Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі адкрываецца 74-ы Канскі кінафэстываль. Што пакажуць


Чырвоная дарожка ў Канах чакае гасьцей

Міжнародны Канскі кінафэстываль, які з прычыны пандэміі пройдзе ўпершыню ад 2019 году, адкрываецца сёньня на Блакітным беразе Францыі.

У асноўнай конкурснай праграме 24 фільмы.

Першым фільмам, які пакажуць гасьцям фэстывалю, будзе праца францускага рэжысэра Лео Каракса «Анэт» — пра стэндап-коміка, жонка якога, опэрная сьпявачка, памірае. У героя застаецца двухгадовая дачка зь незвычайным дарам. Гэта адзін з найбольш чаканых эўрапейскіх кінапраектаў.

Сярод фаварытаў фэстывалю таксама:

  • Фільм галяндца Пола Вэрховэна «Беззаганная панна». Гэта экранізацыя дакумэнтальнага бэстсэлера Джудыт К. Браўн «Нясьціплыя ўчынкі. Жыцьцё манахіні-лесьбіянкі ў Італіі эпохі Адраджэньня» (1986). Жанр фільма характарызуюць як эратычны трылер.
  • Карціна рэжысэра з Тайлянду Апічатпонга Вірасэтакуна «Мэморыя». Гэты фільм здымаўся ў Калюмбіі і, паводле самога рэжысэры, «дасьледуе каляніяльную гісторыю і тое, як калектыўная памяць можа прывесьці да страху».
  • фільм расейскага рэжысэра Кірыла Сярэбранікава «Пятровы ў грыпе» расказвае пра гісторыю сям’і, і без таго заблытанае жыцьцё якой перавярнула хвароба.
  • сярод прэтэндэнтаў на «Залатую пальмавую галінку» таксама «Францускі весьнік» амэрыканца Ўэса Андэрсана, карціны з ЗША Шона Пэна «Дзень сьцяга» і Шона Бэйкера «Чырвоная ракета»; «Герой» Асгара Фархадзі, фільмы Франсуа Азона, Нані Марэці і іншых вядомых майстроў.

Украінскі рэжысэр беларускага паходжаньня Сяргей Лазьніца ў рамках «адмысловага паказу» прадставіць стужку «Бабін Яр. Кантэкст». Гэта мантажная карціна, зьлепленая з фрагмэнтаў кронікі трагедыі Другой сусьветнай вайны. Вядома, што Лазьніца шмат гадоў працуе над праектам гульнявой карціны пра Бабін Яр, які таксама быў замарожаны з прычыны каранавірусу. Фільм Лазьніцы «У тумане» паводле аповесьці Васіля Быкава ўдзельнічаў у Канскім фэстывалі ў 2012 годзе і атрымаў адмысловы прыз.

  • З прычыны пандэміі падчас фэстывалю будуць дзейнічаць захады бясьпекі: госьці мусяць трымаць сацыяльную дыстанцыю і заўсёды насіць мэдычныя маскі.
  • Міжнародны Канскі кінафэстываль праходзіць штогод ад 1946 у Палацы фэстываляў і кангрэсаў на набярэжнай Круазэт.
  • У 2020 годзе 73-і фэст не адбыўся праз пандэмію. Фільмы паказалі на восеньскіх кінафэстывалях у Таронта, Сан-Себасьцьяне, Ангулема, Вэнэцыі, Нью-Ёрку, Давіле, Пусане і Ліёне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG