Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін абяцаў Назарбаеву знайсьці і вярнуць парэшткі казахскага хана, які змагаўся за незалежнасьць ад Расеі


Помнік Кенесары-хану ў Нурсултане

Прэсавы сакратар былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева распавёў, што Назарбаеў падчас сустрэчы 30 чэрвеня з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным папрасіў Пуціна знайсьці і вярнуць у Казахстан «сьвяты артэфакт казахскага народу» — парэшткі хана Кенесары.

«Падчас перамоваў Нурсултан Абішавіч папрасіў прэзыдэнта Расеі паспрыяць гэтаму працэсу. Елбасы (афіцыйны тытул Назарбаева — РС) асабліва падкрэсьліў, што для казахскага народу вельмі важна, каб парэшткі апошняга хана былі пахаваныя на роднай зямлі і яго душа знайшла супакой... Па словах Пуціна, артэфакт будзе знойдзены і вернуты народу Казахстану», – паведаміў прэсавы сакратар Назарбаева.

Хан Кенесары ў сучасным Казахстане шануецца на дзяржаўным узроўні як лідэр нацыянальна-вызвольнага руху казахаў у 1837-1847 гадах за незалежнасьць ад Расейскай імпэрыі, але ў савецкай і расейскай гістарыяграфіі Кенесары характарызаваўся як кіраўнік руху, накіраванага на адрыў Казахстану ад Расеі.

У 1847 году Кенесары быў захоплены на тэрыторыі сучаснага Кіргізстану пасьля таго, як уварваўся туды з 15-тысячным войскам. Яму адсеклі галаву, якую кіргіскі хан Армон перадаў у падарунак генэрал-губэрнатару Сыбіры Гарчакову — на знак падданства.

Сярод казахстанцаў ёсьць меркаваньне, быццам галава Кенесары захоўваецца і па сёньня ў Кунсткамэры або Эрмітажы ў Санкт-Пецярбургу. Генэральнае консульства Казахстану адпраўляла афіцыйны запыт на гэтую тэму ў Кунсткамэру ў 2004 годзе, але там адказалі, што такога экспанату ў музэі няма.

  • У Беларусі ўлады ня вельмі клапоцяцца аб перапахаваньні на радзіме сваіх славутых землякоў. Калі ў пазамінулым годзе ў Вільне былі знойдзеныя парэшткі Кастуся Каліноўскага — аднаго зь лідэраў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863-1864 гадоў – беларускія ўлады нават не прапаноўвалі Літве перадаць парэшткі нацыянальнага героя ў Беларусь для пахаваньня. Прах Каліноўскага быў пахаваны ў Вільні, дзе ён быў пакараны сьмерцю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG