Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлеканал UA пракамэнтаваў забарону на трансьляцыю ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота

Рэдакцыя ўкраінскага тэлеканалу заявіла, што зьвязвае забарону «са спробай рэжыму Лукашэнкі ўзмацніць цэнзуру».

6 ліпеня Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь анулявала дазволы на трансьляцыю на тэрыторыі краіны двух украінскіх тэлеканалаў — UA-TV і Kvartal TV. Адміністрацыя UA-TV пракамэнтавала такое рашэньне беларускага ведамства.

UA-TV разам з каналам «Дом» уваходзіць у дзяржаўнае прадпрыемства «Мультымэдыйная плятформа іншамоўленьня Ўкраіны». На канале заявілі пра несапраўднасьць апублікаванай беларускім Мінінфармам інфармацыі пра нібыта недапушчальную рэкляму. У Кіеве заявілі, што ня маюць рэклямных блёкаў у этэры; там мяркуюць, што забарона на трансьляцыю зьвязаная выключна з палітыкай Лукашэнкі.

«Забарону на трансьляцыю ўкраінскага тэлеканалу UA мы зьвязваем са спробай рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ўзмацніць цэнзуру ў Беларусі, забараніць уласным грамадзянам даведвацца навіны на расейскай мове з Украіны. На жаль, барацьба з журналістамі, перасьлед СМІ і апазыцыі — гэта рэчаіснасьць сёньняшняй Беларусі», — падкрэсьлілі на канале.

Разам з тым там дадалі, што для рэдакцыі важна падтрымліваць сувязь зь беларускай аўдыторыяй, таму канал павялічвае колькасьць інфармацыі пра сытуацыю ў Беларусі.

«Забарона на вяшчаньне, абвешчаная рэжымам Лукашэнкі, наўрад ці паўплывае на даступнасьць нашага кантэнту — мы бачым усё большую колькасьць запытаў ад Беларусі як на сайце, так і на нашых каналах YouTube».

UA-TV — украінскі тэлеканал для замежнага паказу. Трансьляцыя вядзецца пяцьцю мовамі: украінскай, расейскай, ангельскай, арабскай і крымскататарскай. У Беларусі канал трансьляваўся па-расейску, беларуская аўдыторыя стабільна ўваходзіла ў топ-5 па колькасьці праглядаў праграм.

Таксама 6 ліпеня Мінінфарм Беларусі забараніў трансьляцыю ўкраінскага забаўляльнага каналу Kvartal TV, які часткова належыць дзейнаму прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму.

Раней Нацыянальная рада Ўкраіны ў пытаньнях тэлевізіі і радыёвяшчаньня выключыла тэлеканал «Беларусь 24» зь пераліку замежных праграмаў, зьмест якіх адпавядае патрабаваньням Эўрапейскай канвэнцыі аб трансьмежавай тэлевізіі і заканадаўству Ўкраіны.

Падставай стала разьмяшчэньне ў этэры беларускага каналу «аўдыёвізуальных твораў, забароненых для дэманстрацыі на тэрыторыі Ўкраіны, фільмаў з удзелам актораў, уключаных у пералік асобаў, якія пагражаюць нацыянальнай бясьпецы, а таксама распаўсюд непраўдзівай інфармацыі пра ўкраінскую дзяржаву».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG