лукашэнка дадаў, што абмяркоўваў гэтую падзею падчас апошняй тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
  • Паводле Лукашэнкі, тыдзень таму на мяжы з Літвой быў перахоплены беспілётнік, да якога была прывязаная каністра з выбухоўкай, яго абясшкодзілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG